Навіну пра смерць 33-гадовага Дзяніса Васільева 1 снежня распаўсюдзілі курдскія СМІ. Ураджэнец Беларусі быў забіты ў баі на іракска-сірыйскай мяжы, куды выйшлі курды пры падтрымцы сілаў ЗША пасля вызвалення горада Сінджар.
Курды назвалі Васільева «чачэнцам з Беларусі» і ўдакладнілі, што «адным аўстрыйскім тэрарыстам стала менш», бо забіты меў від на жыхарства ў гэтай краіне.
Дзяніс Васільеў атрымаў прытулак у Аўстрыі дзесяць гадоў таму. Ён пасяліўся ў Брэгенцы, сталіцы федэральнай зямлі Форарльберг. Гэта горад на захадзе краіны, на самым беразе Бадэнскага возера.
«Амаль дзесяць гадоў гэты чалавек жыў у Форарльбергу, меў электронную картку, наведваў стаматолага, браў удзел у мерапрыемствах. Цяпер Дэні Васільеў памёр», — піша аўстрыйская газета Vorarlberger Nachrichten.
Сярод дакументаў, знойдзеных пры забітым — электронныя карткі, візітоўка стаматолага ў Брэгенцы, пасведчанне кіроўцы аўтакрана, сім-картка, а таксама картка стамбульскага гатэля. На ёй ад рукі зроблены надпіс на рускай мове.


На ідэнтыфікацыйных картках забітага яго імя напісанае па-рознаму. На адной ён Дзяніс Васільеў (Dzianis Vasilyeu) у беларускай транслітэрацыі, на іншай – Дэні Васільеў (Deni Vasiljev). Гэта надпіс зроблены ў расійскамоўнай транслітэрацыі.

Васільеў нарадзіўся 9 жніўня 1982 года ў Гродне. У 2004 годзе ён папрасіў прытулак у Аўстрыі.
У 2010 годзе імігрант трапіў на старонкі газет. Яго сфатаграфавалі ў форме памежніка як удзельніка дня бежанца. На фотаздымку ён падпісаны як вахцёр. Аўстрыйскія СМІ тады называлі яго Дэні Васільеў (Deni Vasiljev).
Ён фігураваў у прэсе як асоба, якая шукае прытулку. У наступныя гады Васільеў атрымаў у Аўстрыі від на жыхарства.
У тым жа 2010 годзе ён скончыў курсы кіроўцаў аўтакранаў і пагрузчыкаў, прычым вучыўся бясплатна, за кошт аўстрыйскай кампаніі.
«Гэтая ініцыятыва заклікана дапамагчы ў пошуках працы тым, хто шукае прытулку, дазволіць ім адчуваць сябе як дома. Амаль ва ўсіх выпадках гэта працуе. Але не ў выпадку Дзяніса Васільева», — падсумоўвае аўстрыйская газета.
Курдскія СМІ адзначаюць, што ён прыехаў у Турцыю з Германіі. Спыніўшыся ў гатэлі ў Стамбуле, Васільеў неўзабаве накіраваўся ў Сірыю праз кавалак мяжы, кантраляваны Турцыяй і Ісламcкай дзяржавай. З Сірыі ён адправіўся ў Ірак, дзе ў 2014 годзе далучыўся да баявых дзеянняў.


Каментары