Літаратура77

Франц Сіўко. Заходнікі, Караткевіч, лёкаі… — рэфлексіі

Запісы Франца Сіўко.

Толькі цяпер, праз гады, пачынаеш дарэшты ўсведамляць усю жахлівасць паднявольнага стану землякоў­-заходнікаў пачатку савецкае эры. Асабліва маладзейшых, тых, што толькі­-толькі пачыналі, як, напрыклад, бацькі мае і іх аднагодкі, на той час убірацца ў сілу. Прыйшлі чужаніцы, панакідвалі людзям на шыі хамуты, ператварылі ў рабоў. Спадзяванні, мары, дзедаўскія­бацькоўскія традыцыі і звычкі — усё на злом, у сметніцу, на ўзвей вецер. Узамен — мацюкі, хамства, п’янства. Дык і не дзіва, што ў цесным куточку густанаселеных яшчэ вёсак, бывала, што ні год — самазабойцы­-вісельнікі. Смерць быццам і не наўпрост, бо як­ніяк добраахвотная, і ўсё адно пад ціскам абставінаў жорсткае, нечалавечае безнадзейнасці.

* * *

Згадкі гараджанаў пра гады ўласнага маленства для іх вясковага аднагодка — часта карціны іншасвету. Два лады жыцця, дзве абсалютна розныя яго выявы ва ўлонні аднаго і таго ж дзяржаўнага ўладкавання. Але ці варта гэткую велізарную рознасць спісваць на адно толькі ўладкаванне? Што наракаць на хібы ўладкавання, калі чалавек іх прычынаю і з’яўляецца.

* * *

Літаратура факта нярэдка нават больш далёкая ад праўды жыцця, чым расквечаная бурнай фантазіяй аўтара белетрыстыка. Факт накладваецца на факт, а ў выніку праўда калі і атрымліваецца, дык надта ж ужо кульгавая, аднабокая. Чым такая праўда, то лепш ужо складная прыдумка. Тым больш што сучбелліту, як яго абзываюць, відавочна не хапае белетрыстыкі. Затое з каптуром, аж зашмат, — нарысістыкі. Якая, хай сабе і найстыльная, і найвыбітная — аднак жа не мастацкая літаратура, а хутчэй журналістыка. Эгацэнтрычная, і часам адно хіба самім аўтарам і цікавая жвачка.

* * *

Эсэ Л. Гіршовіча «In institiam» («Супраць справядлівасці») у «Іностранной літературе». Дасціпная, як заўсёды ў гэтага аўтара, чытанка, хоць месцамі крыху і цьмянаватая. Да таго моманту прывабная, як пачынаецца жаванне гэтак сёння моднай тэзы «пакаранне смерцю — гэта, безумоўна, дрэнна». З аднаго боку, быццам аргументавана, з другога — пуста і тхліва, як у парожняй дзяжы з­-пад селядца. Так шмат у развагах аўтара чалавекалюбнае слушнасці, і так яна, тая салодкая слушнасць, нагадвае манераю падачы запабежлівыя разважанні суайчыннікаў пра нафту і газ падчас колішняга рэферэндуму аб лёсе Саюза і роднай мовы, што і ахвота чытаць неяк увобміг знікае.

* * *

Калісьці таксама хацелася выгукнуць: ай ды Джойс, ай ды сукін сын! А сёння ўжо такое эмацыйнае сведчанне прыязнасці да аўтара іначай як жаданне быць залічаным да сакрэтаў звышвысокага з чыіх бы то ні было вуснаў не ўспрымаецца. Канечне, у ложку пагартаць перад сном тыя дублінскія блуканні няблага, але чытаць ад пачатку да канца — не, ужо дзякуй. І апошніх акордаў фізіялагічна-­занатурлівага патоку свядомасці бздлівай Молі Блум дастаткова.

* * *

Напэўна, ніводнае кніжкі гэтак утрапёна, з гэткаю асалодаю не чыталася, як калісьці, год трыццаць таму, «Кірмаш выхвальства» Тэкерэя. Уранні прачнешся, і першае, што ў голаў прыходзіць, — пра тую чытанку міжвольная згадка. Да таго дайшло, памятаецца, што, перш чым адкласці фаліянт да наступнае раніцы, непрачытаныя старонкі лічыў: каб жа хоць надалей хапіла, хаця б не скончыліся дачасна, перш чым душа здаволіцца.

А вось сярод твораў літаратуры, што так і не асіліў за жыццё, — «Стары і мора». Сцверджанне сябе праз перамогу над іншаю, хай сабе і такою бязмоўнаю, як рыбіна, істотаю — зусім не маё. Гвалціць жа сябе, пнучыся не выпасці з шэрагаў гурманаў ад літаратуры, — ці варта высілкаў? 

* * *

Прорва паміж прадстаўнікамі уладнага бамонду і іхнімі рускамоўнымі палітычнымі, нават і самымі быццам бы непрымірымымі, апанентамі не такая ўжо велізарная, калі глядзець на яе ў пэўным ракурсе. Агульную светапоглядную рысу — глыбіннае, унутраное русафільства, — што першых, што другіх, як бы яны ад яго самі прылюдна ні адхрышчваліся, — з вагаў не скінеш. Гэта найперш і менавіта тое сутнаснае, што дае падставу нават не самым упёртым нацыяналістам не лічыць ні тых, ні гэтых за сваіх. Не свае. Калі і не дарэшты чужыя, дык усё адно — чужаватыя. І няхай пырскаюць слінаю, даводзячы сваю дэмакратычную выключнасць, а разам тваю зацятую абмежаванасць, няхай злуюць на такую пазіцыю — іх справа.

* * *

Як добра, што імпэтам да вершаскладання Бог не адарыў. З такім прозвішчам ды ў паэты — вось быў бы анекдот. А як пры прозе, дык быццам бы і нічога, і можна цярпець. У спалучэнні з нямецкім імем эклектычна, канечне, ды дзе там той гармоніі на ўсіх набярэшся. Тым больш, што і горш у людзей бывае. Вунь у аднаго крытыка, на шматгадовае даўніны допіс якога датычна майго сціплага літдаробку не так даўно натыкнуўся ў сеціве, наогул прозвішча — дзіва дзіўнае. Як на мой густ, дык і зусім са званнем беларускага крытыка прозвішча несумяшчальнае, бо нядобрыя, звязаныя з дзеямі сумнавядомых Бэндэ ці Кучара асацыяцыі выклікае. Гэтак не стары яшчэ чалавек з­за дробязяў раздражняецца, гэтак зацята дурноццем на мяжы даносаў няшчасную айчынную дэмакратычную медыяпрастору поўніць.

* * *

Лёкайства — гэта не толькі перад уладаю поўзанне. Але і перад любою сілаю, перад нахабствам, перад уганараванасцю таксама. Перад апошнім — асабліва брыдкае, бо, як правіла, добраахвотнае. Прыроджанае. Магчыма, спадчыннае, а магчыма — выхаванае, але гэта ўжо не так і важна. 

* * *

У Караткевіча: «Чорны… памёр у каменных джунглях, змучаны безграшовасцю, крытыкамі, уціскам цэнзуры, знявечаны фізічна трыцаць сёмым годам — хай гэтаму году і тым, хто рабілі гэты здзек з сапраўдных, — вечная ганьба і… помста». Ну як не паважаць Уладзіміра Сямёнавіча на фоне сённяшніх крывадушных заклікаў да даравання!

* * *

Караткевіч у адным з дзённікавых запісаў 1966 года: «… Так праходзілі дні. Кожны, чорт яго бяры, як крыж. Пэўна, здохну раней часу ад разліцця жоўці або інфаркту». У сувязі з гэтым узгадаліся словы блізкага сябра пісьменніка, актора Коласаўскага тэатра Андрэя Лабанка падчас аднае літаратурнае юбілейнае (ці не да 70-­годдзя Караткевіча) імпрэзы: «Ваярыў­ваярыў Уладзімір Сямёнавіч за гістарычную праўду, аж пакуль не здох дачасна!» Як гэта тады ўсіх уразіла­ўскалыхнула! Такое сказаць пра Караткевіча: здох! Але ж ведаў сябрук, што казаў, і ведаў, што ўзгадваць такое — не абраза памяці, не святатацтва, а толькі выраз належнага, з прысмакам непазбыўнае горычы, шкадавання. І расчаравання, напэўна.

* * *

Надзея надзеяй, а становішча з моваю, безумоўна, жахлівае. Хто працаваў калі­небудзь са студэнтамі нефілалагічных спецыяльнасцяў, той ведае ступень масавасці з’явы. Паўсеместра марнуецца на тое, каб збольшага пераадолець супраціў, непрыманне, а то і проста нянавісць. І гэта — пры выкладчыку, які (прашу прабачэння за нясціпласць) умее з моладдзю працаваць. І гэта — маладыя, на адрас якіх мы ўсё нейкія спадзевы спелім ды якіх паблажлівымі эківокамі адорваем. А разам з тымі спадзевамі ды эківокамі карт­бланш на ігнараванне грамадзянскага абавязку выдаем. І маладым, і сямейнікам сваім, і сабе самім, і г.д. — да бясконцасці.

* * *

Агульнавядома, што адною з прычын занядбання нашай мовы пасля шчаслівага перыяду бытавання ў ВКЛ у ролі дзяржаўнай з’яўлялася выцясненне яе ў вёску ў выніку засялення гарадоў польскім і яўрэйскім насельніцтвам і праз гэта — займенне статуса непрэстыжнай. Неяк вельмі ж яскрава нагадала пра тое нядаўняя паездка на літвыступленне ў Сянно. Усюды па школах — мова беларуская, а пад’едзеш бліжэй да абласнога цэнтра — і як у іншую дзяржаву трапляеш, гэтак усё зрусіфікавана. І думаеш міжволі: хіба вяскоўцу, хай сабе і адукаванаму, у негалоснай спрэчцы за мову з віцебскім баявітым філістэрам, што і законы ды правы свае гэтак дасканала ведае, і наогул, як кажуць, — «весь из себя», выйсці калі­небудзь пераможцам?

* * *

Неблагія хлопцы — пакуль на адлегласці ад улады. А як толькі трапяць ва ўладныя калідоры, так і пачнуць ператварацца ў пачвараў са свінскімі замашкамі. Пачнуць непазбежна, бо такі закон прыроды: належаць да чагосьці і адначасова не быць яго часткаю немагчыма. Нялюдскага, свінскага, якога адвеку так шмат у нашым грамадскім уладкаванні, у тым ліку.

* * *

Так доўга папікалі 85­-гадовыя бацькі 60-­гадовую дачку яе хваробаю, што аднаго разу, адчуваючы ўжо блізкі канец, не вытрымала, на чарговы закід старых, хто ж, маўляў, нас, як, барані Бог, раней за нас памрэш, пахавае, адказала: «А не трэба так доўга жыць!» І іх зразумець можна, і яе асуджаць не выпадае. 

* * *

У прыналежнасці да д’ябальскага атачэння ніхто прылюдна прызнацца не хоча. Нават калі па вушы ў тым атачэнні захрас. Нават калі даўно ўжо не тое што вухам ці вокам або языком — рогам унтэр­прышыбееўшчыны да ганебнага хаўрусу прычыніўся. Быць часткаю сілы, нават і відавочна гнюснай, — з задавальненнем, вось толькі каб як-­небудзь незаўважна, бокам, быццам ненаўмысна, быццам з-­пад палкі, з­-пад прымусу. Мілая асаблівасць калектыўнае свядомасці сучаснага беларуса. Другая, не менш мілая, — імпэту прылюдна ўслаўляць высокія маральныя каштоўнасці, а тым часам употай сябе ды сваіх любімых чадаў ад наследавання тым каштоўнасцям вызваляць.

* * *

У дзённіку за 1896 год Чэхаў узгадвае Фета, які, праязджаючы ў Маскве па Махавой, апускаў у карэце акно і пляваў на ўніверсітэт. Маўляў, «харкне і плюне: цьфу!» Фурман так прывык да гэтага, што кожны раз, едучы паўз універсітэт, знарок спыняўся.

Падобнае давялося чуць год дваццаць таму ў Віцебску датычна будынка аблвыканкама. Толькі не пляваў чалавек на той будынак, а адварочваўся ад яго. Такая, маўляў, гіда, такое паскудства гэты выканкам, што лепш бы вочы яго не бачылі. 

* * *

Калі знакі прыпынку — сродак сувязі слоў і словазлучэнняў у сказе, то ў Цвятаевай яны — часта сродак сувязі моўных адзінак і іх формаў, лагічна і сэнсава несумяшчальных. Рамесніцтва найвышэйшага кшталту, якое не на шаманстве грунтуецца, а на бездакорным узроўні моўнае інтуіцыі. Паказчык якой усё­такі — найперш дасканаласць сінтаксісу, а потым ужо ўсяго астатняга.

* * *

Усё мяняецца. Вось Зносак купалаўскі, Мікіта. Сёння ён, канечне ж, інакшы, як быў на пачатку мінулага стагоддзя. І мовамі, у тым ліку і сваёй, можа куды як дасканала валодаць, і з выгляду быць гэтак упаўне еўрапейцам, і нават акапацца ў творчасці — да прыгожага пісьменства мець сякое­такое, а то і самае непасрэднае дачыненне. А сутнасць — тая самая, несмяротная зносакаўская. Тая, што нават калі і не дэкларуецца наўпрост, міжволі з закуткоў душы не­не ды і вытыркаецца.

* * *

Дзеці на дварэ пры снегавіках — сведчанне адвечнага імкнення чалавека да стваральнага пачатку. Лепяць сабе і не думаюць пераймацца меркаваннем нейкае там адцягнена­-абстрактнае мэтазгоднасці. Лепяць, ахопленыя імпэтам штосьці вартае пабудаваць уласнымі рукамі, — немудрагелісты, як сама прырода наўкола, занятак.

* * *

Франц Сіўко. Пісьменнік. Нар. у 1953 у вёсцы Вята на Мёршчыне. Аўтар дзесяці кніг прозы. Жыве ў Віцебску.

Новая кніга прозы Франца Сіўко называецца «Плебейскія гульні». У ёй — тры аповесці: «Цымант», «Дзве вясны дзяцей Прыяпа» і «Плебейскія гульні». Набыць яе можна ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасці, 37а).

Каментары7

Цяпер чытаюць

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?26

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Усе навіны →
Усе навіны

ААЭ гатовыя дапамагаць ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў3

На Гомельшчыне ўжо пачалі адключаць ацяпленне — першымі ў краіне

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся спарткомплекс «Дынама». Кніжнага кірмаша там больш не будзе ФОТЫ1

Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана5

«Я заўсёды ведаў, што яны папяровы тыгр». Трамп заявіў, што разглядае магчымасць выхаду з НАТА12

«Усе гундзелі, бурчэлі». Лукашэнка расказаў, што ў войску былі незадаволеныя, што навучаць іх запрасілі вагнераўцаў7

МЗС Беларусі «пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы»

У жыхара Калінкавічаў знайшлі ў крыві рэкордныя 10 праміле алкаголю3

Расійскія ўлады абавязалі адправіць кантрактнікамі ў войска не менш за 2% студэнтаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?26

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць