Культура1010

Туалет тыпу дзірка ў падлозе і шалёны холад у зале: беларусы абмяркоўваюць, чаму з дрэс-кодам у тэатры будзе складана

Міністр культуры Руслан Чарнецкі нядаўна заявіў, што гледачы павінны прыходзіць у тэатр «як на свята». Ідэя пра дрэс-код выклікала актыўнае абмеркаванне.

Сцэна са спектакля «Ладдзя роспачы» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Фота: rtbd.by

Міністр Руслан Чарнецкі, які працягвае выступаць на сцэне і як акцёр, у эфіры тэлеканала АНТ выказаўся пра ўвядзенне дрэс-коду для гледачоў у тэатрах Беларусі.

«Людзі павінны разумець, што паход у тэатр — падобны да свята. Вельмі шмат народу працуе, каб стварыць гэтае свята для гледача — гэта, па-першае. Па-другое, гэта, напэўна, будзе выражэннем стаўлення да працы гэтых людзей», — сказаў Чарнецкі.

Адразу падтрымала Чарнецкага прапагандыстка БелТА Алена Елавік — рэдактарка аддзела газеты «7 дзён», што выходзіць пры дзяржаўным інфармагенцтве.

Яна апублікавала ў Threads фотаздымкі з аднаго з самых вядомых сусветных тэатраў La Scala. Маўляў, была ў міланскім тэатры оперы і балета некалькі гадоў таму — дык публіка там як у трамваі: «У вячэрніх уборах — лічаныя адзінкі. Прычым многія не здаюць верхняе адзенне, хоць гардэроб працуе выдатна. Паход у тэатр — падзея. Прынамсі, нас так выхавалі. І мы з сабой нават зменку бралі. Ды і сёння шмат хто гэтак жа робіць».

Ёй адказала Алена Маставенка, былая дырэктарка Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра: «Вы нагадваеце злосную бабку-«багамолку», якая шыпіць на маладых, калі тыя прыходзяць у царкву апранутымі не так, як хочацца гэтай бабцы. Я працавала дырэктаркай тэатра. І дакладна ведаю: няхай лепш чалавек прыйдзе глядзець спектакль у джынсах і майцы, чым увогуле не прыйдзе праз тое, што ў яго няма строгага касцюма ці вячэрняй сукенкі. Асабліва гэта датычыцца маладых людзей, у якіх няма набораў адзення на кожны выпадак жыцця. Хлеў — у галаве, а не ў джынсах».

Трэба адзначыць, што лайкамі прапагандыстку Алену Елавік падтрымалі 158 чалавек, а яе апанентку з сусвету тэатра — 2400 чалавек.

Актыўнае абмеркаванне ідэі дрэс-коду разгарнулася ў Threads тэатральнай блогеркі Юліі Шрамчанка. Былі галасы і «за», і «супраць».

Але аматары тэатра агучылі аб’ектыўныя прычыны, якія перашкаджаюць прытрымлівацца дрэс-коду.

«Вось я быццам бы «за». Але! У снежні прыйшла ўмерана прыбраная ў драмтэатр у Гродне. Яшчэ думала, можа, трэба было святочней. У антракце наведваю санвузел, а тамака ён па тыпе «дзірка ў падлозе». І як вось гэтым скарыстацца, будучы пры парадзе? У мяне не вяжацца гэта ў галаве: вячэрні ўбор, шпількі і «гэта», — напісала адна дзяўчына.

Яе падтрымала яшчэ адна тэатралка: «А як туалеты ў філармоніі? Ці ёсць петыцыя супраць гэтых негуманных выпадкаў пекла?».

Існуюць і іншыя праблемы: «Мы тут у студзені былі на спектаклях Рускага драматычнага ў Палацы прафсаюзаў. У залі стаяў такі жудасны холад, што большая частка народа сядзела ў футрах і пухавіках. А хацелі ісці ў святочным».

Блогерка Юлія пагадзілася: «Так, і ў Доме літаратара зімой заўсёды жудасна холадна. Святочны пухавік мець у гардэробе, імаверна, трэба? Да ўладальнікаў футраў пытанняў няма».

З холадам сутыкаюцца не толькі сталічныя тэатралы: «Хадзілі глыбокай восенню і напрыканцы зімы ў Віцебскі драматычны тэатр. Дубак такі, што прыйшлося ў антракце ісці ў гардэроб па вопратку. Усе сядзелі і стукалі зубамі. Вы пра які дрэс-код кажаце? Акцёрам усё роўна, хто і ў чым туды прыйшоў».

Дарэчы, праблему з тэмпературай у тэатрах прызнала нават прапагандыстка БелТА. Алена Елавік напісала: «У большасці нашых тэатраў вельмі цёпла. Але, канешне, бываюць выключэнні. У Доме афіцэраў, напрыклад, часта дубак. Вось у такім выпадку лепш, канешне, паклапаціцца пра здароўе. Сама нядаўна трапіла ў такую сітуацыю. У антракце пайшла ў гардэроб і забрала паліто. Так зрабілі і іншыя наведвальнікі».

Ёсць у жанчын і іншыя пытанні: «Паважаны міністр, а вы спрабавалі залазіць па высачэзных прыступках тралейбуса ў вячэрняй сукенцы? А калі дадаць галалёд і шпількі? І памножыць на тое, што пакеты (з ботамі) гардэроб не прымае? І ці гатовыя тэатры прымаць на вешалкі параднае футра без пяцелькі, бо ніводная пяцелька не вытрымлівае вагу доўгага футра?».

Каментары10

  • WC
    02.04.2026
    Перабор, у нас не тэатр, офісны будынак - грамадскае месца. Нармальныя унітазы, ёсць дэзынфектар, аднаразовыя накладкі, рукамыйнік у кабінцы, што зручна пры менструацыі. Прыбіральні чыстыя і дагледжаныя. Я не ўяўляю, як дзірка ў падлозе, у якую трэба патрапіць, пажадана, не абсікаўшы ні падлогі, ні ног (а калі на кукішках - то рызыкуеш ці абсікаць сукенку, ці абдацца вадкасцю знізу) можа быць зручней за магчымасць нармальна сесці на прадызенфекаваную ці аднаразовую сядушку чыстага ўнітаза. А яшчэ ёсць людзі з артрытамі, напрыклад. Мо там, дзе ўсё засцана, яно і зручней. Але як бачыў добрае, то дзірка і бруд выглядаюць дзікунствам.
  • TR
    02.04.2026
    А чем плох туалет дырка в полу? Вы что в Турции не были? Там ещё и туалетной бумаги нету (но всегда есть водичка).
  • Перабор
    02.04.2026
    WC, напольны ўнітаз зручнейшы за навісанне над унітазам для людзей, якія грэбуюць садзіцца на ўнітаз у грамадскіх месцах. Варыянт з рукамыйнікам і дэзынфектарам у асобнай кабінцы можа быць добрым для офіса, але не для тэатра, дзе гэта будзе значыць бясконцыя чэргі ў туалет. Зайсці ў кабінку, памыць рукі з мылам, прадэзынфецыраваць сядушку, памыць рукі з мылам, зрабіць справы, памыць рукі з мылам, выйсці з кабінкі - гэта зойме некалькі хвілін на кожнага чалавека.

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі16

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі лайкнуў камент «У Вольнай Беларусі Ціханоўская будзе сядзець за свае злачынствы»135

Няўдалая спроба пакарання смерцю Крысты Пайк. Што адбылося і што будзе далей?2

Мама забітай у Ізраілі беларускі: Прыгажосць ёй не прынесла шчасця5

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г8

Лукашэнка — Пашыняну: Ты дакладна вызнач, куды твой каньяк забяруць17

Лукашэнка ўдзячны Трампу за тое, што ён агаліў палітыку Захаду7

Двух беларусаў у Літве аштрафавалі на 419 тысяч еўра1

«Я пайшоў блукаць па горадзе ў пошуках сябе». Гутарка з беларусам, які летам на месяц знік у Каталоніі7

Акадэмія мастацтваў засталася без першага прарэктара

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі16

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць