Трэнер Мікалая Лукашэнкі: «Ён займаецца хакеем ужо пяты год, два разы на тыдзень»
Малодшы сын кіраўніка краіны Мікалай Лукашэнка займаецца хакеем ужо пяты год два разы на тыдзень. Паводле словаў яго трэнера, па ўзроўні ён не саступае хлопцам, якія гуляюць па пяць-шэсць разоў на тыдзень.

Мікалай Лукашэнка ўдзельнічае ў гарадскім этапе спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба». Ён выступае ў складзе моладзевай каманды Цэнтральнага раёна Мінска. Галоўная ўмова юнацкага турніру — удзел толькі аматарскіх моладзевых каманд.
15 лютага падчас гульні з камандай Савецкага раёна сталіцы Мікалай забіў чатыры шайбы, у тым ліку першую, і зрабіў дзве перадачы. Усяго каманда, за якую ён выступае, закінула дзевяць шайбаў.
— У нас у камандзе дазволена рэгламентам выступаць у «Залатой шайбе» дзецям, якія не заяўлены ў афіцыйных спаборніцтвах чэмпіянату Беларусі. Але ў школах яны займаюцца. То бок, у нас ёсць хлопцы, якія трэніруюцца ў дынамаўскай школе. Гэтыя дзеці займаюцца пяць-шэсць дзён у тыдзень. Мікалай практычна не саступае ім па ўзроўні, займаючыся ўсяго два разы на тыдзень. Пры гэтым ён рослы, фактурны, — адзначае трэнер Мікалая Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў.
Паводле слоў трэнера, калі б Мікалай Лукашэнка захацеў займацца хакеем прафесійна, то дасягнуў бы поспехаў.
— Але ён усё ж такі развіваецца рознабакова: вельмі выдатна грае на фартэпіяна, катаецца на горных і класічных лыжах, страляе ў біятлоне, валодае замежнымі мовамі, англійскай, — вельмі добра … Хакей проста адна з сфер яго развіцця. Яму вельмі падабаецца гуляць, але лепш, на мой погляд, і гэта была б мая парада яму, развівацца ў розных напрамках, чым у адным, — каментуе трэнер.
Мікалай Лукашэнка ўдзельнічае ў «Залатой шайбе» ўпершыню.
Каментары