Літаратура3030

Макс Шчур: Гляджу, што і як пішуць беларусы ў інтэрнэце — і ў мяне мала жадання вяртацца ў Беларусь

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — ляўрэат сёлетняй літаратурнай прэміі імя Гедройця Макс Шчур, беларускі пісьменьнік, які жыве ў Празе. Ён распавядае пра свае палітычныя погляды і захапленьне анархізмам, адказвае на пытаньне, каго зь цяперашніх беларускіх літаратараў лічыць найлепшымі, і тлумачыць, чаму ня мае жаданьня вяртацца ў Беларусь. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Некаторыя ўдзельнікі інтэрнэт-форумаў любяць пры абмеркаваньні нейкага чалавека задаць пытаньне — «А хто ўсе гэтыя людзі?». Паколькі вы досыць невядомы чалавек нават для чытачоў Радыё Свабода, то давайце і пачнём наша інтэрвію з высьвятленьня пытаньня, «хто вы такі».

— Я ўдзячны за гэтае пытаньне і такую яго пастаноўку. У любым выпадку лепей, каб я адказваў на яго сам, чым каб людзі карысталіся нейкімі спэкуляцыямі.

Я беларускі аўтар, які жыве за мяжой ужо амаль 20 гадоў і які ўсё жыцьцё займаецца літаратурай. Нягледзячы на ўсе перашкоды, якія паўсталі ў сувязі з маім ад’ездам, я імкнуся трымаць руку на пульсе і займацца сваёй улюбёнай справай.

— Што вас прымусіла пакінуць Беларусь і ці зьбіраецеся вы вярнуцца?

— Як у многіх маладых людзей — а мне тады было 20 гадоў — у мяне ўзьніклі цяжкасьці з жыцьцём у Беларусі. Ня толькі палітычнага пляну, праблемы з пэўнымі дзяржаўнымі органамі, але і экзыстэнцыяльнага, і псыхалягічнага пляну. У сытуацыі, у якую я трапіў, я чамусьці пастанавіў, што найлепш будзе вырашыць усе праблемы адным махам. Аднак гэтае рашэньне было вельмі спантаннае, а ня ўзважанае. Яно прымалася пад ціскам абставінаў, фактычна гэта былі ўцёкі. Сёньня, вядома, я б па-іншаму сябе паводзіў.

Аднак неабходнасьць зьехаць зь Беларусі насьпявала. Можа, нават калі б не было ціску на мяне з боку ўзгаданых органаў, усё адно рана ці позна так бы ўсё і скончылася. Пры канцы 90-х гадоў такім людзям, як я, жыць у Беларусі раптоўна стала нецікава, сумна, і па-свойму нават небясьпечна.

— Нагадаю, другая частка майго пытаньня — ці зьбіраецеся вы вяртацца ў Беларусь? Ці ёсьць для гэтага нейкія палітычныя і юрыдычныя перашкоды, ці яны пераважна маральна-псыхалягічныя?

— Пра палітычныя ня ведаю — магчыма, іх няма. Што тычыцца юрыдычных, то я не вялікі сябар бюракратыі, і за гэтыя гады так і ня здолеў нармальна аформіцца ў чэскага грамадзяніна. Але гэта пытаньне часу.

Што да псыхалягічных перашкодаў, то яны, вядома, ёсьць. Асабліва ў апошнія дні, калі я назіраю за тым, што адбываецца ў нас, што пішуць людзі, што і як кажуць у інтэрнэце, што абмяркоўваюць — калі я гляджу на ўсё гэта, у мяне досыць мала жаданьня вяртацца ў Беларусь.

— Многія беларускія пісьменьнікі маюць даволі выразныя палітычныя погляды. Напрыклад, Альгерд Бахарэвіч мае відавочна лібэральныя погляды, а Славамір Адамовіч знаходзіцца на процілеглым праварадыкальным флянгу. Хто вы паводле сваіх палітычных перакананьняў?

— Вельмі цікавае пытаньне. Я магу дакладна сказаць, што я ня правы. Мне нават па-свойму шкада некаторых нашых аўтараў, такіх, як Славамір Адамовіч ці Ўсевалад Сьцебурака. Яны заўжды мне падабаліся як аўтары, але пасьля таго як яны занялі пэўную палітычную пазыцыю, я крышку страціў да іх давер як да аўтараў. Шкадую пра гэта.

Вядома, што я ў маладосьці быў анархістам і супрацоўнічаў з «антыпартыйнай групоўкай» «Чырвоны жонд». Але гады мінаюць, чалавек мяняецца, і цяпер у мяне самыя розныя погляды па самых розных пытаньнях. Слушна было б сказаць, што я трымаюся левых пазыцыяў, можна сказаць, што я блізкі да сацыял-дэмакратыі. Калі казаць пра пытаньні тэарэтычныя, пра такія высокія рэчы, як свабоды чалавека ў прынцыпе — то я ўсё яшчэ шмат у чым застаюся анархістам, але з ухілам у бок анархічнага індывідуалізму, кшталту Макса Штырнэра. Гэта ўжо не зусім левы анархізм.

— Для большасьці беларускай публікі ваша імя стала вядомым менавіта ў сувязі з уручэньнем вам прэміі імя Гедройця. Ці разумееце вы, што ўвайшлі ў гісторыю беларускай літаратуры? Як хутка вы ўжыліся, зьмірыліся з гэтым фактам?

— Я надзіва хутка зь ім «зьмірыўся». Мне нават самому дзіўна. Недзе ў глыбіні душы я гэтага чакаў, але меркаваў, што гэта адбудзецца нашмат пазьней. І людзі, якія далі мне гэтую прэмію, напэўна, нават не ўяўляюць сабе, наколькі для мяне гэта важна, найперш псыхалягічна. Бо жыць так доўга за мяжой і фактычна ня мець практычна ніякай зваротнай рэакцыі ад чытачоў (акрамя тых людзей, зь якімі я знаёмы асабіста) — гэта вельмі складана.

І калі ўзяць гэтую прэмію і пакласьці яе на адну шалю, а на другую шалю — усё папярэдняе жыцьцё, напісаньне гэтага раману, то я думаю, што гэта будзе ўраўнаважана. І я ўспрымаю гэта як сатысфакцыю, як…

— …Як перамогу справядлівасьці?

— Так. Магчыма, гэта нясьціпла. Але для мяне гэта сапраўды перамога справядлівасьці.

— Ваш твор, які выйграў прэмію Гедройця, называецца «Завяршыць гештальт». Ці можна сказаць, што для вас гэты гештальт завершаны з атрыманьнем прэміі? Ці далей адкрываюцца новыя краявіды, дасяжныя мары?

— Так, ён для мяне абсалютна завершаны. Цяпер я адчуваю, што ня маю патрэбы нікому нічога даказваць. А таксама адказваць на пытаньне, хто я такі. У маіх творах — фактычна ўсе зьвесткі, якія могуць быць цікавыя чытачам у Беларусі. І мне хацелася б, каб людзі даведваліся пра маё жыцьцё, мае погляды менавіта з маіх кніг, а ня з мэдыяў.

А гештальт завершаны сапраўды. Цяпер у мяне адчуваньне, што ў мяне разьвязаныя рукі. У мяне цяпер няма патрэбы пісаць кнігі, каб некаму спадабацца. Я ў прынцыпе гэтага ніколі не рабіў, але ў выпадку з «Завяршыць гештальт» яно так трошку атрымалася. Бо я задумаў яе як актуальную кнігу, якая будзе мець адрасата. Выбар журы паказвае, што мне гэта ўдалося.

Калі браць пад увагу ўсе цяжкасьці з кнігадрукам у Беларусі, то, мне падаецца, больш справядліва казаць пра творы. І прэмія, якая ацэньвае выключна кнігі, трошку звужае сэгмэнт. Я, напэўна, нават не зьбіраюся далей публікаваць друкаваныя кнігі. Бо гэта надта дарагая асалода, і я думаю, што найлепш будзе публікавацца ў інтэрнэце, як я і рабіў да гэтага. Буду пісаць карацейшыя творы, якія мне бліжэйшыя па фармаце — апавяданьні, аповесьці — якія я да гэтага друкаваў толькі ў часопісах.

— Ці вы маеце нейкую градацыю, герархію сёньняшніх беларускіх літаратараў? Ці лічыце вы, што ёсьць пэўная розьніца паміж тым, як сёньняшняя публіка ўспрымае сучасных літаратараў, і тым, хто і як з творцаў трапіць у гісторыю літаратуры?

— Калі пачынаць з другой часткі вашага пытаньня — натуральна, такая розьніца ёсьць. Я думаю, 99 працэнтаў аўтараў, якія папулярныя ў свой час, зьнікаюць з культурнага кругагляду наступных пакаленьняў. Гэта трэба ўсьведамляць. Тое, што ў мастацтве актуальнае, досыць хутка фільтруецца з часам. Большасьць людзей, якія карыстаюцца пры жыцьці славай і посьпехам — як у песьні Боба Дылана, «першыя становяцца апошнімі», цытуючы Біблію. Вы пыталіся пра герархію сёньняшніх?

— Так, асабліва цікавае ваша меркаваньне, бо вы не далучаны да цяперашніх беларускіх літаратурных груповак і тусовак.

— Вядома, у мяне ёсьць свая асабістая герархія. Я ня маю прэтэнзіі на аб’ектыўнасьць. Але нейкай аб’ектыўнай герархіі ў нашай беларускай сытуацыі няма — бо, па-першае, мала чытацкай публікі, па-другое, мала талковых крытыкаў, шчырых і сумленных.

Мой прынцып у падыходзе да сучаснай літаратуры ў тым, што мяне найперш цікавяць аўтары, якія разглядаюць пісьмо менавіта як мастацтва, а не культурную індустрыю. Мае ўлюбёныя аўтары — выдатны аўтар Ільля Сін, потым Сяргей Прылуцкі, які часта піша пад псэўданімам Пістончык. Але, нягледзячы на нібыта несур’ёзнасьць ягонага пісьма — гэта вельмі таленавіты і досыць глыбокі аўтар. Далей — Югася Каляда, Ева Вежнавец, Ігар Бабкоў, моцная проза ў Уладзімера Някляева. Быў калісьці такі аўтар, цяпер амаль забыты — Лявон Вашко, ён вельмі цікава экспэрымэнтаваў з мовай.

Тое, што ў нас найбольш прыкметна на паверхні — гэта далёка не заўсёды адлюстроўвае стан літаратуры менавіта як галіны мастацтва. Большасьць з гэтага (вядома, я ня буду казаць пра ўсіх, бо многіх таленавітых аўтараў не назваў) — гэта не зусім мастацкая літаратура. Гэта проста бэлетрыстыка.

Шкада, што літаратура страціла свой мастацкі драйв, які мела яшчэ ў першай палове 20-га стагодзьдзя. Але гэта агульная сусьветная тэндэнцыя, і нічога з гэтым не паробіш.

Каментары30

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?1

Стала вядома, з кім згуляюць беларускія клубы ў другім раўндзе Лігі канферэнцый1

Саміт G7 скончыўся без заявы пра Украіну. Зяленскі і Трамп пакінулі яго датэрмінова4

Таямнічы фонд Лукашэнкі стварыў структуру ў Расіі4

«Месяц без працы — даражэй». Ці можна заплаціць $5 тысяч і атрымаць офер?1

«Лічу, што заслужыў права выказацца». Адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі вярнуў медаль і пайшоў ваяваць за Украіну10

У ЗША дактары адключылі ад апарата 31-гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме3

Ад іранскага ракетнага ўдару ў Ізраілі загінула сям'я з Украіны, якая прыехала лячыць сямігадовую дачку ад лейкеміі2

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць