Грамадства1919

«Рогі і капыты» ХХІ стагоддзя: як беларускія СМІ дапамаглі развесці банк HSBC на паўмільёна даляраў

Пачынаючы з 2013 года ў шэрагу СМІ пачалі з’яўляцца матэрыялы пра тое, як беларускія ўлады абкрадаюць замежных інвестараў. Тэксты грунтуюцца на гісторыі канкрэтнага чалавека — брытанскага бізнэсмена Аляксандра М., які «планаваў запусціць у Стаўбцоўскім раёне фабрыку па выпуску падручнікаў на крэдытныя сродкі брытанскага банка HSBC» (гаворка пра суму каля паўмільёна даляраў).

«У верасні 2011 года мы набылі ў Стаўбцоўскім раёне будынак былой школы, — цытавалі некаторыя СМІ прадпрымальніка. — У снежні мы аформілі права ўласнасці на нерухомасць і ўжо рыхтаваліся з мая 2012 пачаць неабходныя работы ўнутры будынка, але ў нашыя планы ўмяшаліся нейкія добрыя людзі з уладнай вертыкалі Мінскай вобласці, якія аддалі незаконны загад таемна дэмантаваць сістэму ацяплення гэтага будынка, і ў красавіку 2012 нашая маёмасць была фактычна разрабаваная».

Трэба сказаць, што цягам некалькіх гадоў на электронную пошту і «Нашай Нівы» прыходзілі лісты ад гэтага чалавека, але пасля праверкі інфармацыі Рэдакцыя не знайшла падставы для публікацыі.

Калі гэтыя лісты працягнулі ісці і ў 2016 годзе, мы вырашылі апісаць гісторыю інвестара, які сцвярджае, што «беларускія вертыкальшчыкі» скралі ў яго савецкія радыятары ацяплення, тым самым сарваўшы шматтысячны інвестпраект.

Аляксандр М., фота з сацсетак.

Аляксандр М. нарадзіўся і скончыў школу ў Беларусі. Калі быць дакладным, то бізнэсмен ён не брытанскі, а літоўскі — з такім грамадзянствам ён рэгістраваў у Беларусі фірму «Эй-Сі-Лімітэд» у 2011 годзе.

Заснавальнікам «Эй-Сі-Лімітэд» у сваю чаргу з’яўлялася зарэгістраваная ў Брытаніі кампанія Advance Chronicle Limited статутны фонд якой складае 1000 фунтаў (каля 2400 беларускіх рублёў).

Каб зарэгістраваць юрыдычную асобу ў Брытаніі, падданства Злучанага Каралеўства мець не трэба.

І вось гэтай Advance Chronicle Limited у 2011 годзе брытанскі банк HSBC выдаў крэдыт на інвестпраект у Беларусі.

Для атрымання крэдыту для такіх мэтаў трэба даць крэдыторам план — і М. прэзентаваў ідэю стварыць у Стаўбцоўскім раёне невялікую фабрыку па выпуску вучэбных дапаможнікаў для брытанскіх навучальных устаноў.

Калі грошы былі атрыманыя, М., выйграўшы конкурс «Мінскаблмаёмасці», выкупіў будынак былой школы ў вёсцы Пруды, дзе ён калісьці вучыўся.

Для разумення: гэта самы глухі кут Стаўбцоўскага раёна, каля Налібоцкай пушчы. Ніякіх працоўных кадраў з досведам паліграфічнай дзейнасці тут няма і быць не можа. 

Афіцыйна права маёмасці на будынак школы зарэгістраванае 21 кастрычніка 2011 года. Ад гэтага дня пачынаецца эпапея «брытанскага бізнэсмена», якая цягнецца да сёння.

М., набыўшы маёмасць, з інвестыцыйнымі праектамі ў Стаўбцоўскі райвыканкам не звяртаўся.

Прайшло пяць месяцаў ад дня афармлення маёмасці, але ніякай дзейнасці новаствораная фірма ўсё не пачынала, больш за тое — М. нават не застрахаваў будынка, бо «не паспеў» — гэтак ён адказаў на нашае пытанне.

У выніку, калі 25 красавіка 2012 года з будынка зніклі чыгунныя трубы ацяплення (злодзеі залезлі праз акно, зацягнутае плёнкай — у такім стане зімаваў незастрахаваны будынак), то М. не знайшоў лепшай версіі, як абвінаваціць у крадзяжы беларускія ўлады.

«Людзі з уладнай вертыкалі, што аддалі загад дэмантаваць трубы ацяплення», — так М. апісваў СМІ сваіх крыўдзіцеляў.

У той жа дзень, як трубы зніклі, мясцовая міліцыя завяла крымінальную справу па факце крадзяжа — шкоду прадпрыемству ацанілі ў суму каля 700 рублёў (7 мільёнаў старымі).

Праз пяць дзён міліцыя знайшла частку труб у прылеглым лесе.

М. падаваў справу СМІ так: «Даведаўшыся пра мой намер згарнуць інвестпраект праз непрыхаванае рабаўніцтва ўладаў, тыя адумаліся і вярнулі частку труб».

Публікацыі ў падачы М. з'явіліся ў шэрагу самых значных недзяржаўных сайтаў Беларусі.

Калі ўявіць сітуацыю, што М. ад самага пачатку не планаваў ніякага бізнэсу, а хацеў толькі завалодаць грашыма брытанскага банка, то тады можа падумаць, што яму патрэбная была прычына, якая б пераконвала крэдытора ў тым, што ажыццяўленне інвестпраекта немагчымая праз незалежны ад «бізнэсмена» збег абставін — «трубы» тут з нацяжкай, але пасуюць.

І ў гэтую тэорыю добра ўпісваюцца наступныя паводзіны бізнэсмена.

Учыніўшы ў некаторых даверлівых СМІ лямант, што «беларускія ўлады рабуюць брытанскі бізнэс», Аляксандр М. звёў усю сваю наступную дзейнасць да вайны па перапісцы з беларускімі чыноўнікамі і міліцыяй. Ніякіх зрухаў у ходзе будаўніцтва фабрыкі па-ранейшаму не было, як ніколі, зрэшты, і не будзе — ад моманту рэгістрацыі права ўласнасці ў 2011 годзе і да ліквідацыі прадпрыемства ў жніўні 2013, «інвестар» абсалютна нічога не зрабіў.

«Мы прыпынілі работы, каб захаваць сляды злачынства: адбіткі, сляды і г.д.», — тлумачыў сітуацыю ў публікацыях М.

Пры гэтым нарасталі абвінавачванні на адрас беларускіх уладаў і бізнэс-клімату ў краіне.

М. рассылаў скаргі не толькі ў СМІ, але і ў дзяржаўныя ўстановы: ад міліцыі да Адміністрацыі прэзідэнта, у пасольствы, Міністэрства замежных спраў, дэпутатам. Паўсюль М. скардзіўся на рабаўніцтва і немагчымасць займацца бізнэсам з прычыны адсутнасці паловы батарэй ацяплення. Можна меркаваць, што копіі ўсіх гэтых скаргаў і публікацый ішлі ў банк HSBC як доказ таго, што інвестыцыйны праект сарвалі форс-мажорныя, незалежныя ад М. абставіны.

Пры гэтым, калі ў ягоную фірму прыйшоў ліст з пастановай Стаўбцоўскага райвыканкама аб ліквідацыі прадпрыемства (нагода — адсутнасць камерцыйнай дзейнасці цягам больш за 12 месяцаў без інфармавання падатковай аб прычынах), то дырэктар фірмы М. Юрый Дошчачка сам прыйшоў і здаў пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі і пячатку прадпрыемства, не выстаўляючы ніякіх прэтэнзій да рашэння ўладаў.

Тым часам М. у сваіх лістах пісаў:

«Я звяртаюся да вас з просьбай правесці пракурорскую праверку магчымага ўмяшальніцтва ў ажыццяўленне правасуддзя з боку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Па некаторай інфармацыі, на афіцыйнай нарадзе ў Мінску, у Палацы Незалежнасці у першай палове дня 30 снежня 2014 года Лукашэнка публічна заявіў пра мэтазгоднасць ігнаравання маёй просьбы да беларускіх уладаў аб расследаванні крымінальнай справы №12126230189 [гаворка пра трубы — НН]. Я як пацярпелы успрымаю гэта як парушэнне майго законнага права на правасуддзе», — гэта з ліста да Генеральнага пракурора і да беларускіх дэпутатаў. У прыватнасці, дэпутатцы Алене Анісім ліст такога характару М. даслаў сёлета.

Са сваёй «праблемай» гэты грамадзянін Літвы звяртаўся таксама да прэм’ера Брытаніі Дэвіда Кэмерана і ў Палату грамад, на што, жаліцца ён, атрымаў адпіску ад «спадарыні Маклеад».

«Тады я яшчэ раз напісаў Дэвіду Кэмерану, — гэта цытата з публікацый беларускіх СМІ. — У гэтым лісце я паспрабаваў растлумачыць неабходнасць пераканаць спадарыню Маклеад як выдатнага палітыка ад Кансерватыўнай партыі памяняць яе непахісную пазіцыю ў гэтым пытанні, бо на той момант на маім стале ляжалі лісты ад ценявога міністра замежных спраў Дугласа Аляксандра і ад памочніка лідара парламенцкай апазыцыі Эда Мілібэнда з прапановай перадаць наяўныя ў мяне дакументы сябру Палаты грамад ад Ханслоў, спадарыні Сімэі Малорце, з мэтай ініцыяваць парламенцкае расследаванне дрэннай працы нашага МЗС».

Падводзячы рыску пад партрэтам, варта дадаць, што Рэдакцыі не ўдалося знайсці доказы таго, што спадар М. мае дачыненне хаця б да якога бізнэсу: нам ён заяўляў, што займаецца лагістыкай і мытным брокерствам, закупам каменнага вугалю і выдавецкай дзейнасцю.

Адзінае, чаму мы здолелі знайсці доказы, гэта што ў 2002 годзе М. заснаваў у Літве, у раёне Казлу-Руда, друкарню, але ў часе ягонай паездкі ў Беларусь «адна з літоўскіх фірм скарысталася ягонай адсутнасцю і разграміла офіс, знішчыла тэхніку і скрала дакументацыю». І ў Літве М. грукаўся ва ўсе інстанцыі, ажно да прэзідэнта, але безвынікова.

Можа, і там быў «інвестпраект» кшталту таго, які праваліўся праз «дыскрымінацыю брытанскага бізнэсу ў Беларусі»? 

Аналіз фактаў навёў нас на думку, што Аляксандр М. завалодаў грашыма брытанскага банка пад меркаваны «інвестпраект» у Беларусі, а публікацыі беларускіх СМІ аб «пераследзе яго» былі яму патрэбныя, каб апраўдацца перад замежнымі крэдыторамі.

Каментары19

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»1

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць