Навукоўцы прадказваюць масавы пераход ад асабістых аўтамабіляў да лятальных апаратаў пад 2030 год.

Экспэртны праект TechCast апублікаваў набор найбольш верагодных сцэнароў разьвіцьця чалавецтва на найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.
Прыкладна 2010 год
Працяг працэсаў разьвіцьця інфармацыйных сыстэм і электроннай камэрцыі. У прыватнасьці, чакаецца бурлівае павелічэньне аб’ёмаў інфармацыйнага трафіку, хуткае эвалюцыянаваньне наяўных і зьяўленьне прынцыпова новых відаў электронных прыстасаваньняў (напрыклад, сыстэма распазнаваньня голасу зробіць магчымым кіраваньне машынамі з дапамогай гукавых каманд). Гэта прывядзе да кардынальных пераменаў у сфэры дзяржаўнага й карпаратыўнага кіраваньня. Верагодны пераход рэлігій на «электронныя» рэйкі — да прыкладу, службы могуць праводзіцца анлайн.
Магчымае зьяўленьне асабістых «электронных памочнікаў» чалавека. Новыя тавары й паслугі будуць выводзіцца на рынак хутчэй, чым калі‑кольвек раней. Кошт інфармацыйных тэхналёгій ды абсталяваньня будзе зьніжацца. Крах пагражае многім сёньняшнім гігантам — напрыклад, карпарацыі Мікрасофт, якая ня вытрымае барацьбы зь дзясяткам новых канкурэнтаў. Чакаецца бум на рынках кіно, музыкі й ТВ.
Прыкладна 2020 год
Пачатак новай высокатэхналягічнай рэвалюцыі. Ейнымі руховымі сіламі стануць «зялёны» бізнэс, альтэрнатыўная энэргетыка й іншыя практыкі, накіраваныя на паляпшэньне якасьці жыцьця чалавека, ды бясьпечныя для вакольнага асяродзьдзя. Вялікі бізнэс у масе сваёй пяройдзе на экалягічныя рэйкі.
Значную частку сусьветнага аўтапарку будуць складаць гібрыдныя аўтамабілі, якія выкарыстоўваюць у якасьці паліва вадарод, біяпаліва (сьпірт, расьлінны алей і інш.) альбо электраэнэргію. Да 2030 году прыкладна траціна энэргіі будзе здабывацца з узнаўляльных крыніц. Бурлівае разьвіцьцё чакае сельскую гаспадарку (утым ліку, заснаваную на выкарыстаньні генэтычна мадыфікаваных расьлінаў і жывёлаў).
Чакаецца росквіт кампутарных і біятэхналёгій, вынікам чаго стане зьяўленьне новых пакаленьняў мэдыкамэнтаў. У прыватнасьці, прарывы ў вывучэньні ДНК чалавека зробяць магчымым клянаваньне яго ўнутраных органаў (сэрца, печані, нырак і інш.) ды пасьпяховыя апэрацыі па іхнай перасадцы. Таксама стануць шырока даступнымі іх штучныя замяняльнікі. Мнонія сур’ёзныя хваробы ўдасца цалкам перамагчы з дапамогай генэтычнай тэрапіі — «выпраўленьня» адпаведных участкаў ДНК.
Сур’ёзныя зьмены адбудуцца ў ладзе жыцьця прадстаўнікоў шэрагу прафэсій — напрыклад, настаўнікаў і юрыстаў. Яны акажуцца здольнымі перадаверыць шэраг сваіх руцінных абавязкаў «электронным памочнікам» і змогуць засяродзіцца на вырашэньні стратэгічна важных задач. Віртуальная рэальнасьць стане сапраўды рэальнасьцю — яна будзе мала адрозьнівацца ад рэальнага жыцьця, што дазволіць кардынальна памяняць працэсы навучаньня, навуковага пошуку, атрыманьня інфармацыі й інш.
Будзе шырока распаўсюджаны касьмічны турызм. Электраэнэргія перастане быць дэфіцытам, аварыі на лініях электраперадач і падстанцыях, якія пакідаюць безь сьвятла сотні тысяч чалавек, сыдуць у мінулае. Ім на зьмену прыйдуць аналягічныя аварыі ў інфармацыйных сетках.
Прыкладна 2030 год
У сувязі з разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгій аўтадарожны рух і авіяперавозкі стануць практычна поўнасьцю бясьпечнымі. Чакаецца масавы пераход ад асабістых аўтамабіляў да асабістых лятальных апаратаў. Авіяляйнэры й цягнікі будуць рухацца зь нечуванымі хуткасьцямі. Чакаецца якасны прарыў у сфэры ядравай энэргетыкі.
Прыкладна ў 2028 годзе будзе створаная пастаянная калёнія на Месяцы. Крыху пазьней чалавецтва высадзіцца на Марсе. Космас станецца складовай часткай сусьветнай эканомікі.
У той жа час, адбудзецца крыза індустрыялізацыі. Многія дзяржавы сутыкнуцца з праблемай немагчымасьці далейшага разьвіцьця прамысловых вытворчасьцяў. Верагодныя экалягічныя крызы, абвастрэньне міжэтнічных і міжканфэсійных канфліктаў, абвастрэньне праблем, зьвязаных з зброяй масавага зьнічтажэньня і інш. Верагоднае выкарыстаньне ядравай зброі дзе‑небудзь на Блізкім Усходзе, што, верагодна, прывядзе да зьнішчэньня некалькіх буйных гарадоў.
Гэта зможа прывесьці да сусьветнай крызы, нябачанай з часоў Другой сусьветнай вайны. У гэтай абстаноўцы на сусьветнай арэне нашмат большую ролю пачнуць граць рэлігійныя лідэры, карпарацыі й грамадзкія арганізацыі. Іх удзел і зацікаўленасьць большасьці ўрадаў прывядзе да кардынальных рэформаў у сфэры міжнародных стасункаў.
Прыкладна 2040 — 2050‑я гады
Сьвет сальецца ў адно: ягоная палітычная мапа й структура будуць нагадваць Эўрапейскі Зьвяз ці Злучаныя Штаты Амэрыкі (юрыдычна ЗША — фэдэрацыя штатаў, якія фармальна ёсьць незалежнымі дзяржавамі, але саступілі фэдэральнай уладзе шэраг сваіх паўнамоцтваў — напрыклад, правядзеньня зьнешняй палітыкі й чаканкі манэты). Дзякуючы гэтаму, вастрыню крызаў удасца сур’ёзна зьменшыць.
Колькасьць насельніцтва будзе бурліва расьці. Сьвет будзе кіравацца дэцэнтралізавана, што дазволіць, з аднаго боку, прымаць максымальна апэратыўныя ды ўзважаныя рашэньні, а зь іншага — зьнізіць вастрыню многіх канфліктаў ды даць асобным культурам разьвівацца свабодна. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да аслабленьня міжнароднага тэрарызму, які ў 1990‑я гады зьявіўся на хвалі незадаволенасьці між Захадам і сьветам ісламу.
Чалавецтва сканцэнтруецца на разьвіцьці касьмічных праграм.
Каментары