Грамадства3030

Наступствы бязвізавага ўезду дайшлі да Глыбоцкага раёна

Піша Кастусь Шыталь. 

Наступствы бязвізавага ўезду дайшлі і да нас. Днямі ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна размаўляў з турыстамі з ЗША пра лёс беларускай мовы, уніяцкую царкву і «Нашу Ніву».

А сустрэча атрымалася зусім выпадкова. Проста не хацеў сядзець дома. Як звычайна ў такіх выпадках, спадарожнымі машынамі дабраўся да Глыбокага. Абы трапіць у Глыбокае — а там будзе бачна… Прыехаўшы ў горад, узгадаў пра Юлію Буку, гаспадыню вядомай агратурыстычнай сядзібы ў вёсцы Валодзькава. Тэлефаную.

— Добры дзень, спадарыня Юлія! Як Вы там маецеся?

— А во, амерыканцаў чакаем. Будзем іх нашым бацвіннем частаваць. Калі хочаш, пад’язджай.

— О, цудоўна. А я і думаў да Вас выбрацца. Скора буду.

Прыгарадным аўтобусам «Глыбокае — Лужкі» даязджаю да паварота на Валодзькава. Праходжу праз вёску, прыходжу на падворак спадарыні Юліі. Звычайная вясковая хата. І турыстаў спадарыня Юлія прымае ў хатах, скупленых ад былых гаспадароў, дзе захаваная вясковая атмасфера

У публікацыі ў беларускай прэсе трапляе не толькі спадарыня Юлія са сваёй сядзібай, але і яе дзеці. «Наша Ніва» нядаўна пісала пра Даніка Буку, сына спадарыні Юліі, які паехаў вучыцца па праграме Каліноўскага і стаў чэмпіёнам Польшчы па муай-тай.

Гаспадыніна сучка Магда першая заўважыла маё з’яўленне і пачала брахаць. Заходжу ў хату.

— Прывітанне, Кастусь! Мы тут трохі занятыя. Схадзі ты да Насты, а потым прыйдзеш, мы цябе нечым пакормім — кажа спадарыня Юлія. Мы з гаспадыняй даўно і добра знаёмыя, яна да мяне ставіцца па-свойску.

— Якой Насты?

— Мастачка, з Наваполацка, адпачывае ў нас. Вы ж з ёй знаёмыя…

Ашалець! Вось трапіў дык трапіў! Наста — адна з самых светлых людзей, якіх я сустракаў за жыццё. Мы пазнаёміліся некалькі год таму ў мястэчку Лужкі. Дзяўчына скончыла віцебскі «худграф» і папрасілася, каб яе размеркавалі ў вёску. Тры гады адпрацавала настаўніцай малявання ў Лужэцкай мастацкай школе. Я ўсё хацеў выбрацца да яе на госці ў Лужкі — ды ніяк не атрымлівалася. А тут такая нечаканая сустрэча!

Падлога хаты, дзе спынілася Наста, засланая акварэльнымі і графічнымі малюнкамі. Дзяўчына малюе вясковыя хаты, краявіды. На электрычнай плітцы яна ставіць ваду на гарбату, мы ідзём у пакой і размаўляем пра многія рэчы.

Як добра сустрэць калі чалавека, з якім аднолькава глядзіш на свет!

Нашую размову перапыніла Алеся, дачка спадарыні Юліі. Зайшла ў хату і кажа:

— Наста! Кастусь! Хадземце! У амерыканцаў змяніліся планы, праз гадзіну будуць у нас.

На падворку спадарыні Юліі мітусня. Трэба хутка накрыць стол для чатырнаццаці чалавек. Стол накрываем пад голым небам. Я дапамагаю чым магу. Наразаю яйкі, вылоўліваю з чыгунка скабкі (рэбры), расстаўляю посуд. Спадарыня Юлія і дзяўчаты бегаюць, спехам усё рыхтуюць.

Наста раскладвае на тэрасе лазні свае малюнкі — прапанаваць іх турыстам як сувеніры.

Толькі паспелі ўсё падрыхтаваць — як на вясковую вуліцу павярнуў вялікі турыстычны аўтобус. Турысты павыходзілі з аўтобуса і сабраліся на падворку спадарыні Юліі.

Спадарыня Юлія расказала пра сваю сядзібу ды пра тое, якія стравы прыгатавала турыстам. А там былі суп з бацвіння са скабкамі, грыбы, клінковы сыр, кіслае малако, напой з зёлак, бярозавы сок, хвораст… Стаялі і невялікія пляшкі крамбамбулі… А бульбу зварыць не паспелі: было дамоўлена, што турысты пазней прыедуць. Турысты паселі за стол.

Амерыканцы не толькі ахвотна елі беларускія стравы, але і шмат распытвалі ў гаспадыні. Што за страва, з чаго зроблена? Сярод іх аказалася мо’ чацвёра вегетарыянцаў — адмовіліся ад бацвіння са скабкамі. Ну нічога, замест мяса грыбоў паелі.

Турысты пад’елі і пачалі выходзіць з-за стала. Разглядалі малюнкі Насты з вясковымі хатамі — дзесяць малюнкаў набылі сабе на памяць пра Беларусь. Некалькі турыстаў пайшлі паглядзець хаты, у якіх спадарыня Юлія прымае гасцей. Казалі, вельмі добрыя — вясковы каларыт спалучаны з сучаснымі выгодамі. Сталі завязвацца ў нас размовы. Адна з турыстак, габрэйскай знешнасці жыхарка Лос-Анжэлеса, распавяла, што ейныя карані аднекуль з-пад Слуцка. Яна спрабавала даведацца болей пра сваіх продкаў, але пакуль што не атрымалася.

Пыталася ў мяне, ці былі габрэі ў маёй мясцовасці, і які быў іх лёс падчас Другой Сусветнай.

А найбольш уразіла гутарка з амерыканскай кіраўніцай турыстычнай групы. Як яна даведалася, што я вывучаю мясцовую гісторыю, то запытала, якія тэмы вывучаю апошнім часам. Тут нам дужа дапамог малады хлопец з рускамоўнай сям’і з Нью-Ёрка, які ведае ўкраінскую і дасканала разумее беларускую. Ён нам перакладаў.

Я адказаў, што апошнім часам займаюся міжваенным перыядам — пераглядаю тагачасныя газеты, шукаю артыкулы пра Глыбокае і ваколіцы. Тады амерыканка стала мяне распытваць пра моўную і нацыянальную сітуацыю. Я адлюстраваў тую сітуацыю на прыкладзе свайго сваяка, каталіцкага святара Францішка Рамэйкі. Ён прапаведваў Божае Слова беларусам па-беларуску, і за гэта быў зненавіджаны польскімі адміністрацыйнымі і духоўнымі ўладамі.

Далей амерыканка стала пытацца ў мяне пра лёс грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі, пра моўную сітуацыю ў наш час. Мяне здзівіла яе дасведчанасць у беларускіх справах. Кажа, што ў турыстычнай групе многія абмяркоўваюць пытанне пра тое, чаму беларусы карыстаюцца рускай, а не сваёй, мовай.

— Гараджане і багатыя жыхары раней не размаўлялі па-беларуску. Па-беларуску размаўлялі ў вёсках, і беларуская мова доўгі час лічылася другараднай, вясковай… — кажу я. — Першая газета на беларускай мове стала выходзіць толькі ў 1906 годзе…

— «Наша Ніва»? — перапытвае амерыканка.

— Так, «Наша Ніва». Яна была заснаваная ў 1906-м, а ў 1991-м была адроджаная, працягвае традыцыі таго старога выдання. Я з’яўляюся адным з аўтараў «Нашай Нівы», — кажу.

— А як Вы вырашылі размаўляць па-беларуску?

— У маёй сям’і, — кажу, — ніхто ніколі не гаварыў па-руску. — Мае бацькі, дзяды і прадзеды гаварылі па-беларуску, на мясцовым дыялекце. Пакуль хадзіў у школу і жыў з бацькамі, я размаўляў так, як размаўлялі дома. А калі паехаў у горад, то працягнуў карыстацца беларускай мовай…

Мы б гаварылі і далей… Амерыканка пыталася ў мяне пра адрозненні тарашкевіцы і наркамаўкі, і ці існуе ў наш час самаідэнтыфікацыя «тутэйшыя»… Але мусілі перапыніць размову: беларускі гід паклікала ўсіх у аўтобус. Турысты развіталіся з намі беларускімі словамі «Да пабачэння!» і «Дзякуй!»

Развітаўшыся з турыстамі, мы нарэшце расслабіліся. Селі павячэралі, пагаварылі. Я не мог заставацца даўжэй — ужо вечар, а трэба даехаць спадарожнымі машынамі ў Параф’янава. Праз паўгадзіны пагодным ліпеньскім вечарам я глядзеў на Глыбокае - на Копцеўку, капліцу святога Іллі і калону, велічныя муры і вежы Кармелітаў ды акуратную забудову Замкавай. Прыгожы горад! — падумаў я чарговы раз. Глыбокае не перастае ўражваць…

У цэнтры Глыбокага сустрэў яшчэ адну купку іншаземных турыстаў. Яны голасна абмяркоўвалі, дзе ў горадзе знайсці кавярню. Урэшце, убачылі шыльду «Бар» на двухпавярховым будынку, які пры Саветах паставілі на месцы царквы Святой Тройцы і хрысціянскіх могілак.

— Ну вот, пойдём сюда! — катэгарычна скамандвала адна з турыстак.

— Адкуль вы? — пытаюся.

— Из Москвы.

Каментары30

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць