Беларускі Хогвартс: нямецкае радыё «Культура» пра Коласаўскі ліцэй
Піша Антон Лявіцкі.

У трэйлеры да рэпартажу Інгі Лізенгевіч (якая цяпер жыве і працуе ў Нямеччыне) пра Коласаўскі ліцэй — Беларусь, якой яе ахвотна бачаць на Захадзе: брутальныя кадры сакавіцкіх затрыманняў, «адукацыя як рызыка», мэта «вучыцца думаць» (дасяжная толькі ў падполлі, трэба думаць), фонавы «Ляпіс Трубецкой» («Пагоня побач»).

Вялікі радыёнарыс (feature) доўжыцца агулам 49 хвілін. Ён выкананы пераважна ў зычлівых, пастаральных танах, але разам з тым не саромеецца ставіць некаторыя непрыемныя, складаныя пытанні аб доўгім беларускім міжчассі — удзелу ў палітыцы ці эміграцыі навучэнцаў з Беларусі.
Штодзённасць Ліцэя
Першае, што кідаецца ў вочы, — даволі шмат увагі надаецца штодзённасці ўнікальнай навучальнай установы. Яна шчыльна прасякнутая палітыкай. Ліцэісткі расказваюць, як аднойчы яны прыцягнулі ўвагу нейкай жанчыны па дарозе ў Ліцэй і як яны мусілі дзейнічаць, каб пазбегнуць яе ўвагі. Бо лішняя ўвага Ліцэю ў цяперашняй Беларусі можа нашкодзіць.
Або вось настаўніцкі абед. Здаецца, Валянцін Голубеў прыносіць сала. Просіць адну з супрацоўніц яго нарэзаць: «Я люблю, калі жанчыны нешта распакоўваюць». Ядуць і абмяркоўваюць сала.
Адрозніваецца ад звычайных школ і выкладанне. Падыход настаўнікаў да вучняў несавецкі, тлумачаць вучаніцы. Ён адрозніваецца адкрытасцю, дапускае большую свабоду, магчымасць выказаць сваё меркаванне. Гэта ўплывае на агульную атмасферу і вызначае ўзровень. Паказальна, што ў другі год навучання ліцэісты карыстаюцца 52 падручнікамі, тады як у звычайнай школе неабходныя ўсяго 16. Таксама выкладчыкі выкарыстоўваюць не толькі беларускія дапаможнікі (як прыклад, называецца польскі).

Таксама можна пачуць урыўкі з шумнай дыскусіі ліцэістаў — пра вандраванне як рух і прыхільнасць да зменаў, эміграцыю з вёскі і магчымасць на нешта паўплываць (у маштабах вёскі ці цэлай краіны). Дзяўчына, якая з’ехала са сваёй вёскі, кажа: калі б там было нейкае пэўнае працоўнае месца, яна б там засталася.
Яскравай адметнасцю навучання ў Ліцэі з’яўляецца, як расказваюць навучэнцы, гарбата. Ліцэістам дазволена спажываць яе ў час заняткаў — што немагчыма ўявіць у звычайных школах.
Таксама ў рэпартажы гучыць шмат музыкі — самі ліцэісты граюць і спяваюць.
Падпольная навука ў «апошняй дыктатуры Еўропы»
Але ў цэнтры ўвагі, безумоўна, палітычнае. Галоўная формула, з якой Беларусь асацыюецца ў свеце апошнія 22 гады, прагучэла. Няма дзіва — у нарысе пра школу, зачыненую ўрадам Лукашэнкі.
Гэта відаць у самых дробных дэталях, напрыклад, з абстрактнай інструкцыі, атрыманай навучэнцамі: «Калі нешта здараецца, проста бяжыце. Куды-небудзь. Усе ў розныя бакі».
Узнікненне Ліцэя, як вядома, шчыльна звязанае з палітычнымі працэсамі ў Беларусі. Установа паўстала як грамадзянская ініцыятыва, у нейкі момант прывітаная Міністэрствам адукацыі. Яна ставіла за мэту вызваленне ад савецкіх догмаў, пераадоленне таталітарнага духу. У першай палове 90-х такія мэты Міністэрства адукацыі падзяляла. Пасля ж выбрання Лукашэнкі рашэнні аб адмове ад новых падручнікаў, кадравыя змены ў Міністэрстве адукацыі былі прадвесцем наступнага закрыцця Ліцэя.
Добра палітычнае значэнне Ліцэя відаць у змесце выкладання. Вось Валянцін Голубеў расказвае пра паўстанне 1863 года: маўляў, паўстанне не спадабалася Маскве і Варшаве, і так заўсёды, падсумоўвае гісторык.

Іншы такі прыклад — эмігранцкія пісьменнікі, якія былі выкінутыя ў сярэдзіне 90-х са школьных праграм. Хтось з выкладчыкаў тлумачыць агульныя прынцыпы выкладання літаратуры ў Ліцэі: сусветная і беларуская не падзеленыя, а выкладаюцца ва ўзаемасувязі і праз супастаўленне. Напрыклад, пасля Першай сусветнай вайны паўстае «згубленае пакаленне» — Рэмарк, Хэмінгуэй. Іхным аналагам у беларускай літаратуры быў Максім Гарэцкі.
Здаецца, Алег Трусаў расказвае, як пісаў свой падручнік — сабраў усё найлепшае ў суседзяў. Напрыклад, каму належаў Крым і калі? Магчыма, беларусам, жартуе Трусаў — бо ў пачатку ХІ ст. часткай Крыма валодаў сын Рагнеды. Такі гумар.
Між тым, само існаванне Ліцэя (і навучанне там) — акт апазіцыі. Хоць Ліцэй не выяўляецца яскрава, існуе непублічна, жыве ў сваім невялікім свеце. Ліцэй — гэта Хогвартс, кажа адна з вучаніц, смеючыся: ніхто пра яго не ведае, ён схаваны ад людзей, асаблівыя настаўнікі і вучні.
Палітычны ўдзел
Шчыльна прымыкае да вышэй апісанага modus vivendi школы пытанне аб палітычным удзеле. Спецыфіка вучнёўскага корпусу (дзеці паходзяць з інтэлігентных сем’яў, тлумачыць Голубеў, дзе выхоўваюцца ў адпаведным духу, што робіць збыткоўным адмысловае выхаванне «нацыянальных пачуццяў» на ўроках) ставіць пытанне аб тым, як рэагаваць на выклікі цяперашняй Беларусі.
Гэта таксама — элемент штодзённага дзеяння, зусім іншы школьны досвед проці «нармальных» падлеткаў: «Мы ідзём штодня ў Ліцэй і думаем, з намі нічога не здарыцца. Але насамрэч мы можам быць арыштаваныя ў любы дзень». Адна з вучаніц разважае: для ліцэістаў рызыка не вельмі вялікая, яны непаўналетнія і ні за што не адказваюць. Але для настаўнікаў і бацькоў, безумоўна, сітуацыя выглядае іначай.
Асаблівы клопат і неспакой выклікае магчымасць удзелу вучняў у дэманстрацыях. Гэтае пытанне абмяркоўваецца ў кантэксце агульных жыццёвых стратэгій. Настаўнікі і сваякі забаранілі ліцэістам браць удзел у дэманстрацыі 25 Сакавіка сёлета, але брутальныя падзеі ў сталіцы, безумоўна, закранулі іх. Ліцэісты разважаюць: лепш не пратэставаць, трымаць уласнае меркаванне каля сябе — да парЫ. «Мы б там нічога не зрабілі», — вяртаецца хтось да тэмы дэманстрацыі. А на другім плане ўнушальна гучыць апошні беларускі сакавік — крыкі і ляскат амапаўскага рыштунку.
Адна з ліцэістак расказвае, як наведвала пасяджэнне беларускага суду: «абсурд» —і падрабязна тлумачыць гэта абсурд. Так у рэпартажы не губляецца з поля зроку уяўлены суразмоўца — калектыўны «Захад».
Эміграцыя і «Захад»
З Захадам удзельнікі рэпартажу размаўляюць з самага пачатку. Адна з ліцэістак наўпрост пытае: «Цікава, як вось немцы да нас ставяцца. Ці існуюць увогуле гэтыя людзі?» І выказвае асцярожнае меркаванне, як: «Другія рускія ці яшчэ як-небудзь».
Пазней закранаецца няёмкае пытанне эміграцыі ў Еўропу. Гэта кепска ці добра? «Я думаю, для пачатку — добра. Астатняе залежыць ад іх».
Абмяркоўваюцца розныя магчымасці; ліцэісткі пагаджаюцца, што самае дрэннае — калі людзі з’язджаюць па навуку за мяжу і не вяртаюцца дамоў, не робяць свой унёсак у развіццё Беларусі. Гучаць і некаторыя сумненні: «Трэба быць неймаверным чараўніком, каб нешта тут змяніць».
«Вось каб усе ліцэісты, якія тут вучыліся і вярнуліся ў Беларусь, пачалі б тут, не ведаю — муціць, муціць добрыя справы, напэўна, добра жылі б».
Нехта з супрацоўнікаў стрымана расказвае пра розныя прыклады: хтось у Фларыдзе, хтось у Маскве, але некаторыя вяртаюцца і пачынаюць свае праекты на бацькаўшчыне.
* * *
Бліжэй да фіналу рэпартажу адна з ліцэістак расказвае, што яна пастанавіла вывучаць нямецкую мову. Ёй падабаецца гурт «AnnenMayKantereit». Нейкі час грае іхны трэк «21, 22, 23». Тэкст пра адкладзеныя мары і галоўную мэту — «абы не стаць «за трыццаць» — па-свойму каментуе ці паўтарае беларускія сюжэты рэпартажу. Аб дзецях, якія спрачаюцца пра урбанізацыю, палітычныя змены і маральны абавязак перад краінай. Аб усіх тых, хто наўпрост ці ўскосна пацярпеў ад «стратэгіі інвеставання рэпрэсій у будучыню» (Сіліцкі), у межах якой быў зачынены Ліцэй. Нават крыху пра апатычнае крушэнне беларускай эміграцыі.
У самым канцы чуваць бестурботны абмен рэплікамі настаўнікаў: «Быў званок? — Я не чуў. — І я не чуў».
Гучыць званок.
-
29‑гадовую мадэль і псіхолага з Гомеля асудзілі за палітыку. Меркавана, за Гаюна
-
Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў
-
Беларуска прасіла блізкіх патроху перавозіць у Польшчу яе зберажэнні. А потым купіла кватэру — і банк заблакаваў 1 мільён злотых
Каментары