За незаконнае паляванне мужчына і яго сябар могуць сесці на 6 гадоў.
Паводле даных следства, 5 ліпеня каля 22 гадзін двое жыхароў Браслава прыехалі ў лясніцтва на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».
Адзін з іх, 27-гадовы мужчына, быў п’яны. Ён і страляў з паляўнічай вінтоўкі, забіў ласіху і малое ласяня. Затым разам са сваім 37-гадовым сябрам ён пры дапамозе нажа часткова разабраў тушу здабытай самкі лася. Схавацца з месца злачынства мужчыны не паспелі, бо былі затрыманыя супрацоўнікамі Нацпарка. Нож і стрэльбу, кінутыя ў лесе каля дарогі, знайшлі падчас агляду тэрыторыі.
У затрыманых не было пасведчання на права палявання, дазволу на захоўванне і нашэнне зброі, а таксама дазволу на здабычу лася і паляўнічай пуцёўкі. Шкода навакольнаму асяроддзю склала 13800 рублёў.
Следчыя прад'явілі мужчынам абвінавачванне ў незаконным паляванні, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. Мужчынам пагражае да 6 гадоў зняволення. Іх адправілі пад падпіску аб нявыездзе. На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт, у тым ліку і на аўтамабіль, на якім мужчыны прыехалі на «паляванне», паведамляе Следчы камітэт.
Расследаванне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Каментары