«З маладосці глядзіце і за сваімі цягліцамі, і за сваім харчаваннем» — парады 89-гадовай Любові Чубанавай
Мы працягваем ездзіць у госці да ўдзельнікаў конкурсу «Нашай Нівы» і Samsung Galaxy A8|A8+ «Навучы бабулю рабіць сэлфі». На гэты раз нас занесла ў Магілёў.
У звычайным шматпавярховіку ў сонечнай кватэры нас з хлебам-соллю сустракае Любоў Васільеўна Чубанава.

Тое, што з гэтай жанчынай трэба пазнаёміцца асабіста, нам стала зразумела, як толькі мы ўбачылі дасланыя Любоўю Васільеўнай і яе ўнучкай Ганнай сэлфі, з якімі яны ўдосталь пазабаўляліся ў снэп-чаце. Спадарыня Любоў упершыню прымерыла на сябе папулярныя вобразы сабакі, уладаркі вясёлкі ды іншых цікавых персанажаў.
Паглядзець на не менш крэатыўныя сэлфі іншых удзельнікаў конкурсу можна на спецыяльнай старонцы
Уражвае і колькасць нашчадкаў Любові Чубанавай: у яе пяцёра дзяцей, 10 унукаў і 24 праўнукі, якіх раскідала па ўсёй Беларусі, ад Ваўкавыска да Крычава.
Што ж дае столькі жыццёвай моцы 89-гадовай жыхарцы Магілёва? Мы распыталі ў яе пра гэта асабіста.

«У 8 год я сама цягала дадому ваду з калодзежа на ўсю сям’ю і хатніх жывёл, у 12 — вымушана прыняла ў маці роды і перарэзала пупавіну аднаму са сваіх малодшых братоў, пасля вайны дапамагала ўздымаць наш калгас…», — Любоў Васільеўна пералічвае некаторыя факты са сваёй біяграфіі, і ажно не верыцца, што ўсё гэта адбывалася з адным чалавекам.
Любоў Васільеўна нарадзілася ў 1928 годзе ў Крычаве. Яна была першай і вельмі чаканай дачкой для сваіх бацькоў — Еўдакіі і Васіля (усяго ў іх сям’і было 10 дзяцей). Маці працавала ў калгасе і цікавілася зёлкамі: яна збірала іх і для сваякоў, і для аптэк. Бацька ж быў майстрам на ўсе рукі: мог і як каваль нешта зрабіць, і абутак адрамантаваць. Жылі сціпла, але нават небагатую гаспадарку сям’і падчысцілі ў гады калектывізацыі.
Сказвалася і пастаянная адсутнасць бацькі дома: Васіль не паспеў вярнуцца з Савецка-фінскай вайны, дзеці не паспелі нагуляцца з анучамі з яго вайсковых ботаў, як яго зноў забралі на фронт (ён вярнуўся дамоў, але пасля вайны моцна хварэў і памёр рана).

На момант вызвалення ў Крычаве засталося ўсяго 32 неразбураныя хаты. Сям’і Чубанавых пашанцавала: сярод гэтых «шчасліўчыкаў» быў і іх дом. У гэта нават не верылася: перад тым, як сысці ў бежанцы, Люба і ўсе яе сваякі развітваліся з любімым кутком назаўсёды. Са слязамі на вачах.
Стаіць гэты дом-пяцісценка ў Крычаве і да гэтага часу. Праўда, апошняя яго законная гаспадыня больш за 10 год таму пераехала ў Магілёў — да дачкі Алены і ўнучкі, якія даглядаюць за ёй.
«Я яшчэ сама за сабой прыбіраю. Вяжу шкарпэткі і сурвэткі ўсім сваякам. Мне ўвогуле наканавана 123 гады пражыць!», — бадзёрыцца спадарыня Люба. Адно, у маразы, пасля таго, як паслізнулася і зламала рукі, не рызыкуе выходзіць з кватэры. Тады ўжо, хоць і неахвотна, але яна згаджаецца прыняць дапамогу ад іншых.



Жанчына зведала галодныя часы, калі трэба было некалькі гадзін прастаяць у чарзе, каб узяць буханку хлеба. Зжала сваімі рукамі гектары жыта ў калгасе, была касіркай у цырульні. Каб павысіць пенсію, аддана працавала на Крычаўскім заводзе гумовых вырабаў. Яна перажыла і пахавала ўжо двух сваіх дзяцей, астатніх — ставіла на ногі сама, бо з мужам развялася праз яго алкагалізм.

Пры ўсім гэтым Любоў Чубанава пастаянна жартуе і заліваецца гучным смехам. Яна ўпэўненая: менавіта фізічная актыўнасць і ранішняя зарадка робяць яе «гены». А мозг у тонусе трымаюць крыжаванкі ў любімай газеце. Так, яна памятае ўсе дні народзінаў усіх сваякоў, усе даты пачаткаў і сканчэнняў баявых дзеянняў у Крычаве і агулам у Беларусі і гэтак далей.
«З маладосці глядзіце і за сваімі цягліцамі, і за сваім харчаваннем», — раіць усім спадарыня Люба.

Цяпер, дзякуючы ўнучцы Ганне, да яе захапленняў здаровым ладам жыцця, вязаннем і раслінамі дадасца і яшчэ адно — фатаграфія. Працэс навучання сэлфі ў сям’і прайшоў хутка: усё ж бабуля, акрамя іншага, раней працавала касіркай у фотасалоне, так што ў курсе ўсіх тэхнічных нюансаў стварэння фота. На тэлефоне ж гэта, кажа спадарыня Любоў, яшчэ прасцей.


Калі мы ўжо збіраемся ад’язджаць, разам з хлебам-соллю гаспадыня дае нам наказ на дарогу: «Любіце сваю зямлю, не плюйце на яе, не давайце здарыцца вайне, калі ад вас гэта залежыць». Ва ўсім гэтым — уся баба Люба, якой выдатна падыходзіць абранае для яе бацькамі імя.

Калі вы таксама хочаце, каб «Наша Ніва» і Samsung Galaxy A8|A8+ прыехалі да вас у госці, публікуйце сэлфі вашых бабуль і дзядуль у сацсетках!
Зрабіць усё так, каб прэтэндаваць на смартфоны Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+, дапаможа наша падрабязная інструкцыя.
Чытайце таксама:
Гісторыя япаніста Сяргея і бабулі Клары, якая жыве вышыўкай, верыць у народную медыцыну і робіць сэлфі
Каментары