На могілках у вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну невядомыя апаганілі помнік беларускага Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, піша Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміла сястра Міхася Натальля Жызьнеўская.
«Мне патэлефанавалі зь міліцыі і сказалі, што помнік брату запэцканы фарбай», — кажа Натальля.
Яна паведаміла, што на помніку брата чырвонай аэразольнай фарбай зафарбаваныя беларускі гістарычны герб «Пагоня», а таксама дзяржаўны герб Украіны.
Натальля Жызьнеўская разам з нарадам міліцыі паехала на могілкі вёскі Сьцяг Працы, дзе пахаваны Міхась, а таксама ягоныя бацькі, якія памерлі сёлета.
Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Бэркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.
Каментары