Гэта кніга нобелеўскага лаўрэата, аднаго з самых чытаных аўтараў ХХІ стагоддзя.

«Упэўнены, менавіта гэтай кнігай мы закладзём добры падмурак для таго, каб перакладаць на беларускую мову творы сучасных топавых аўтараў. Аўтараў-мільённікаў — па накладах іх кніг. А таксама здолеем прывезці ў Беларусь гэтых пісьменнікаў», — кажа ініцыятар выдання Сяргей Макарэвіч.
Агульны наклад кніг Памука ў свеце складае каля 15 мільёнаў асобнікаў. Яго творы чытаюць на 60 мовах. Зараз да іх ліку дадасца і беларуская. Каб рэалізаваць такі праект, на сайце ulej.by запусцілі краўдфандынгавую кампанію — падпіску на выданне.
«Стамбул. Горад і ўспаміны» выйшаў упершыню ў 2003 годзе. А ў 2006-м Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію як аўтар, «які ў пошуках меланхалічнай душы роднага горада выявіў новыя сімвалы для сутыкнення і перапляцення культур».
«Гэтая кніга — мастацкая біяграфія Стамбула. Не гайд і не гісторыя горада: не разлічвайце прачытаць пра ўсе шматлікія цэрквы і мячэці, палацы і вілы, музеі і галерэі… Памук вядзе чытача за руку па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі Стамбула, не бачных турыстам, схавананых ад мімалётных разявак», — тлумачыць Макарэвіч.
Памук напісаў кнігу, калі быў на мяжы дэпрэсіі: ён разводзіўся, пры смерці быў яго бацька, было шмат іншых праблем. «Я падумаў, што правалюся ў дэпрэсію, калі здамся. Але кожны дзень я прачынаўся, прымаў халодны душ, сядаў, успамінаў і пісаў», — прызнаўся пісьменнік пасля.
Па-беларуску кніга з’явіцца ў студзені 2019 года ў выдавецтве «Янушкевіч».
«Стамбул» пераклала на беларускую Таццяна Урублеўская-Токер, рэдактар — Сяргей Шупа. Гэта будзе трэцяя кніга ў серыі Noblesse oblige (творы нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску). Раней пабачылі свет «Голад» Кнута Гамсуна і «Каханне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса.
«Мы працягнем выдаваць сучасных замежных аўтараў. У пачатку наступнага года выйдзе раман Казуа Ішыгура «Не пакідай мяне». Праз скандал, які скалануў Шведскую акадэмію, акурат Ішыгура можа застацца апошнім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Сёлета прэмія не прысуджаецца, а што з ёй будзе на лета — не ясна».
Архан Памук (нарадзіўся ў 1952 годзе) — турэцкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат 2006 года. Аўтар такіх бестселераў, як «Музей цноты», «Мае дзіўныя думкі», «Чорная кніга», «Снег».
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары