pixabay.com
У Мінску затрыманы 29-гадовы жыхар Оршы, які падазраецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры: ён на развіццё свайго неіснуючага бізнесу пазычаў казачныя грошы. Падрабязнасці распавялі ў прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама.
Як высветлілі праваахоўнікі, мужчына ў 2015-2016 гадах пазычаў грошы нібыта на развіццё бізнесу па перапродажы аўтамабіляў з Расіі. Бізнесу ў рэчаіснасці не існавала. Сярод пацярпелых апынуўся брат жонкі. Ён браў у яго грошы, але ў Расію нават не ездзіў - даязджаў да Мінска, дзе спускаў грошы ў казіно. Сваяку жа ў якасці пацверджання паказваў фота дарагіх машын, якія рабіў на вуліцах Мінска, і распавядаў, што менавіта гэтыя машыны ён толькі прыгнаў для наступнага продажу.
Яшчэ з двума пацярпелымі фігурант пазнаёміўся на працы, калі працаваў ахоўнікам у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Гэтым таварышам зламыснік распавядаў, што разам з братам жонкі мае бізнес па продажы польскай мэблі. Гэтым бізнесам сапраўды валодае вышэйназваны брат жонкі. Для пацверджання сур'ёзнасці сваіх намераў мужчына дэманстраваў калегам фота, зробленыя ў краме сваяка.
Так і не дачакаўшыся вяртання сваіх грошай назад, пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю. Агульная сума нанесенай шкоды склала 54 000 долараў. Усе грошы аршанец прайграў у казіно.
Заведзена крымінальная справа па артыкуле «махлярства». «Бізнесмену» пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Каментары