Здарэнні4242

«Усіх мужчын закрылі, пасёлак стаіць пусты!» — пасля забойства даішніка ў Магілёве міліцыя масава затрымлівала цыганоў РЭПАРТАЖ

На трасе М4 працягвае стаяць міліцыя, на пад’ездзе да Магілёва і на некаторых скрыжаваннях дзяжураць байцы ў шлемах. Працягваецца пошук таямнічай чорнай «Волгі», на якой невядомыя скралі інспектара ДАІ вечарам 16 мая. Ноччу 22-гадовага міліцыянта Яўгена Патаповіча знайшлі забітым у лесе.

Кажуць, што апошні раз Патаповіча бачылі ў магілёўскім раёне Чапаеўка. Там ён ці то сам сеў у тую «Волгу», ці то яго туды запхнулі. У «Волзе» былі ці то цыгане, ці то асобы каўказскай нацыянальнасці. Мясцовыя схіляюцца да першай версіі, бо Чапаеўка — адзін з двух цыганскіх раёнаў Магілёва, другі — Грабянёва. І ў абодвух раёнах ноччу прайшлі сапраўдныя зачысткі, кажуць мясцовыя жыхары.

Чапаеўка — гэта вялікі прыватны сектар непадалёк ад вакзала. Яна фактычна падзеленая на дзве паловы. У адной жывуць беларусы, у другой, праз вуліцу, — цыганы.

Цяпер у Чапаеўцы ціха, з вокнаў невысокіх абдзёртых дамкоў насцярожана паглядваюць смуглыя жанчыны. На размову пагаджаюцца, але просяць не фатаграфаваць іх — баяцца праблем:

«Не здымайце, бо нас зусім тады задзяўбуць. Нам і так тут жыцця няма».

Жанчыны кажуць: ноччу ў Чапаеўку прыехала міліцыя. Забралі ўсіх.

«Да нас прыехалі міліцыянты. У масках, са зброяй, з аўтаматамі. Забралі мяне, майго непаўналетняга сына. Яго забралі на допыт аднаго — а на гэта ж міліцыя не мае права. Мяне да сына не пусцілі. Я пачала крычаць, пагражаць, што знайду адваката, — расказвае адна з жанчын. Называецца Вольгай. — Я дабілася, каб міліцыя яму выклікала таксі і адправіла дадому. Гэта было каля паловы на трэцюю ночы!»

Сям’я ў Вольгі традыцыйна вялікая. У адным невялікім старым доме жыве 14 чалавек.

«Я, маці, мой брат, дзве нявесткі, мая пляменніца…» — пералічвае Вольга жыхароў дома.

Такіх сямей у Чапаеўцы каля трыццаці. Ва ўсіх па 10—15 чалавек.

Жанчына кажа, што міліцыя забірала ўсіх паўналетніх мужчын, некаторых падлеткаў і большасць жанчын. У хатах пакінулі толькі старых і жанчын з малымі дзецьмі. Прычым не толькі ў яе. Вольга запэўнівае, што маштабная зачыстка прайшла сярод цыганоў ва ўсёй Чапаеўцы.

 «У нас з 14 чалавек забралі 10. Па ўсёй Чапаеўцы забралі чалавек 40 мужчын і прыкладна столькі ж жанчын. Жанчын адпусцілі каля 4-й ночы. А тут жа ўсе працуюць, людзям раніцай на працу! — абураецца Вольга. — Мужчын пакінулі пад вартай. Майго старога дзядзьку збілі. Сказалі, што адправілі ў бальніцу».

Дапытвалі і саму Вольгу.

«Пыталіся, дзе мы былі, што бачылі. У суседзяў было свята, яны гулялі два дні — сын вызваліўся. Была п’янка. У нас пыталіся, ці бачылі мы, каб да іх пад’язджала такая машына? — распавядае Вольга. — Я кажу: каб бачыла, штосьці сказала б, бо любога чалавека шкада».

Вольга пацвярджае, у цыганскіх сем’ях хапае тых, хто сядзеў. Але хапае і тых, хто працуе.

«Паўсюль ёсць вырадкі! І сярод цыган, і сярод рускіх!» — дадае іншая жанчына, Алеся.

«Нашых вы ціснеце. А вашы дзяцей сваіх гвалцяць. Людзей рэжуць. Тут маньяк завёўся, у Казіміраўцы, год таму, жанчын патрашыў», — абураецца Вольга.

«А цыганоў робяць вінаватымі. Чаму гэта менавіта цыганы, можа, гэта чалавек быў іншай нацыянальнасці? — кажа Алеся. — Я лічу, што гэта канец свету. Я са сваімі трыма дзецьмі цяпер баюся ісці праз лес. Мне трэба было ўначы выйсці па малако, я ўбачыла АМАП і нікуды не пайшла. Дзіця малое было без малака ўсю ноч».

Жанчыны кажуць, што зачыстка прайшла і сярод цыганоў, якія жывуць у Грабянёве. Там таксама міліцыя забрала мужчын. Па словах жанчын, грабянёўскіх мужчын адпусцілі. Мужчын з Чапаеўкі пакінулі пад вартай. Меркавана, на трое сутак, але жанчыны лічаць інакш.

«Сказалі, што будуць пад вартай, пакуль мы не знойдзем [забойцаў], пакуль не паведамім, хто гэта быў», — кажа Вольга.

«Усіх мужчын закрылі, стаіць наш пасёлак пусты», — крычыць старая жанчына. Кажа, яе завуць Святланай.

«А што міліцыя чула, ведала, хто там быў? Гэта ўсё выдумкі! Яны захацелі ўсё на цыганоў зваліць, вось і валяць! А тых, вінаватых, не знойдуць ужо, вось убачыце. За нейкую х**ню яны б хутчэй знайшлі, а за гэта — не знойдуць. Калі тыя людзі падаліся на Расію, то хрэн іх знойдзеш!» — абураецца Святлана. Яна кажа, што ў яе ў міліцыю забралі ўнука.

«Гэта зусім, хоць ты бяры і вешайся! Хоць вы спаліце гэтыя дамы і бяжыце куды вочы глядзяць!» — працягвае крычаць Святлана.

Машыны на расійскіх нумарах прыганяюць мясцовыя хлопцы на перапродаж. Але «Волгі» не бачылі, кажуць жанчыны. Ды і калі да кагосьці прыязджаюць госці, то ўсе пра гэта ведаюць.

«Мы ж усе свае. Каб нейкія сваякі з Расіі завіталі да суседзяў, увесь пасёлак бы ведаў, — кажа Алеся. — Я б сама сказала пра гэта міліцыянтам! Але ніхто не прыязджаў!»

Алесю падтрымлівае і пажылая Святлана.

«Хто б пра такога эсэсаўца маўчаў, хто б яго хаваў!? Каб яго рак растачыў, таго, хто тое зрабіў з маладым хлопцам, — праклінае забойцу старая. — Каб рукі адсохлі!»

За Чапаеўкай і так пільна сочыць міліцыя, кажуць жанчыны. Новых гасцей заўважылі б і самі сілавікі.

«Тут кожны тыдзень катаецца міліцыя, АМАП, крымінальны вышук. Пастаянна ў нашых адкатваюць пальчыкі! Проста бяруць і адкатваюць усіх цыганоў, усіх чорных. Кожны раз перапісы праводзяць, фатаграфуюць нашы машыны, — кажа Алеся. — Калі штосьці здараецца, то адразу прыходзяць да нас. Усе і ўсё на кантролі».

У Грабянёве, іншым цыганскім раёне, прадстаўнікі дыяспары таксама запэўніваюць: ноччу была міліцыя, затрымлівалі ўсіх. Кажуць, што забіралі і старых, і непаўналетніх, трымалі да ночы.

«Спачатку забралі мужа, пасля яшчэ раз прыехалі, ўзялі мяне і нявестку. Трымалі да ночы», — кажа адна з жанчын.

Па яе словах, агулам затрымалі 150 «грабянёўскіх» цыганоў. Большасць адпусцілі, але частка мясцовых мужчын нібыта яшчэ пад вартай.

Праўда, муж жанчыны, адзін з тых затрыманых, адказвае як па пісаным:

«Міліцыянты паводзілі сябе з намі нармальна, не затрымлівалі, а запрасілі ветліва праехаць з імі, я пагадзіўся. Усё было нармальна, такая ў іх праца, праблем не бачу. Ніхто нікога не біў».

У вялікім замку ў Грабянёве жыве сям’я мясцовага барона. Той цяпер у Мінску ў бальніцы, таму функцыі выконвае яго малодшы брат Леанід Казіміраў.

«Я быў у міліцыі толькі што. Мяне не затрымлівалі, запрасілі, каб я прыехаў пагаварыць. Міліцыя кажа, што ў паведамленні супрацоўніка ДАІ было ўказана, што гэта зрабілі цыганы. Але гэта на дадзены момант нічым не пацвярджаецца, — кажа Леанід Казіміраў. — Я цяпер буду збіраць людзей, высвятляць, ці хтосьці штосьці ведае, хто чым можа дапамагчы.

Праз пару гадзін паеду ізноў у міліцыю размаўляць. Уначы размаўляў з міліцэйскім начальствам, тут быў намеснік міністра ўнутраных спраў. Я паабяцаў максімальна дапамагчы».

Леанід Казіміраў

Казіміраў пацвердзіў, што затрыманні ноччу былі.

«Агулам цяпер пад вартай каля сотні чалавек, але іх дапытваюць і адпускаюць. Я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Усё ж было забойства, гэта трагедыя», — сказаў Казіміраў.

«Ідзе планавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненні да мясцовых жыхароў няма», — пракаментавала сітуацыю афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Каментары42

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім2

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак23

Белчыгунка абвясціла зніжкі да 40%. Але трэба купіць квіток у апошні момант

Як аўтакаміс падманвае пры продажы машыны са Штатаў2

Жанчына крала адзенне ў мінскім ГЦ і прадавала ў іншай краіне2

На рэйсах Гродна — Мінск замест маршрутак з'явіліся вялікія аўтобусы3

У школе ў Пецярбургу павесілі фатаграфіі ўдзельнікаў Рускага добраахвотніцкага корпусу з надпісам «героі Расіі»10

Расія зноў стварае абменны фонд: грамадзяніна ЗША асудзілі на 15 гадоў за «збор даных для сістэмы генетычнага скрынінгу»

Лукашэнка на дабрачынным дзіцячым свяце сказаў дзецям: «Надо!»12

У Новай Баравой загарэўся рэстаран5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім2

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →