Пасля ураганнай стыхіі, якая прайшла ўвечары 29 мая, у вёсцы Гарэнічы Бярэзінскага раёна на тэрыторыі прыватнага ўчастка перакулілася гняздо з маленькімі бусламі. Яго насельнікаў знайшлі і далі прытулак, паведамляе mlyn.by.

— Усё маё жыццё ля нашай хаты жылі буслы, — распавяла жыхарка Гарэнічы Таццяна Жыбуль. — Увосень зляталі, вясной прыляталі, так было заўсёды. Аднойчы гняздо скінула ветрам, і мы з бацькам, братам і мужам паставілі яго на месца. Але зараз дрэва разам з птушанятамі ўпала, а дарослыя буслы сюды не прыляцелі. Прыходзіцца птушанят карміць самастойна. Даю ім яйкі, тварог, курыную печань. Ядуць шмат. Па памеры ўжо як дарослыя курыцы.

У грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» растлумачылі:
— У гэтым выпадку ёсць дзве альтэрнатывы: пабудаваць гняздо для маленькіх буслоў і, калі яны трохі падрастуць, пасадзіць іх туды, магчыма па іх прыляцяць іх бацькі. Яшчэ можна паспрабаваць аддаць птушак у прыватныя заапаркі, якія знаходзяцца ў Дзяржынскім і Асіповіцкім раёнах.
Каментары