Меркаванні2828

Віктар Марціновіч аб папраўках у закон аб прызыве: Не стаўцеся да моладзі як да прыгонных сялян

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра службу ў войску і папраўкі ў законе аб прызыве.

Калі я пачуў пра тое, што ў апошнія дні працы Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання дэпутатам прапанавана тэрмінова, адразу ў двух чытаннях, прагаласаваць за папраўкі, якія адменяць шэраг «інтэлектуальных» адтэрміновак ад войска, першым, што я згадаў, быў мінулагодні «IT-прызыў».

У нечым логіка тут падобная да з’яўлення халабудаў з шашлычкамі і валёнкамі на вуліцы Кастрычніцкай. Што, хіпстота? Што, магістранты, дактаранты і стыпендыяты Вышаградскай групы? Што, думалі адседзецца па сваіх смольных ды цэнтральнаеўрапейскіх універсітэтах? Думаеце схавацца ад бота радзімы ў Вене, Празе ці Ваве? Дык вось вам, казляняты, наша пралетарская ўсёпранікальнасць! Відушчае вока Вялікага Брата!

І тут трэба зазначыць: я не маю нічога супраць службы ў войску. І, як усякі нармальны чалавек, я люблю месца, дзе радзіўся, дзе ўпершыню пакахаў дзяўчыну, для сузор’яў якога я ведаю ўсе спрадвечныя назвы (і, знаючы, што Ursa Major нашы продкі клікалі «Іллёў Воз», я ніколі не даведаюся «нашага імені» паўднёвага сузор’я Crux).

 Але ж размова зусім не пра тое.

 Я дагэтуль не разумею, дзеля чаго быў той «IT-прызыў», як не дзеля таго, каб прадэманстраваць «вумнікам», хто тут галоўны. Мы гатовыя любіць Радзіму, нас з усіх сіл вымушаюць яе баяцца. Ці гэта ёсць мэтай? Папраўце мяне, калі я памыляюся!

 Я не супраць таго, каб у міліцыю не бралі «касьбяроў». Я не супраць таго, каб дзяржаўная служба камплектавалася з тых, хто прайшоў «служэбку» ў Печах.

Але я катэгарычна супраць скасавання адтэрміноўкі для навучання ў магістратуры ці дактарантуры. Зараз паспрабую патлумачыць, чаму.

«Быў такі амерыканскі вучоны Роберт Вільсан. У канцы 60-х ён выбіваў у Кангрэсе грошы на паскаральнік элементарных часцінак. І нейкі сенатар вазьмі і запытайся ў яго: скажыце, гэны ваш паскаральнік дазволіць узмацніць абарончую здольнасць краіны? Не, кажа Вільсан, не дазволіць. Сенатар пытаецца: а навошта тады? І Вільсан яму адказвае: паскаральнік адносіцца да той жа катэгорыі, што вялікая паэзія, жывапіс, скульптура і гэтак далей. Усё гэта не дазваляе абараняць краіну. Але гэта робіць яе вартай таго, каб яе абараняць». Даруйце за доўгую цытату, але гэты фрагмент з «Патаемных відаў на гару Фудзі» Пялевіна вычарпальна тлумачыць, чаму патэнцыйных магістрантаў і дактарантаў не варта валачы ў войска.

У XXI стагоддзі, у час гібрыдных войнаў, краіну бароняць не танкі і не войска. 

Згадайма сітуацыю на Данбасе: калі на ўсходзе Украіны з’явіліся «зялёныя чалавечкі», улада была паралізаваная, а рэгулярнае войска пакутавала ад найвялікшага ў гісторыі палітычнага крызісу. Шмат якія службоўцы проста разбегліся, частка перайшла на бок меркаванага ворага.

 І тады неабыякавыя мужыкі сабраліся, узброіліся хто чым мог, набылі ў ваенгандлі ўніформу, бронікі, берцы — і пайшлі ваяваць. Бараніць тое, што было — на іх думку — вартым абароны.

Даражэнькія мае, калі вы дасце той моладзі, якая хоча рухаць наперад беларускую навуку, вучыцца, плёну ад гэтага будзе болей. Хай «разумнікі» займаюцца сваёй справай, а «сапраўдныя мужыкі» — сваёй. Хай айцішнікі зарабляюць грошы, а міліцыя, войска і МНС аберагаюць іх працу.

Паверце, калі вы скіруеце грошы, зарэзерваваныя пад сістэму ўсеагульнага распазнавання і тэкставай расшыфроўкі размоваў (каб прасцей было сачыць за кожным настолькі дурным, каб абмяркоўваць важнае па тэлефоне), на фінансаванне тэатраў, праз пяць гадоў у нас паўстане моцная сцэна, што выгадуе сапраўдных, а не «бээрэсэмаўскіх» патрыётаў.

Калі вы скіруеце траціну бюджэту, на які ўтрымліваецца міліцыя і КДБ, на кінавытворчасць, патрэба ў такой колькасці міліцыі і КДБ знікне, бо ніякай змовы, ніякіх пратэстных акцый супраць папулярнай, моцнай культурна сістэмы не можа быць па вызначэнні.

Калі ўсе любяць уладу за ўсеагульны росквіт, бараніць яе ўздымуцца не толькі людзі ў пагонах, але і чытачы, і гледачы, і меламаны, і тэатралы — зноў жа, сапраўдныя тэатралы, без двукосся.

Памятайце пра словы Роберта Вільсана. Не стаўцеся да моладзі як да прыгонных сялян. Заахвоцьце іх працаваць на плён нашай Радзімы.

Інакш вельмі хутка пасля ўвядзення тых паправак вы заўважыце, што ўсе найлепшыя, самыя таленавітыя ўжо з’ехалі. І, у адрозненне ад дзяўчынкі Ясі, гераіні рамана «Возера радасці», ніколі, абсалютна ніколі сюды не вернуцца.

Каментары28

Цяпер чытаюць

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп асабіста папрасіў Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне2

Расія ўначы нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Чысты тэрор: 73 ракеты па гарадах і 656 беспілотнікаў4

Якія фігуры людзі насамрэч лічаць найбольш прывабнымі?19

Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак падачы заявы на візу па карце паляка6

Мільёны на «правільных» апытаннях. Як жонка галоўнага прыдворнага сацыёлага Крамля купаецца ў раскошы10

У Полацку паставілі новыя ўязныя знакі. Усе на рускай мове23

Беларус аплаціў дзяўчыне вініры, а пасля раставання запатрабаваў грошы. Што кажа закон?9

ШІ-гігант Anthropic падаў заяўку на IPO, апярэдзіўшы OpenAI

Затрыманы топ-менеджар Мінабароны РФ па забеспячэнні войска7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць