Меркаванні2020

Віктар Марціновіч пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна: Як падпісаць Нішто

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра тое, чаму не варта чакаць «паглыбленай» інтэграцыі з Расіяй у бліжэйшай перспектыве.

Як мы пісалі напярэдадні, спрэчка падчас «лёсавызначальных» перамоваў у Сочы разгарнулася вакол сцэнароў «Люблінская унія» (за яго «тапіла» Масква) і «Блаблабла» (варыянт, сімпатычны Мінску). Як мы прадказвалі, сустрэча скончылася нічым.

З тым толькі нюансам, што бакі вырашылі не падпісваць тое Нішто ў якасці «пераможнага» выніку.

Адкладанне інтэграцыйнага дэдлайну на 20 снежня не можа падмануць нікога, здольнага думаць.

Любую спрэчную сітуацыю можна разруліць за 5 гадзінаў спрэчкі за зачыненымі дзвярыма. Калі гэтага не адбылося за год, а «інтэнсіфікацыя з’яднання» ідзе ўжо год, гэтага — пры цяперашніх пазіцыях бакоў — не адбудзецца ніколі.

У Беларусі няма інструментаў вярнуць сабе былую вуглевадародную рэнту, не пазбавіўшыся часткі суверэнітэту. Адзіны рубель, адзінае кіраванне (сапраўднае, а не віртуальнае, як гэта было з «вышэйшай дзяржаўнай радай» «садружнасці») — вось тое, што прапаноўвалася наўзамен. І ўсе разумелі, што ніякі танны газ не заменіць афіцыйнаму Мінску асалоды ад права прызначаць сваіх Даш, Маш і Лёш у «парламент».

З іншага боку, у Масквы няма шанцаў забраць частку паўнаўладдзя беларускай вертыкалі нават у абмен на істотныя патанненні энерганосьбітаў.

Тут усё проста: дабрабыт збольшага нікому катэгарычна не патрэбны. Бо ён не ўплывае на кіраванасць краіны, выбудаванай на тых прынцыпах, на якіх выбудаваная Беларусь. Ягоная адсутнасць рэзультуецца адно ў бухцяжы ў сацыяльных сетках і на YouTube-каналах, што афіцыйны Мінск імкліва вучыцца прыціскаць з дапамогай судовых рашэнняў аб экстрэмізме і бот-атак са скаргамі на непрымальны для дзяцей кантэнт. Чынавенства як ездзіла, так і будзе ездзіць на навюткіх машынах. Калі газ быў танным, яны «цягнулі» з бюджэту. Цяпер, як вынікае з тых-сіх сітуацый, вучацца «цягнуць» з еўрапейскіх фондаў (цалкам змяняючы сэнс паняцця «грантасос»).

Я памятаю 90-я і ведаю, як бывае, калі эканоміка перажывае «цяжкія часы». Новыя «іншамаркі» для выканкамаў перастаюць набывацца на аукцыёнах за сродкі пустых бюджэтаў. Замест таго ва ўсе незалежныя медыі ідзе плынь скаргаў ад замежнікаў і транзіцёраў, у якіх адціснулі шыкоўныя тарантасы праз памаркі ў мытных дэкларацыях.

Калі донарам для сілкавання сістэмы перастае быць Расія, у гэтага донара ператвараюцца грамадзяне. Падаткі, цэны на паліва, няпоўнагадовыя, якіх можна рассадзіць па калоніях бясплатна дзерці дрот з бракаваных шынаў. Нарэшце, у кожным з нас сядзіць унутраных органаў на 40 тысяч еўра — палову з іх можна канфіскаваць без вокамгненнай страты здольнасці галасаваць датэрмінова.

То глабальна супакоіцца могуць як тыя, што прагнуць інтэграцыі, так і тыя, што баяцца яе як чорта. Пры наяўных узаемных цікавасцях бакоў ніякага паглыблення саюза адбыцца не можа.

Але, як заўсёды, ёсць мікраскапічная магчымасць радыкальнай змены раскладу. Прычым толькі з аднаго боку. Бо ўявіць сабе сітуацыю, калі раптам памягчэе пазіцыя Расіі і тая адновіць фундаванне Беларусі, не патрабуючы рэальнага палітычнага збліжэння, можна толькі ў сцэнары кіно пра іншапланетнае ўварванне ў Крэмль.

Дык вось, калі (як мы патлумачылі) ніякае пагаршэнне ў эканоміцы не вядзе да падвышэння зацікаўленасці ў Расіі з беларускага боку, то мусіць скласціся карціна, пры якой шчыльнае партнёрства з Крамлём з’яўляецца адзіным інструментам утрымання ўлады. І ўявіць сабе такі сцэнар у бачнай будучыні мы не можам па трох прычынах.

Па-першае, у Расіі няма вопыту вонкавай змены рэжымаў за мяжой палітычнымі метадамі. Расія на постсавецкай прасторы заўсёды працуе з дзейнымі лідарамі і хутчэй супрацьстаіць «аранжавым рэвалюцыям», чым спрычыняецца іх. Па-другое, любое палітычнае абвастрэнне пасля 25 гадоў «застою» ў Беларусі выведзе на вяршыню хвалі нацыянальна-дэмакратычныя ці кансерватыўныя сілы: ніякай іншай ідэалогіі, што кантраставала б з «саветызмам», няма. А Расія, відавочна, вельмі не зацікаўленая ў з’яўленні ў крэсле перамоўцы з беларускага боку Севярынца, Някляева ці Пазняка. Па-трэцяе, уся краіна стаіць на праслушцы, самай моцнай палітычнай сілай тут з’яўляецца Жоўты дом, які кантралюе Шэры дом, які маніторыцца Шкляным домам.

Нават Ланістэры тут не здольныя былі б нічога замуціць.

У гэтых умовах і 20-га, і пазней адзіным гатовым для падпісання Лукашэнкам і Пуціным будзе Нішто.

Калі набор козыраў у руках гульцоў зменіцца, мы гэта адчуем, бо страту палітычнай стабільнасці і кіраванасці краінай немагчыма схаваць за сакрэтнымі пратаколамі.

Пакуль жа нам няма пра што хвалявацца, даражэнькія

Каментары20

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус пешкі ідзе 3000 кіламетраў з Варшавы да Іспаніі — гатовы ночыць у лесе і мыцца ў рэчцы9

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны2

У Беларусі ўжо +30°C1

Cклады Wildberries: пад Масквой і ў Цверы — міма, у Пецярбургу пайшло з дымам. Ёсць пападанне і ў НПЗ12

Расійскі дрон ганяўся за прадаўцом на вуліцы Херсона і выбухнуў ВІДЭА3

Шмыгаль назваў, якую новую мэту па знішчэнні ва Украіне паставіла сабе Расія9

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка2

Беларускі бізнэс просіць улады дапамагчы пацярпелым прадаўцам Wildberries16

Расійскі вайсковец адкрыў агонь у вёсцы пад Севастопалем. Чатыры чалавекі загінулі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць