Нерухомасць

Як савецкі піянер касцёл ратаваў

Нават многія дарослыя прымаюць усё, што чуюць па тэлевізары, за чыстую манету. Што ўжо казаць пра дзяцей. Гісторыю, якая адбылася ў дзяцінстве з ягоным бацькам, расказвае Антон Рудак.

Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Альковічах. Сучасны выгляд. Wikimedia Commons

Альковічы — вёсачка ў Вілейскім раёне, вядомая яшчэ з канца XVII стагоддзя, калі тут збудавалі першую драўляную каталіцкую капліцу. На пачатку XVIII стагоддзя каплічка ўжо змянілася драўляным касцёлам — менавіта ў ім 21 красавіка 1863 года мясцовыя паўстанцы з атрада Вінцэнта Козела-Паклеўскага зачыталі маніфест аб пачатку паўстання. 

Драўляны касцёл, у якім абвяшчалі паўстанцкі маніфест, да нашага часу не захаваўся, але яшчэ ў 1897 годзе побач з ім пачалі будаваць мураваны неагатычны храм, асвечаны ў 1905-м у гонар Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Сёння яго ведаюць далёка за межамі раёна, тут спыняюцца пілігрымкі з Мінска на Будслаў. 

Паверыў тэлевізару

Але так было не заўжды. У 1950 годзе касцёл быў зачынены — у ім зрабілі зернясховішча. У 1968-м у колішнім храме здарыўся пажар: маланка трапіла ў званіцу, і крыж абваліўся на дах.

Усё гэта адбывалася на вачах майго бацькі, тагачаснага школьніка Грышы Рудака, які жыў у суседняй вёсцы. У 1975-м, калі яму было 10 гадоў, Грыша пабачыў тэлеперадачу, дзе распавядалі пра патрэбу ахоўваць помнікі архітэктуры. Справядліва палічыўшы касцёл такім помнікам, хлопчык вырашыў даслаць на мінскае тэлебачанне ліст пра гаротны стан альковіцкага касцёла.

Адказны піянер Грыша.

Зварот вясковага школьніка нарабіў шуму на цэлы раён. Што і не дзіўна: ягоны бацька, а мой дзед, быў дырэктарам школы і членам партыі. Традыцыі ваяўнічага бязбожніцтва тады яшчэ былі цалкам актуальныя, і лічылася, што малодшае пакаленне, выхаванае ў савецкіх школах, не павінна мець аніякіх сантыментаў да ўсяго, што хоць бы як звязана з рэлігіяй.

«Звычайны нікчэмны аб’ект…»

Самога Грышавага ліста мы, на жаль, не маем, але адзін з дакументаў, якія з’явіліся ў выніку наступнага «разбору палётаў», да сёння захоўваецца ў сямейным архіве. Гэта ліст за подпісам старшыні Альковіцкага сельсавета, адрасаваны ў Вілейскі райвыканкам, з тлумачэннем учынку піянера і ягоных матываў. 

Старшыня сельсавета ліст толькі «падмахнуў», а сапраўдным аўтарам яго тэксту быў бацька хлопчыка, гэта значыць мой дзед. Яму давялося для апраўдання сына шчодра карыстацца казуістыкай у духу тых часоў:

«Хлопчык, памылкова лічачы, што будынак вялікага касцёла ў в. Альковічы таксама адносіцца да ліку архітэктурна-мастацкіх помнікаў, праявіў клопат аб захаванні гэтага будынка. У гутарцы з хлопчыкам яму растлумачана, што не кожны старажытны будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць, што будынак былога касцёла не ўяўляе сабой помніка, што гэта звычайны нікчэмны аб’ект. Пазіцыя вучня… не мае рэлігійнай асновы. Грыша — піянер, выдатнік, выхоўваецца ў сям’і перакананых атэістаў…»

Наверсе апраўданні былі прынятыя, справе ў выніку ходу не далі. Часы былі хоць яшчэ і савецкія, але ўжо не самыя суровыя. Нервы людзям яшчэ псавалі, але звычайна ўжо не больш за тое, калі гаворка не ішла пра сапраўды антысавецкія дзеянні.

Тэкст тлумачальнага ліста ад імя старшыні сельвыканкама напісаў бацька Грышы.

Праўда перамагае

А неўзабаве ўсё ўвогуле павярнулася зусім іншым бокам. Тое, за што ўшчувалі піянера Грышу Рудака, ужо праз які дзясятак гадоў стала справай дзяржаўнай важнасці. Яшчэ не паспела абрынуцца савецкая ўлада, як будынак быў прызнаны помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння, а ў 1989-м, у год майго нараджэння, альковіцкі касцёл быў вернуты вернікам і адрэстаўраваны. Яшчэ і сёння мы з бацькам, хоць самі ахрышчаныя ў праваслаўі, часта завітваем да сцен старога касцёла. Тут, дарэчы, ёсць і невялічкі краязнаўчы музей з дужа цікавымі экспанатамі. Завітвайце ў Альковічы і вы! 

P.S. Гэты тэкст быў падрыхтаваны для вілейскай газеты «Волат» у 2015 годзе, але не паспеў выйсці ў свет з прычыны смерці яе выдаўца, Аляксея Лужынскага. Гэтую публікацыю я прысвячаю ягонай памяці.

Каментары

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду8

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

Шалёны манеўр матацыкліста ў Гомелі трапіў на ВІДЭА2

Статкевіч: Лідары руху за дэмакратыю павінны заставацца ў краіне, нават калі кошт гэтага вялікі. Дыяспара можа адыграць толькі дапаможную ролю58

Спачатку закапалі цела, потым адкапалі і спалілі, а прах развеялі. У Гомелі раскрылі забойства2

Брытанская разведка: На вайне ва Украіне загінулі амаль паўмільёна расійскіх салдат8

Ці абавязаныя рэстараны даваць ваду кліентам: гучнае рашэнне суда ў турыстычнай Італіі3

Хто той хлопец, які чакаў дзяўчыну пад дажджом у Мінску? Вы дакладна бачылі тое рамантычнае відэа20

Еўрасаюз пакуль не будзе прызначаць перамоўшчыка з Пуціным2

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары2

Знойдзены манускрыпт чарнакніжніка з Радашковіч, які лічылі страчаным10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду8

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць