Улада2424

Вучыўся ў школе ў Літве, 12 гадоў служыў у КДБ: што вядома пра новага кіраўніка КДК Івана Церцеля

Іван Церцель 4 чэрвеня ўзначаліў Камітэт дзяржаўнага кантролю. На гэтай пасадзе ён змяніў цяжкавагавіка Леаніда Анфімава, які ўзначальваў структуру амаль шэсць гадоў. І ўжо праз тыдзень Церцель апынуўся ў цэнтры гучнай крымінальнай справы Белгазпрамбанка.

Іван Церцель. Фота sb.by

Менавіта ведамства Церцеля вядзе гэтую справу, а сам кіраўнік агучвае для дзяржаўных СМІ яе падразбязнасці.

«НН» сабрала цікавыя звесткі пра Івана Церцеля і ягоную сям’ю.

Іван Церцель нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Прывалкі Гродзенскага раёна. Гэтая вёска мае багатую гісторыю. Належала паселішча роду Агінскіх. А ў 1792 годзе, перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, кароль Станіслаў Панятоўскі надаў Прывалкам магдэбургскае права і герб («у ружовым полі арханёл Міхал, у правай руцэ маланкі, у левай — шчыт, пад нагамі постаць д’ябла сярод агню»).

Герб Прывалкаў

У Прывалках па сёння бавіць летні час мама Івана Церцеля Анастазія Казіміраўна. «Зімой я ў Гродне, самой ужо цяжка тапіць дровамі хату, а на лета сюды прыязджаю. Сёлета позна, толькі ў маі прыехала, раней у канцы красавіка яшчэ», — расказвае «Нашай Ніве» спадарыня Церцель.

У сям’і Анастазіі Казіміраўны і Станіслава Янавіча было двое сыноў-пагодкаў: Іван і Юрый.

Малодшы Юрый — таксама цяпер пры высокай пасадзе: ён узначальвае Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі. Раней ён узначальваў Асобную службу актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) — пагранічны спецназ.

Юрый Церцель, фота gosinspekciya.gov.by

«Сыны вучыліся ў базавай школе тут, у Прылуках, а сканчвалі школу ўжо ў Друскеніках, у Літве. Я ж з вокнаў сваёй хаты бачу літоўскую вёску, праз Нёман», — расказвае мама чыноўніка.

«Раней жа не было граніц. А па прамой тут да Друскенікаў пяць кіламетраў. Яны выходзілі на трасу Гродна — Вільня і падсаджваліся на рэйсавыя аўтобусы, што ехалі ў Вільню, Алітус, Калінінград. Шмат было аўтобусаў».

А ці ведае Іван Церцель літоўскую мову? «У Друскеніках школа была руская, але літоўскую яны таксама вучылі, троху ўмеюць гаварыць, — расказвае мама. — У савецкія часы ў Вільню мы вельмі часта ездзілі: то ў магазіны, то да касцёла. У нас жа бліжэй да Вільні, чым да Мінска».

Што тычыцца касцёла, то спадарыня Церцель кажа, што ўся іхняя сям’я — католікі. Сама жанчына ходзіць у касцёл, толькі цяпер пазбягае наведвання храма ў сувязі з каранавірусам.

«Вучыліся добра. Я нават не скажу, якія прадметы былі любімымі — усё любілі. Як усе, хадзілі на рыбалку. Спортам захапляліся: Юрый нават раённае спаборніцтва па настольным тэнісе выйграваў.

Яны ж вясковыя хлопцы, працы ніякай не пазбягалі. Раней давалі ў калгасе буракі на праполку, то яны і для школы праполяць, і для нас, і для бабы з дзедам. Я нядаўна перачытвала лісты Івана з войска, — ён у Туле служыў, — то кожны раз прасіў прывітанне перадаць бабе і дзеду».

Сама Анастазія працавала ўсё жыццё культработніцай: бібліятэкаркай, а таксама загадчыцай мясцовага клуба, хаця вучылася ў Гродне ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме. Але выйшла замуж, вярнулася на радзіму і змяніла сферу. Бацька Івана Церцеля, Станіслаў Янавіч, быў кінамеханікам.

Сёлета будзе 25 гадоў, як Станіслаў Церцель памёр, яму было 55 гадоў. «Маладым памёр, а яшчэ ва ўсю гэтую перабудову. Цяжка было, але сыны дапамаглі», — кажа Анастазія Казіміраўна.

Увесь род Івана Церцеля паходзіць з Прывалак. «І я мясцовая, і муж, і бацькі нашы. Толькі адна бабуля ў мяне была літоўка, з суседняй вёскі. А ведаеце, як маё дзявочае прозвішча? Вейкнер. Можа, нямецкае, хто яго ведае, але мы ўсе мясцовыя. І па пашпарце я не Анастасія, а Анастазія. Калі куды прыходжу, то заўсёды перапытваюць, як імя».

Вучыцца Іван Церцель паехаў у Разань, у вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. У Беларусі скончыў Інстытут нацыянальнай бяспекі. Ад 1993 года служыў у Пагранічным камітэце (савецкая спадчына, калі пагранічнікі былі прывязаныя да КДБ).

У 2008 годзе Іван Церцель стаў намеснікам старшыні КДБ і прабыў на гэтай пасадзе аж да 2020 года. Гэта рэдкасць пры цяперашняй сістэме ратацыі кадраў.

Іван Церцель жанаты.

«Жонку ён знайшоў на вяселлі брата. Ён браў дзеўку з Ліды сабе. А раней як на вяселлях было: утвараліся пары «дружка» і «дружбан», на іх банты апраналі, і яны маладых суправаджалі. Дык вось са сваёй жонкай яны былі «дружка» і «дружбан», так пасябравалі, перапісваліся, а потым ажаніліся. Яна таксама з Ліды. Нявесткі ў мяне добрыя».

У Івана Церцеля адзін сын Міраслаў. Ён вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ. Жанаты, дзяцей пакуль не мае.

«Калі сына назначылі ў дзяржкантроль, то я абрадавалася, але адначасова задумалася, што праца нялёгкая», — сказала мама чыноўніка.

Чытайце: Жанаты другі раз, сын піша вершы па-беларуску: што вядома пра сям’ю новага прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі

Спецыяліст па паразітах: што вядома пра новага віцэ-прэм’ера Аляксандра Субоціна

Каментары24

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць3

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць3

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →