Выбары-202044

«Спытайце, што такое «ПрыватЛізінг». Адкуль узялася кампанія, якая сувязь з Белгазпрамбанкам і што з ёй цяпер?

4 чэрвеня, яшчэ да пачатку адкрытага палітычнага пераследу Віктара Бабарыкі і яго каманды, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Вы ў яго спытайце, што такое кампанія «ПрыватЛізінг».

Так выйшла, што ніхто яшчэ ўцямна не тлумачыў, адкуль узялася кампанія, адкуль узялася сувязь з банкам і што з «ПрыватЛізінгам» адбываецца цяпер. 

Расказваем.

Праз прадпрымальніцкі імпэт Віктара Бабарыкі па заробку грошай на пачатку 2000-х Белгазпрамбанк пачаў займацца не зусім уласцівымі яму справамі: растэрміноўкамі, страхоўкай, калектарствам.

Справа была прыбытковай, але прыляцела пстрычка з Масквы, маўляў: мы баімся, што вашы беларускія кантралёры расцэняць страхоўку і растэрміноўкі як парушэнне профільнага заканадаўства, засяродзьцеся на выключна банкаўскіх аперацыях — крэдытах і рахунках.

Зрэшты, перад Белгазпрамбанкам, па словах абазнаных, ніколі не стаяла задача зарабіць усімі сіламі як мага болей — банк заўсёды лічыўся кансерватыўным праз палітыку заснавальнікаў, якія меркавалі, што больш важна не страціць, чым зарабіць. 

У выніку таму калектыву, які ўжо склаўся, не было куды падзецца, ім заставалася сысці з банка і заняцца тым жа самым, але ўжо ў самастойных юрыдычных асобах.

Так, адразу пасля развалу профільных аддзелаў банка і ўзніклі «Агенцтва гандлю ў растэрміноўку», якое потым і стала «ПрыватЛізінгам», юрыдычныя калектары «Прававы дыялог», а таксама атрымаў страхавую ліцэнзію «Кентаўр». 

Сэнс дзейнасці «Агенцтва гандлю ў растэрміноўку» быў у тым, што фізічная асоба абірала ў краме тавар (пераважна — тэхніку). Тады фірма выкупляла гэту тэхніку, а чалавек плаціў ужо ёй.

Са з'яўленнем паняцця «лізінг» фірма перайменавалася ў «ПрыватЛізінг» і займалася тым жа самым, але юрыдычна тавар ужо не прадаваўся чалавеку, а перадаваўся ў карыстанне да выплаты яго цаны.

З кім супрацоўнічаў «ПрыватЛізінг»? З сеткамі па продажы тэхнікі. Самая вялікая з іх, куды людзі ходзяць нагамі, а не клікаюць у інтэрнэце — «5 элемент».

У крамах сядзела некалькі прадстаўнікоў лізінгавых фірм, у тым ліку і «ПрыватЛізінга». Ужо па факце сеткі тэхнікі выплачвалі «ПрыватЛізінгу» бонусы за аб'ёмы рэалізацыі тэхнікі.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», у следства быў спадзеў даказаць у судзе, што пры такой сістэме падатак на дадзеную вартасць трэба было сплачваць і з бонуса. Але юрысты тлумачаць, што па цяперашнім заканадаўстве няма абавязку плаціць ПДВ пры выкарыстанні такой схемы. Па аналагічным прынцыпе працуюць усе лізінгавыя фірмы (дарэчы, пасля разгрому «ПрыватЛізінга» яго месца заняў гуцэрыеўскі ПарытэтБанк і стаў прапаноўваць такую ж паслугу на такіх жа ўмовах з боку рытэйлераў).

Дзяржаўныя прапагандысты спрабуюць выставіць адносіны «ПрыватЛізінга» і Белаглазпрамбанка як нярынкавыя, але рэальнасць можа выглядаць так: вялізныя крэдытныя рэсурсы, да якіх меў доступ «ПрыватЛізінг», можна атрымаць толькі падпісаўшы такую ўгоду, якая па беларускіх законах лічыцца «буйной».

Яе, «буйную», павінны санкцыянаваць сходы акцыянераў, а потым яна яшчэ і паступае на праверку адпаведнасці крэдытнай рынкавай стаўцы ў Нацбанк — гэта значыць, што гісторыя ставак ёсць у кантралюючым ведамстве і яна раней не давала нагоды думаць пра нейкія дагаварнякі.

Дарэчы, дзейнасць усіх лізінгавых кампаній кантралюецца Нацбанкам, штогод яны справаздачацца рэгулятару і выкладаюць на афіцыйны сайт бухгалтарскую справаздачнасць і аўдытарскае заключэнне. У адпаведнасці з апублікаваным за 2019 год даўгоў па падатках — яшчэ адным пунктам прапаганды, — за кампаніяй няма.

Пакінем збоку імавернасць таго, што менеджары кампаніі з гісторыяй у 15 год і мільённымі абаротамі хацелі б зарабіць яшчэ і на сыходзе ад падаткаў, але на практыцы звычайна адбываецца так: калі падатковыя органы выяўляюць нясплату, то прапануюць кампаніі выплаціць недаплачанае і штраф дабраахвотна, калі не — спісваюць з рахункаў.

Улічваючы, што на замарожаных рахунках «ПрыватЛізінга» цяпер хапае грошай (кампанія нават ахвяравала мільён рублёў на барацьбу з каранавірусам Мінздароўю), а сума не спісваецца, можна паставіць пад сумнеў абгрунтаванасць сцверджанняў БТ і АНТ пра нясплочаныя падаткі. 

Гэтак жа пару месяцаў таму скончылася следства ў дачыненні да галоўнага партнёра «ПрыватЛізінга» — кампаніі «Паціа», якая валодае «Пятым элементам», — але і там нічога супрацьзаконнага з падаткамі не знайшлі.

Узаемнапранікненні акцыянераў кампаній, звязаных з былымі газпрамбанкаўцамі, выглядаюць лагічна: буйныя дзеячы бізнэсу кажуць, што існуе практыка «мяняцца» акцыянерамі пры сур'ёзных абаротах, каб застрахавацца ад неспадзяванак з боку партнёраў. Гэта звычайны бізнэс.

Значную долю ў «ПрыватЛізінгу» мелі латвійскія кампаніі. Іх уласнікі — гэта не Бабарыка, а грамадзяне Латвіі: Аляксей Сцяпанаў і Аляксандр Растоў. Яны некалі выступілі інвестарамі ў бізнэс і цяпер у шоку ад сітуацыі.

Вядома, што цяпер кампанія ў бязрадаснай сітуацыі: рахункі заблакаваныя, а адпаведныя ведамствы гуляюць з запытамі аб размарозцы ў пінг-понг.

Чым гэта пагражае? Натуральна, невыкананнем дамоў і ўцёкамі персаналу, што ўжо і адбываецца. Нават тым супрацоўнікам, што ў дэкрэце, кампанія не можа выплаціць грошы: а ёсць выпадкі, калі абое бацькоў працуюць у «ПрыватЛізінгу». 

Але ёсць яшчэ адна невідавочная рэч, якая можа мець глабальныя наступствы для фінансавага рынку.

Справа ў тым, што гульцы рынку павінны справаздачыцца ва Упраўленне крэдытнага рэгістра Нацбанка па плацяжах ад кліентаў.

З гэтай базы іншыя банкі і кампаніі потым чэрпаюць інфармацыю аб крэдытнай гісторыі патэнцыйных кліентаў

Калі ў цябе некалькі сотняў тысяч кліентаў-даўжнікоў — а гэта якраз выпадак «Прыватлізінга», — то, натуральна, працэс аўтаматызаваны. Гэтую паслугу аказвае ЗАТ «Банкаўска-фінансавая тэлесетка», якая, здаецца, ужо пачала абслугоўваць «ПрыватЛізінг» у штрафным рэжыме, бо тэрмін падпіскі сканчаецца.

Калі Упраўленне крэдытнага рэгістра Нацбанка не атрымае інфармацыю па своечасова ўнесеных плацяжах кліентаў «Прыватлізінга», то яны не адлюструюць звесткі ў крэдытнай гісторыі. Тады дзяржава стане лічыць сітуацыю «пратэрміноўкай плацяжа». І ўжо ў верасні каля 300 тысяч беларусаў могуць сутыкнуцца з праблемамі з крэдытнай гісторыяй, калі звернуцца ў нейкі банк.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Усе навіны →
Усе навіны

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў2

На ферме пад Гомелем цялят падчас марозу апранаюць у камбінезоны ФОТАФАКТ

На фота з файлаў Эпштэйна брытанскага прынца Эндру знялі на каленях перад ляжачай жанчынай9

Украінская спявачка Ёлка атрымала расійскае грамадзянства5

Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь. І дакладна наведваў нашую краіну10

«Гэта будзе бомба!» У новым мінскім касцёле з'явіцца арган2

Нікол Пашынян правёў вечарыну, на якой сам быў бубначом2

Нямецкі ўрад засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвае «Альтэрнатыва для Германіі»20

За незаконнае пахаванне хатняга гадаванца беларусам пагражае вялікі штраф12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць