За вечар пасля тайнай інаўгурацыі Лукашэнкі хлопца асудзілі двойчы: год таму далі штраф, сёння — 3 гады хіміі
У судзе Савецкага раёна горада Мінска 16 жніўня агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 19-гадовага Іллі Камкова, якога вінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», за падзеі 23 верасня 2020 года. Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Раман Чабатароў, перадае «Вясна».
Сам хлопец сваю не прызнаў. Патлумачыў, што ведаў пра несанкцыянаваныя мітынгі з інтэрнэту, што людзі былі нязгодныя з агучанымі ўладамі вынікамі выбараў і выходзілі на пратэсты, у тым ліку і 23 верасня — у дзень інаўгурацыі. Абвінавачаны адзначыў, што ў той дзень перапісваўся з незнаёмым хлопцам у тэлеграме, вырашылі сустрэцца каля «Галерэі» і паразмаўляць наконт музыкі, таксама, магчыма, сыграць. Калі прыйшлі на месца, было ўжо шмат людзей, якія рухаліся ў бок Стэлы. У нейкі момант незнаёмы хлопец выйшаў на праезную частку дарогу з астатнімі людзьмі, тады Ілля крычаў яму, каб ён сышоў адтуль, але хлопец не слухаў, Камкоў падбег да яго і пачаў выцягваць з дарогі, бо баяўся за яго бяспеку.
Пасля хлопцы пайшлі ў бок Нямігі і дайшлі да Burger King, дзе замовілі ежу, сядзелі на тэрасе. Абвінавачаны бачыў, як уздоўж праспекта Пераможцаў хадзілі людзі ў цёмнай вопратцы і балаклавах, дакладна не ўсведамляў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. У нейкі момант да аднаго чалавека на тэрасе падышлі 3 ці 4 чалавекі ў балаклавах, пачалі хапаць яго за спіну, а хлопец спрабаваў вызваліцца. Ілля Камкоў думаў, што гэта нейкія бандыты, і пачаў адцягваць іх ад хлопца, аднак пасля самога абвінавачанага схапілі, скруцілі рукі і павялі па праспекце, адвялі ў будынак і склалі пратакол. Толькі пры складанні пратакола Ілля зразумеў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Таксама абвінавачаны адзначыў, што з сабой не меў ніякай пратэснай атрыбутыкі, не збіраўся браць удзел у мітынгу, бо бацькі прасілі яго не ўдзельнічаць у пратэстах.
Сведкай на судзе выступіў спецыяліст, які аказваў Іллі Камкову псіхалагічную дапамогу: хлопец быў шпіталізаваны ў РНПЦ псіхічнага здароўя, прайшоў курс лячэння. Характарызуе абвінавачанага як сацыяльна бяспечнага, нерашучага, баіцца супрацоўнікаў міліцыі, калі іх бачыць — здараецца панічная атака. Па меркаванні сведкі, Ілля не мог здзейсніць злачынства, што ставіцца яму ў віну.
Абарона настойвала, што Ілля не прызнаў сябе вінаватым, знаў пра пратэсты, але не цікавіўся імі і не браў удзелу ў мітынгах, не планаваў парушаць грамадскі парадак. Калі пабачыў затрыманне хлопца, то ўспрыняў гэта як грамадзянскі канфлікт, спрабаваў яго спыніць, але ў выніку яго затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. На думку адваката, не было даказана, што Камкоў блакаваў рух, выкрыкваў лозунгі. Больш за тое, нельга прыцягваць і да адміністрацыйнай, і да крымінальнай адказнасці за адно і тое ж дзеянне. Абарона прасіла суд апраўдаць Іллю за недаказанасцю яго віны.
Аднак суддзя Сяргей Шаціла падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачвання і пакараў Іллю Камкова трыма гадамі «хіміі».
Каментары