Грамадства

Вядоўца ютуб-канала «Жыццё-маліна» за два тыдні свабодна загаварыў па-беларуску. Вось як яму гэта ўдалося

Месяц таму вядоўца папулярнага youtube-праекту «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў паабяцаў зрабіць выпуск па-беларуску. Але пры ўмове, што на ягоным Instagram збярэцца 30 тысяч падпісантаў. Мікіту раскрытыкавалі ў каментарах за маніпуляцыю мовай, 30 тысяч падпісантаў ён так і не сабраў. Але беларускамоўны выпуск з’явіўся. Госцем стаў кіраўнік НАК Павал Латушка, а сам Мікіта ўразіў нязмушанай беларускай мовай. Відэа ўжо мае больш за 200 тысяч праглядаў. «Свабода» пагутарыла з Мікітам і пераканалася, што відэа з Паўлам Латушкам не deep fake і не мантаж.

— Многія ўразіліся, як выдатна вы гаворыце па-беларуску. Можа, вы проста хацелі такім чэленджам звярнуць увагу на свой інстаграм? Ці такое нязмушанае маўленне каштавала вам намаганняў?

— Мне прыемна пачуць такое ад беларускамоўных калег. Але я цудоўна разумею, што спадар Латушка размаўляў больш за мяне. Я разумею, што рэдактар дапамагаў мне і рабіў маю мову прыгажэйшай на мантажы. І я разумею, што карыстацца мовай штодня і зараз размаўляць з вамі мне даволі складана. Гэта як з ангельскай мовай, калі ты ведаеш 60 слоў і проста іх міксуеш. Пакуль гэта прыблізна такі ўзровень.

Але мне заўжды падабаліся мовы. Я вучыўся ў ангельскамоўнай класе ў вельмі добрай школе, 51‑й (цяпер гэта 29‑я гімназія Мінска). Дзякуючы намаганнямі сваіх настаўнікаў я карыстаюся ангельскай мовай дагэтуль без дадатковага курсу.

Беларускую мову трэба было будзіць, і мы працавалі з дзяўчатамі з «Мова нанова» (Варшава). Гэта была складаная, шчыльная і жорсткая праца.

Наталля і Адэля працавалі паводле мной вызначанага рэгламенту. Гадзіна на заняткі, бо я даволі хутка стамляюся. Было 14‑15 навучальных гадзін цягам 13 дзён.

Я паслухаў два выпускі праекту «Гоман», які «Арт Сядзіба» запусціла. Там Аляксей Шэін і Андрэй Такінданг расказваюць пра мову. Гэта вельмі файна, мне вельмі падабаецца, як яны гэта робяць. Гэта прыгожа і вабіць.

Таксама ў Ecolines Вільня — Варшава я глядзеў кіно па-беларуску: дзве часткі «Таксі» і «Вікі, Крысціна, Барселона». Да апошняга фільма беларускі пераклад вельмі прыгожы. Я рабіў шмат нататак з літаратурнымі словамі.

Так што была падрыхтоўка, шмат хто дапамагаў, таму што ўсе былі зацікаўленыя ў тым, каб гэта зрабіць. Я лічу, што ў нас атрымалася. Гэта даволі няблага для неафіта, навічкам і дурням шанцуе, як той казаў. Трэба паглядзець на дыстанцыі, што будзе атрымлівацца.

— А што ў вас у школе было па беларускай мове?

— Я не памятаю.

— А любілі ў школе беларускую мову?

— Я думаю, што школа дагэтуль — дрэнная прамоцыя для беларускай мовы. Асабліва курс беларускай літаратуры. У мяне першая асацыяцыя з ім, што гэта журбота-сумота. Увесь час мы пакутавалі нібыта. Мне насамрэч вельмі падабалася «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча. Мама мяне вадзіла ў тэатр, і гэта было цікава, смешна.

Агулам мне было цікава, у мяне было моўнае асяроддзе. Мы вучылі ангельскую мову, настаўніца па беларускай мове была досыць жорсткая, і па расейскай таксама. Узровень быў добры. Ці мне гэта падабалася? Я памятаю, што мне папраўдзе падабалася геаграфія. Я ў той час яшчэ гуляў у футбол, і мне футбол падабаўся. У мяне не было нейкай любові да моў, я разумеў, што гэта інструмент. Але цяпер я вельмі ўдзячны сваім настаўніцам за тую базу, якая была закладзеная.

А яшчэ сёлета я тыдзень правёў у шпіталі і прачытаў «Радзіва Прудок» Горвата. І гэта вельмі добра для рэкламы беларускай мовы, бо гэта зручна, каб закахацца ў яе. Горват — гэта one love.

— Наша школа назаўжды адбівае жаданне гаварыць па-беларуску ці гэта можна неяк выправіць?

Школа — гэта дзяржаўная ідэалогія. І трэба паправіць дзяржаўную ідэалогію. Я цяпер, на жаль, вымушаны шмат падарожнічаць. Ніколі ў сваім жыцці не думаў, што буду ўжываць побач словы «на жаль» і «вандрую». Дык вось, я даволі шмат вандрую па «залатым коле» вакол Беларусі — Украіна, Польшча, Літва. І я гляджу на тых жа ўкраінцаў. Даволі шмат інфлюенсераў зрабілі ўкраінскую мову сваёй разынкай, і гэта крута насамрэч.

Мне адзін з гасцей праекту сказаў, што ён вельмі натхнёны тым, як атрымалася з Паўлам Латушкам, і прапанаваў, ці не зрабіць нам з ім на беларускай мове. Гэты чалавек, безумоўна, не noname, але персанаж, якога трэба будзе прасоўваць, і я задумваюся, ці паглядзяць яго па-беларуску?

А пасля гэтага я гляджу на ўкраінскіх хлопцаў, на якіх я падпісаны ў Instagram. Ёсць кухар з Кіева, які прыехаў у Нью-Ёрк, робіць свае рэцэпты на ўкраінскай мове і не мае такіх сумневаў, як я: ці паглядзяць, ці не.

Таму трэба рабіць праект па-беларуску. Я гляджу, пасля інтэрв’ю з Латушкам даволі шмат хто мне пісаў «дзякуй». Адна дзяўчына мне напісала, што размаўляе па-беларуску, але пакуль што «толькі з мужам і катом». Мне здаецца, што калі людзі пачнуць стасавацца па-беларуску ў кампаніях, у кавярнях, гэта будзе вельмі файна, вельмі карысна.

Таму што ў мяне заўсёды была такая ж праблема, што я неяк абражаю беларускую мову, калі размаўляю на ёй з памылкамі. У мяне няма стоадсоткавых стасункаў па-беларуску, але гадзіну ці пэўную колькасць хвілін на дзень я размаўляю на беларускай мове. І я разумею, што даволі шмат людзей ведаюць яе горш за мяне, у іх вельмі шмат русізмаў — і нічога, і цудоўна, і яны размаўляюць.

Мы гутарылі з Пашам Гарадніцкім з гурту «РСП», дзе культавыя хлопцы што да трасянкі, дык ён мне сказаў, што нейкі хіба мовазнаўца сказаў, што трасянка — гэта шлях да мовы. І што сарамаціць, прымушаць кагосьці саромецца мовы — гэта вельмі дрэнная гісторыя.

Улічваючы палітычнае становішча ў краіне, той крызіс, страх, помсту, якую чыніць дзяржава, чакаць ад школы, што яна будзе неяк правакаваць любоў да мовы, не трэба. Трэба рабіць самім. І прасоўваць беларушчыну з нізоў, з нашага ўзроўню, наверх. Бо мне здаецца, што патрыятызм, воля, якая абудзілася ў 2020 годзе, гэта ўсё пасунулася з нізоў, не ад дзяржавы. І з мовай трэба рабіць нешта такое.

— Колькі цяпер будзе на «Маліне» беларускай мовы?

— Калі мы разважаем пра звычайны месяц, то гэта будзе 1 тыдзень з чатырох — 25% (выпускі выходзяць раз на тыдзень. — РС). Я думаю, што ўсё павінна быць натуральна, гарманічна. Калі чалавек не размаўляе па-беларуску ў жыцці, то я яго не буду прымушаць да мовы.

І, на жаль, існуе шмат перабольшвання. На выходных я зрабіў пост на расейскай мове. Мне пасля напісаў нейкі хлопец: «Даруй, гэта гамон. Адпісваемся, беларусы». Я думаю, што гэта «беларушчына галаўнога мозгу» і гэта занадта. Навошта нам прымушаць да беларускай мовы? Трэба дэманстраваць, якая яна файная, мілагучная, як лёгка на ёй размаўляць і як гэта карысна для нас як для нацыі.

Неўзабаве выйдзе выпуск, дзе мы зрабілі беларускамоўную рубрыку. Мы размаўлялі з чалавекам па-расейску, і было фінальнае пытанне: «Ці сорамна беларусу размаўляць па-беларуску з памылкамі?». У яго было вельмі шмат русізмаў, але гэта было гарманічна, і я ўдзячны чалавеку, што ён пагутарыў са мной. То бок мы будзем рабіць часткі беларускамоўныя і адзін беларускамоўны выпуск на месяц. Пакуль што так.

Што гавораць пра Мелказёрава-вучня выкладчыцы Адэля і Наталля, з якімі ён ніколі не бачыўся офлайн:

«Знаёмства з Мікітам адбылося так. Мы напісалі яму ў сацыяльныя сеткі словы падтрымкі ў момант сумна вядомага хейту. Падчас перапіскі дамовіліся, што цягам двух тыдняў будзем дапамагаць рыхтавацца да інтэрв’ю.

Гэта былі не лекцыі, а звычайныя цікавыя размовы на самыя розныя тэмы. Адначасова абмяркоўвалі лексіку, граматыку, дыскутавалі. Мікіта паставіўся да беларускамоўнага выкліку самому сабе вельмі адказна. У выніку абодва суразмоўцы ў інтэрв’ю гучаць натуральна і шчыра. Нас гэта вельмі цешыць!

Няма беларуса, які не разумее беларускай мовы. Кожны беларус можа размаўляць па-беларуску. Галоўнае — пачаць, не саромеючыся рабіць памылкі. Таксама важна знайсці таго, хто падтрымае, асабліва напачатку.

Курсы «Мова нанова з Варшавы» распачынаюцца ўжо 26 верасня. Мы вывучаем беларускую мову проста і нязмушана, так, каб умець ёю карыстацца. Запрашаем!».

Каментары

Цяпер чытаюць

Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію

Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

«Будзеш адмаўляцца — паедзеш у СІЗА». Як у Беларусі збіраюць на «дабрачыннасць» з затрыманых па палітычных справах

Лукашэнка расказаў, чаму памяняў кіраўніка Віцебскай вобласці3

Памёр мастак Уладзімір Ткачэнка

Прэм'ер Літвы сустрэлася ў Вільні з Марыяй Калеснікавай і Таццянай Хоміч11

Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»65

«Вы ашалелі! Колькі мы трацім грошай!» Лукашэнка даручыў зменшыць асвятленне на вуліцах43

Прэм'ер Літвы: Пацяплення ў адносінах з Беларуссю я не бачу, і для гэтага няма прычын1

У Барысаве 18‑гадовы хлопец спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у жывым эфіры1

І вось пытанне: гэта нармальна, калі беларускі палітык першыя інтэрв’ю дае не беларусам, а немцам і расіяніну?97

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію

Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць