Улада

Ледзь не загубіў кар'еру праз прапаршчыка, што скраў танк. Хто такі генерал Белаконеў, які прапанаваў дзейнічаць метадамі вермахта

«Трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго — 20, 100… Каб было непанадна нікому. Можа быць, груба, але шчыра», — так дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў выказаўся пасля мінскай перастрэлкі. У сацыяльных сетках заўважылі, што гэта падобна да загада начальніка штаба Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельма Кейцеля. Той устанавіў таксу ў 50-100 жыццяў камуністаў за жыццё аднаго нямецкага салдата. Цікава, што да таго свайго выказвання пра Белаконева вядома было не вельмі многа. Расказваем, што гэта за чалавек, які ў сучаснай Беларусі прапануе дзейнічаць метадамі вермахта?

Алегу Белаконеву 56 гадоў. Цяпер ён дэпутат і старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў. Да гэтага пяць гадоў з'яўляўся начальнікам Генеральнага штаба ўзброеных сіл Беларусі. А яшчэ раней — камандаваў сіламі спецыяльных аперацый краіны.

Сам Белаконеў родам з Прыморскага края Расіі. На ваеннага адвучыўся ў Омскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы.

Фота: belvpo.com

Пачынаў служыць камандзірам гаўбічнага ўзвода. Потым трапіў у Беларусь, дадаткова адвучыўся ў Вайсковай акадэміі, перайшоў у мотастралкі, потым — у ССА, якім нейкі час кіраваў.

Цікава, што ў нейкі момант кар’ера Белаконева ледзь не пайшла пад адхон. Як адзначаюць нашы крыніцы, яго знялі з пасады кіраўніка Слонімскай асобнай механізаванай брыгады, таму што прапаршчык скраў з ангара танк, каб паехаць на разборкі.

Але, як кажуць нашы суразмоўцы, калі эмоцыі сціхлі, Белаконеву ўсё даравалі, бо «такое ў войску — руціна, пакаралі ж не за тое, што прапаршчык скраў танк, а за тое, што стала вядома».

Фота: belta.by

Публікаваў фотаздымкі піва і сушанай рыбы як прафілактыкі каранавіруса, а потым трапіў на ШВЛ

Пасля вяртання з апалы Белаконеў працягнуў уздымацца па кар’ернай лесвіцы, скончыў факультэт Генштаба Вайсковай акадэміі. А ў пачатку 2014 года стаў першым намеснікам міністра абароны, начальнікам Генеральнага штаба.

«Начальнік Генеральнага штаба ў Беларусі — гэта проста высокапастаўлены пісарчук. Белаконеў дзейнічаў у мірны час, ніякіх бітваў не выйграваў, рэформаў не праводзіў, цокаў абцасам — звычайны, нічым не адметны беларускі генерал», — апісваюць нашы суразмоўцы.

Белаконеў і кіраўнік расійскага Генштаба. Фота: mil.ru

Незадоўга да сваёй адстаўкі па ўзросце Белаконеў сустракаўся з натаўцамі (беларускія міратворцы задзейнічаны ў сумеснай з НАТА місіі ў Лівіі) і заяўляў «Нашай Ніве», што Беларусь гатовая да сумесных вучэнняў з НАТА — гэта было ў 2019-м. Аднак з гэтага нічога не атрымалася.

У 2019-м Белаконеў сышоў у адстаўку, бо стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Пухавіцкай выбарчай акругі №65. У парламенце яго прызначылі старшынёй камісіі па нацыянальнай бяспецы. Гэта ён прапануе судзіць тых, хто заклікае да санкцый супраць беларускіх уладаў.

Цікава, што Белаконеў таксама не асабліва засцерагаўся ад каранавіруса. І незадоўга да таго, як трапіць на ШВЛ у рэанімацыю з кавідам, ён публікаваў у свой закрыты Instagram-акаўнт фотаздымкамі сушанай рыбы, гарэлкі і піва з прыпіскай «прафілактуем кавід». Выжыў Белаконеў цудам.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года Белаконеў катаўся ў турнэ па дзяржаўных установах усходу рэспублікі з выступленнямі аб правільнасці абранага курсу.

Белаконеў і Раўкоў. Фота: newsstd.by

Не ведаў беларускай мовы і лічыў, што СВВ — гэта «суворовский военный вуз»

Знайсці станоўчую рэкамендацыю на Белаконева аказалася няпроста. Афіцэры, якія з ім перасякаліся ў войсках і ў Генеральным штабе, адгукаюцца пра Белаконева не асабліва добра.

«Пад выглядам інтэнсіўнай дзейнасці кашмарыў падначаленых за дробязі. Пасля яго прыездаў у часці даводзілася пісаць фэйкавыя рапарты аб «прынятых мерах», каб не развальваць калектывы несправядлівымі пакараннямі», — кажуць афіцэры.

Нашы суразмоўцы лічаць, што за гады жыцця ў Беларусі Белаконеў так і не здолеў стаць беларускім афіцэрам, і звяртаюць увагу на тое, што ў «крытычны» момант ён працытаваў не свайго непасрэднага галоўнакамандуючага, а расійскага — Пуціна.

Фота: belokonev.house.gov.by

Што адметна, Белаконеў так і не вывучыў беларускай мовы. Прэс-служба перакладала для яго на рускую мову тэксты «Нашай Нівы» пра войска і насіла ў раздрукаваным выглядзе.

Адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы», выкладчык Мінскай сувораўскай вучэльні, прыгадвае гісторыю ад сваіх гадаванцаў, якія стаялі ў ачапленні каля Стэлы з пагонамі СВВ (Сувораўскае ваеннае вучылішча) падчас сумеснага мерапрыемства з рускімі.

«Калі расійскі генерал спытаў у Белаконева, што за дзіўныя ў вас такія пагоны і чаму там СВВ а не «СВУ», той адказаў, што гэта азначае «суворовский военный вуз», — кажа наш суразмоўца.

«Можна доўга прыводзіць прыклады яго службовых правалаў, але я лічу, што гэта не мае ніякага значэння ў аналізе сітуацыі з яго словамі, — расказвае саслужывец Белаконева, былы высокапастаўлены ваенны. —

Алег нічога іншага сказаць і не мог, ён салдат, у яго не можа быць трошку ворага ці трошку сябра, ён сказаў, як думае, з улікам прафесійнай дэфармацыі за дзясяткі гадоў выслугі.

Сэнс у тым, што кожны павінен займацца сваёй справай, салдат не павінен быць палітыкам — гэта шлях да таго, каб стаць пасмешышчам і сярод сваіх, і сярод чужых.

З вуснаў салдата гэта б успрынялі — «ну, што з яго ўзяць». Я ж цалкам дапускаю, што думка аб «ліквідацыі» вельмі папулярная сярод сілавікоў, якія цяпер супрацьстаяць народу. Гэта толькі публічна агучвалася не адзін раз, а непублічна — страшна падумаць колькі. Але такая заява з вуснаў палітыка — зусім іншая рэч.

Фота: прэс-служба Міністэрства абароны

Белаконеў жа палітыкам не стаў і стаць ніколі не зможа. Можна разважаць, што мы ўсе вінаватыя, што дапусцілі такі вось узровень «дэпутатаў», але тут ёсць і яшчэ адзін аспект.

Як я разумею, яго дэпутацкія паўнамоцтвы неўзабаве скончацца, і куды далей ісці — настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школу?

Мне здаецца, парламенцкая сінекура стала наркотыкам і Белаконеў хацеў бы, каб яго «пакінулі» і на другі тэрмін, у тым ліку таму ён і перастаў трымаць язык за зубамі, каб заўважылі і пахвалілі», — заключае наш суразмоўца.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі1

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі1

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць