Грамадства

Жыхары Ахова пасля знішчэння дубоў: «Адны робяць выгляд, што нічога не здарылася, астатнія моўчкі гаруюць»

Навіна аб тым, як бабулі ў вёсцы Ахова Пінскага раёна сталі на абарону векавых дубоў, ускалыхнула інтэрнэт. А пасля таго, як на гэтых бабуль выклікалі АМАП і затрымалі дырэктара мясцовага Дома культуры, які нібыта залез на тыя самыя дубы і перашкаджаў іх пілаваць, навіна ўвогуле выйшла ў топ. «Наша Ніва» пагаварыла з мясцовымі жыхарамі, каб даведацца, што адбываецца ў аграгарадку на наступны дзень пасля скандалу з дрэвамі. 

Фота: media-polesye.by

Па афіцыйных звестках, у аграгарадку Ахова жыве 450 чалавек. Шчыра кажучы, мы чакалі, што на наступны пасля скандалу дзень мясцовыя жыхары будуць стаяць на вушах. Але памыліліся.

«Мы жывём, як і жылі. Нават і не ведала, што кагосьці там затрымалі. У нас праблем і без таго хапае. А тут проста дубы», — сказалі нам супрацоўнікі ААТ «Ахова».

Мы пагаварылі і з Зміцерам Кісялём, на сайце ААТ «Ахова» пазначана, што ён выконвае абавязкі дырэктара арганізацыі.

«Я быў на тым сходзе, калі вырашаўся лёс дрэў. І ведаю людзей, якім гэтыя дубы перашкаджалі. Там сапраўды падалі буйныя галіны з дрэў і разбуралі магілкі нябожчыкаў. Людзі пакутавалі і плакалі. Тым больш, на тым сходзе сказалі, што дрэвы сапраўды аварыйныя. Я таксама выступаў за тое, каб іх спілавалі», — адзначыў Зміцер Кісель.

Вышка, якую прыгналі ў Ахова. Фота: media-polesye.by

На пытанне аб тым, ці лічыць мужчына нармальнай сітуацыю, калі на мясцовых бабуль, якія абаранялі дубы, выклікалі АМАП і затрымалі дырэктара дома культуры, ён нават крыху разгубіўся:

«Шчыра кажучы, нават не чуў, што яго арыштавалі. Таксама не чуў і пра тое, што бабулі гэтыя дубы баранілі. У нас пра гэта ніхто не кажа. Цішыня».

Амаль тое ж самае нам адказалі і яшчэ некалькі мясцовых жыхароў, да якіх мы датэлефанаваліся. Па іх прызнаннях, з інтэрнэту пра ўсю гэтую гісторыю яны даведаліся больш, чым ад сваіх суседзяў.

«Жыццё спакойна сабе працягваецца. Ніхто не мітынгуе», — кажуць мясцовыя.

Фота: media-polesye.by

«Няпраўда, вёска падзялілася на два лагеры, — запэўнівае аховец Аляксандр, які выступаў супраць спілоўвання дубоў. — Але ўсе пратэстуюць чамусьці па хатах, а не адкрыта.

Ну і да таго ж, большая частка людзей, якія выступаюць супраць знішчэння дубоў, пажылыя або вельмі пажылыя людзі. Яны ж у інтэрнэтах не сядзяць. Нічога там не напішуць. Гаруюць сабе каля вакна.

Маладзейшым, на жаль, да гэтых дубоў няма справы. Мы выхавалі пакаленне, якому напляваць на гісторыю і спадчыну. І гэта ўжо не першыя дубы, якія там спілавалі. Раней іх было там штук 12. Знішчылі паціху. Вось і да апошніх дабраліся».

На пытанне аб тым, што цяпер з дырэктарам Дома культуры, наш суразмоўца толкам нічога не змог адказаць.

«Нічога пра яго не ведаем. І як ён залазіў на дрэвы — не бачылі. Таму я казаць нічога не буду. Але ён добры хлопец, актыўны, з галавой і мазгамі. Збіраў подпісы супраць знішчэння дубоў. Вось яго і забралі, каб хвалю не падымаў.

Тыя ж дубы на самай справе здаровыя. Калі камусьці перашкаджалі нейкія галінкі, можна ж было проста іх спілаваць, а не ўсё дрэва. Увогуле, сумна ўсё гэта», — уздыхае мужчына.

Звязацца з дырэктарам Дома культуры Аляксандрам Дземчуком у нас не атрымалася. Ён пакуль не выходзіць на сувязь. Як паведамляе media-polesye.by, ноч ён правёў у Пінскім РАУС.

Чытайце таксама: 

Пенсіянеркі не далі камунальнікам спілаваць 300-гадовыя дубы на Піншчыне. У вёску адправілі АМАП

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

Тульская вобласць падверглася атацы дронаў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць