Меркаванні11

Ці стане Такаеў казахстанскім Гарбачовым? 

Ëсць падставы меркаваць, што адказам кіраўніцтва Казахстана на пратэсты можа стаць не тэрор лукашэнкаўскага тыпу, а прагрэсіўныя рэформы, піша Алесь Сантоцкі.

Касым-Жамарт Такаеў. Фота: LyazaTretyakova / depositphotos.com.

Нельга сказаць, што народныя выступленні ў Казахстане не далі ніякіх вынікаў і ў краіне ўсё застаецца, як было. Можна ўжо ўпэўнена сцвярджаць, што падчас гэтых выступленняў у краіне адбыўся наменклатурны пераварот. Скарыстаўшыся з сітуацыі, прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў рашуча адсунуў убок яўна перасядзелага ва ўладзе «бацьку нацыі» Нурсултана Назарбаева, пачаў чыстку верных яму кадраў і запачаткаваў «дэелбасізацыю». Таму так ці інакш у краіне складваецца новая рэальнасць.

Назіраючы, наколькі магчыма ўважліва, за ходам узяцця казахстанскімі ўладамі сітуацыі пад свой кантроль, беларусы бачаць шмат падобнага з тым, што адбываецца апошнія паўтара года ў нас. Тая ж рыторыка ўладаў пра тэрарыстаў, экстрэмістаў ды ўмяшанне з-за мяжы — праўда, пад «замежжам» тут разумеюць радыкальных ісламістаў. Больш за тое, паколькі выступленні ў Казахстане, у адрозненне ад беларускіх, набылі непараўнальна радыкальнейшы характар, то там і куды больш моцна пацярпелых, лік толькі забітых ідзе на сотні.

Бачачы паралелі ў гэтым, беларусы чакаюць, што і ў астатнім у Казахстане ўсё будзе ісці паводле беларускага сцэнарыя. То-бок на ўзбраенне будзе прынятая адназначная тактыка «выражам усіх мярзотнікаў» і казахстанскія ўлады пачуць мэтанакіравана выгладжваць усё грамадства катком прамога гвалту, перайшоўшы ўжо пасля стабілізацыі сітуацыі да масавых рэпрэсій, якія расцягнуцца надоўга.

Аднак такі варыянт хоць магчымы, але зусім не ўніверсальны і не прадвызначаны. Бо

адгукнуцца на народныя выступленні нават пасля іх жорсткага задушэння можна па-рознаму. Адзін варыянт — зрабіць, як Лукашэнка, стаўку толькі на брутальную сілу і нават больш чым праз год пасля заканчэння актыўнай фазы пратэстаў не спыняць каток рэпрэсій, здзяйсняючы ў краіне фактычна дзяржаўны тэрор. Пры гэтым не маючы хоць бы колькі-небудзь уцямнай пазітыўнай праграмы далейшага развіцця краіны,

падпарадкоўваючы ўсе дзеянні і рашэнні толькі і выключна праблеме захавання неабмежаванай улады ў адных руках.

Ёсць, аднак, і іншы варыянт. Утрымаўшыся сілавым спосабам ва ўладзе, можна прааналізаваць сітуацыю, вызначыць, што стала прычынай народнага гневу і пастарацца яго змякчыць шляхам правядзення даўно наспелых і пераспелых рэформаў зверху, хай сабе і ў абмежаванай форме.

Вядома, усіх апанентаў гэтым не пераканаеш, але размыць пратэстную супольнасць і калі не перацягнуць значную частку прынамсі сітуатыўнай апазіцыі на свой бок, то прынамсі вярнуць яе на пазіцыі нейтральнасці — цалкам рэальна.

Такаеву на прыняцце другога варыянта наважыцца псіхалагічна прасцей, чым Лукашэнку. Бо ён, у адрозненне ад беларускага самаўладцы, хоць і выхадзец з той сістэмы ўлады, якую цяпер узначальвае, але не яе стваральнік. І яна не выбудаваная адмыслова пад ягоную асобу. Сістэма дасталася Такаеву ў спадчыну ад Назарбаева-Елбасы, і той да апошняга часу вісеў у пераемніка на плячах і звязваў яму рукі.

Цяпер жа гэтага фактару, які мог стрымліваць інтэнцыі Такаева, як выглядае, ужо няма. Мала таго, што даўно нічога не чуваць пра самога Нурсултана Назарбаева, дык і члены ягонага ўладнага клана вычышчаюцца з высокіх пасадаў, а некаторыя і арыштоўваюцца. Таму рукі ў Такаева будуць калі не зусім развязаныя, то ён атрымлівае куды большую свабоду дзеянняў. У тым ліку і ў рэалізацыі ўласных поглядаў на тое, як мусіць выглядаць новая канфігурацыя адносін унутры ўлады і паміж уладай ды грамадствам.

На што Такаеў скарыстае сканцэнтраваную цяпер у сваіх руках вялікую ўладу над краінай — пакуль што пытанне. Але ёсць праявы таго, што пакуль ён прынамсі не збіраецца ісці Лукашэнкавым шляхам, разгарнуўшы па ўсёй краіне тэрор і робячы стаўку выключна на сілу. Учарашняя заява адносна таго, што ўдзельнікі мірных дэманстрацый сурова пераследавацца не будуць, а тым, хто ўдзельнічаў у сапраўдных беспарадках, таксама можна змякчаць адказнасць пры адсутнасці абцяжарвальных абставін — яўная процілегласць Лукашэнкавым падыходам прынамсі на ўзроўні рыторыкі. Як будзе на практыцы — высветліцца неўзабаве.

Мусіць прайсці таксама яшчэ нейкі час, каб стала зразумела, ці ёсць у Такаева нейкая праграма ўнутранага рэфармавання краіны, наколькі яна глыбокая, рэалістычная ды паслядоўная. А калі ёсць — ці гатовы ён яе неадкладна і рашуча праводзіць у жыццё. Часу на раскачку зусім няма: Такаеў хоць і маладзейшы за Назарбаева, але ўвогуле ўжо зусім немалады, аднаго ўзросту з Пуціным і Лукашэнкам.

Тое ж, што прагрэсіўныя рэформы ў краінах цалкам могуць па ўласнай ініцыятыве запускаць плоць ад плоці выхадцы з сістэмаў, але не з закасцянелым мысленнем, пацвярджае ўся сусветная гісторыя, у якой процьма выпадкаў такога кшталту.

Згадаем толькі некалькі.

Вось, напрыклад, нядаўна памерлы апошні прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі часоў апартэіду Фрэдэрык дэ Клерк — ён жа не з неба зваліўся. Перад тым, як узначаліць краіну, ён амаль два дзясяткі гадоў быў дэпутатам і членам урада, у тым ліку займаў пасаду міністра ўнутраных спраў. Чалавек цалкам з антыгуманнай сістэмы, але за яе мірны дэмантаж атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Тое ж самае Міхаіл Гарбачоў. З сярэдзіны 1950-х рабіў паспяховую камсамольскую і партыйную кар’еру, адну за адной прайшоў усе яе прыступкі. Яшчэ з брэжнеўскіх часоў быў членам Палітбюро, сакратаром ЦК КПСС, то-бок уваходзіў у самую вярхушку ўлады ў СССР. Да пары, займаючы ў сістэме хоць і высокае, але ўсё ж падпарадкаванае становішча, ён дзейнічаў па яе правілах, створаных не ім. Але пры гэтым добра бачыў, што гэта сістэма працуе па інерцыі, на мяжы сваіх магчымасцяў. І многае ў ёй яму самому не падабалася. А таму, атрымаўшы ў рукі ўсю паўнату ўлады, сам стаў ініцыятарам рэформаў зверху, прытым ва ўсіх сферах. Рэформы былі малапрадуманыя, палавіністыя, часта непаслядоўныя, але яны радыкальна змянілі не толькі краіну, але і ўвесь свет.

З больш свежых прыкладаў можна згадаць пра суседні з Казахстанам Узбекістан, які пасля смерці ў верасні 2016 года мясцовага нязменнага цягам чвэрці стагоддзя дыктатара Іслама Карымава ўзначаліў ягоны найбліжэйшы паплечнік Шаўкат Мірзіёеў. Да таго ён ажно 13 гадоў займаў пасаду прэм’ер-міністра. Здавалася б, простая вымушаная замена ў межах сістэмы і не мусіла нічога мяняцца. Але новая мятла стала месці зусім інакш, чым старая. Новы ўзбекскі прэзідэнт адмовіўся ад найбольш адыёзных практык папярэдніка, лібералізаваў эканамічнае і грамадскае жыццё ў краіне і палепшыў адносіны з суседзямі. І хоць рэжым пакуль застаецца там аўтарытарным ды працягвае мець манаполію на ўладу, усё ж такі пазітыўныя змены ў краіне цяжка адмаўляць.

Нават аўтарытарная сістэма, перабудаваная пад больш сучаснага і прагрэсіўнага чалавека на яе чале — меншае зло ў параўнанні з сістэмай на чале з асобай, якая намёртва ментальна захрасла ў мінулым, але пры гэтым трымаецца за ўладу з апошніх сілаў і не хоча мяняць ані цаглінкі ў канструкцыі, гадамі старанна будаванай пад сябе самога.

Вядома, сітуацыю Такаева значна ўскладняе тое, што ягонае самастойнае ад Назарбаева кіраванне пачынаецца з маштабнага гвалту і праліцця крыві. Гэта, канешне, заўсёды будзе вісець дамоклавым мячом. Да таго ж можна меркаваць, што пасля нядаўніх падзей павялічацца і так немалыя ўплывы на Казахстан з боку Масквы, што пры цяперашняй уладзе ў Крамлі не надта добры фон для правядзення прагрэсіўных рэформаў. Але шанцы, тым не менш, ёсць заўсёды. Усю паўнату ўлады ў вялікай і багатай азіяцкай краіне Касым-Жамарт Такаеў, здаецца, атрымаў. Цяпер будзе вырашацца пытанне пра яго месца ў гісторыі.

Чытайце таксама:

Такаеў: удзельнікаў мірных мітынгаў не павінны прыцягваць да крымінальнай адказнасці

Што Масква хоча ад Казахстана?

Чаму падзеі ў Казахстане нельга параўноўваць з беларускімі, але што з іх логікі трэба запомніць

Варта Назарбаеву было своечасова сысці, і ён застаўся б у гісторыі пазітыўным персанажам

Абвяшчай сябе пажыццёвым не абвяшчай…

Каментары1

  • Влад
    03.12.2023
    Абое рябое!

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →