Аб змесце дакумента грамадства даведалася толькі нядаўна. У параўнанні з дактрынай 2001 года, у новым дакуменце пералічана значна больш фактараў, якія негатыўна ўплываюць на бяспеку Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым, насуперак асцярогам, з новай канцэпцыі напрамую не вынікае, што на тэрыторыі Беларусі можа быць размешчаная расійская ядзерная зброя. Але прынамсі дактрына напрамую гэта і не забараняе.
Новую рэдакцыю Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўхвалілі яшчэ ў лістападзе. Пра тое, што дакумент ужо апублікаваны на сайце Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, стала вядома толькі цяпер, паведамляе «Коммерсантъ».
Агулам змест дакумента выглядае як «за ўсё добрае, супраць усяго кепскага».
Ваенна-палітычная абстаноўка, якая складваецца вакол Саюзнай дзяржавы, значыцца ў дакуменце, «характарызуецца ўзрастаннем негатыўных працэсаў у сферы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, абумоўленых як геапалітычным суперніцтвам паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, так і сутыкненнем інтарэсаў асобных дзяржаў (кааліцый дзяржаў)».
Сярод такіх негатыўных фактараў у дактрыне вылучаныя:
- спробы змянення каштоўнасных арыенціраў і мадэлей развіцця, дыскрэдытацыі культур, рэлігій і цывілізацый, фальсіфікацыі гісторыі, якія садзейнічаюць парушэнню духоўна-маральных сувязей роднасных народаў;
- супрацьдзеянне з боку некаторых міжнародных арганізацый, замежных дзяржаў развіццю Саюзнай дзяржавы, АДКБ, а таксама іншых інтэграцыйных утварэнняў з удзелам Беларусі і Расіі;
- наяўнасць паблізу мяжы Саюзнай дзяржавы ачагоў ваенных канфліктаў;
- нарошчванне сілавога патэнцыялу НАТА на знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы.
У параўнанні з дактрынай 2001 года, зазначае «Коммерсантъ», колькасць фактараў, якія негатыўна ўплываюць на бяспеку ўдзельнікаў Саюзнай дзяржавы, значна вырасла.
Пры гэтым у новым дакуменце, як і ў папярэдняй версіі, сказана, што Расія і Беларусь адданыя палітычным і неваенным мерам па ўрэгуляванні спрэчак.
«Прымяненне ваеннай сілы разглядаецца як крайняя мера толькі пасля вычарпання палітычных, дыпламатычных, прававых, эканамічных, інфармацыйных і іншых мер неваеннага характару, калі іх прымяненне прадстаўляецца немагчымым для забеспячэння ваеннай бяспекі», — удакладняецца там.
У якасці асноўных мер па забеспячэнні ваеннай бяспекі ўдзельнікі Саюзнай дзяржавы сярод іншага разглядаюць у мірны час наступныя:
- сумеснае выкарыстанне аб'ектаў ваеннай і транспартнай інфраструктур у інтарэсах РГВ; правядзенне ўзгодненай мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомік;
- фармаванне адзінай пагранічнай прасторы;
- падрыхтоўка органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацый і насельніцтва да рашэння задач тэрытарыяльнай і грамадзянскай абароны.
У дакуменце асобна падкрэсліваецца, што «ядзерная зброя РФ будзе заставацца важным фактарам прадухілення ўзнікнення ядзерных ваенных канфліктаў і ваенных канфліктаў з ужываннем звычайных сродкаў паражэння».
У канцы года Аляксандр Лукашэнка дапусціў з'яўленне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.
Такую магчымасць дапускае і праект новай Канстытуцыі, з якой адмыслова прыбралі статус нейтралітэта. У дзейснай Канстытуцыі сказана, што Беларусь «ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай». У праекце новага дакумента сказана толькі, што краіна «выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў».
З новай Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы напрамую не вынікае, што расійская ядзерная зброя можа быць размешчаная дзе-небудзь за межамі РФ. Пры гэтым Уладзімір Пуцін супакоіў грамадскасць падчас сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Крамлі наконт ядзернай зброі ў Беларусі. Што канкрэтна Пуцін паабяцаў — невядома.
З іншага боку, прамой забароны на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі ў дактрыне таксама няма.
Да таго ж, у дактрыны, як кажуць, адкрытая канцоўка. «Палажэнні Ваеннай дактрыны могуць удакладняцца са змяненнем характару ваенных небяспек і ваенных пагроз, задач у галіне забеспячэння ваеннай бяспекі і сумеснай абароны, умоў развіцця Саюзнай дзяржавы, а таксама нацыянальных заканадаўстваў дзяржаў-удзельніц», — напісана там.
Каментары