Праз траўмы да медалёў. Гісторыя Ганны Гуськовай, другой беларускай прызёркі Пекіна
У Беларусі — другі алімпійскі медаль. Срэбра для краіны ўзяла фрыстайлістка Ганна Гуськова, чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 і падпісантка ліста спартоўцаў за сумленныя выбары. У суперфінале па лыжнай акрабатыцы спартсменка набрала 107,95 бала. Згадваем гісторыю беларускай фрыстайлісткі.
Нарадзілася неданошанай і змагалася з хваробамі
Гуськовай 29 гадоў. Будучая чэмпіёнка родам з Мінска, прычым, нарадзілася яна шасцімесячнай, з вагой 1,55 кілаграма. Праз гэта, як сведчыла сама дзяўчына, у дзяцінстве яна часта мела праблемы са здароўем: прыходзілася ляжаць пад кіслароднай маскай, нават неяк спынялася сэрца, але ж медыкі дапамаглі ўстаць на ногі.
Ганна ў спорце з самага дзяцінства. Пачынала з мастацкай гімнастыкі, куды патрапіла яшчэ ў дзіцячым садку.
А калі Гуськовай споўнілася сем, надышоў час фрыстайла: сябар сям’і, Уладзімір Дашчынскі (бацька аднаго з трэнераў зборнай Дзмітрыя Дашчынскага), параіў паспрабаваць дзяўчынку ў гэтай дысцыпліне. Разам з ім і іншым трэнерам, Юрыем Купрацэвічам, Гуськова і пачынала свой шлях у гэтым відзе спорта.
Цікава, што пазней яна неаднаразова казала: на той момант ніхто і не пытаўся, ці хочацца ёй самой займацца фрыстайлам. Ганна ўспамінае, што, калі была маленькай, часам не надта хацела хадзіць на трэніроўкі. Але, калі дабралася да сур’ёзных стартаў, нарэшце адчула азарт да новых дасягненняў.
У 2005 годзе Гуськова трапіла ў дарослую зборную краіны, а ў трынаццаць гадоў выступіла на першым сур’ёзным турніры — адкрытым чэмпіянаце Расіі. Потым пайшлі кубкі Еўропы і свету, а пазней з’явіліся і першыя медалі: у 2012 годзе на юніёрскім чэмпіянаце свету Гуськова ўзяла срэбра.
Перад першай Алімпіядай страціла бацьку
Незадоўга да сваіх першых Гульняў у Сочы-2014 Гуськова перанесла аперацыю на калене, пасля якой не здолела на той час цалкам аднавіцца. Гэта адбілася на выніках: юная беларуска не ўтрымалася на нагах пасля скачка і аказалася на той Алімпіядзе толькі 21-й.
За год да гэтага ў жыцці спартсменкі здарылася яшчэ адна драма — Гуськова страціла бацьку. Той перыяд яна згадвае як вельмі цёмны.
Але далей у Ганны нібыта пачалася светлая паласа: у студзені 2015 года Гуськова ўзяла свой першы медаль — бронзу, на Кубку свету па фрыстайле. Але ж зноў пачаліся праблемы са здароўем: пашкоджанне меніска, разрыў крыжападобнай звязкі на правым калене і далейшыя аперацыі прывялі да таго, што ў калене спартсменкі з’явіліся дзве тытанавыя шрубы.
Аднаўляцца прыйшлося доўга, Гуськова цалкам прапусціла сезон 2016/2017. А калі вярнулася, узяла па выніках другое месца ў заліку Кубка свету.
У 2018 годзе эксперты не бачылі ў Гуськовай прэтэндэнтку на алімпійскі медаль. Але сама Ганна рыхтавалася да сур’ёзнай барацьбы і выбрала для выступу складаную праграму. Падчас прызямлення фрыстайлістка дакранулася рукой да снегу. Аднак гэта не перашкодзіла ёй стаць чэмпіёнкай: срэбраная медалістка Пхёнчхана Чжан Сінь адстала ад Гуськовай на 0,62 бала.
Пасля алімпійскага золата зноў пакутавала ад траўмы
Пасля той Алімпіяды Ганна зноў прапусціла сезон: падвяло калена. У лютым 2020-га, на апошнім перад пандэміяй этапе Кубка свету, Гуськова ўзяла золата, чым адзначыла сваё вяртанне ў спорт.
Букмекеры не надта верылі ў поспех Гуськовай ды і іншых беларускіх фрыстайлістаў у Пекіне. Напрыклад, брытанская фірма bet365 ацэньвала шансы Ганны на чэмпіёнства з каэфіцыентам 13, ёй прадракалі месца, не вышэйшае за шостае.
Магчыма, на чаканні кантор уплывала і тое, што сёлетняя Алімпіяда — першыя за доўгі час Гульні, дзе беларусам не дапамагае Мікалай Казека, шматгадовы зорны трэнер нашай зборнай па фрыстайле.
У цяжкі час не хавала сваю грамадзянскую пазіцыю
Летам 2020 года Ганна, як і шмат хто з яе калег са зборнай па фрыстайле, падпісала ліст спартоўцаў за сумленныя выбары.
Пазней іншы падпісант гэтага ліста, трэнер Мікалай Казека, трапіў пад прэсінг з боку уладаў за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Тады спартоўцы беларускай зборнай па фрыстайле склалі і падпісалі адкрыты ліст у падтрымку свайго трэнера. Подпіс Гуськовай пад ім таксама стаіць.
Варта адзначыць, што да такой пазіцыі Ганна прыйшла не адразу. Так, у 2019 годзе ў адказ на пытанне пра тое, як яна ставіцца да Лукашэнкі як да кіраўніка Беларусі, Гуськова адказвала: «У нашай краіне мяне шмат што задавальняе».
Што да цікаўнасцей, то Гуськова мае некалькі татуіровак. Сярод іх — пума, кветка з пяром і надпіс на латыні, які перакладаецца як «імкнуцца ўверх».
Ганна — фанатка рок-музыкі і нават хацела, калі ёй было 16, стварыць з сябрамі рок-гурт. У 2015 годзе, калі ў Мінск прыязджаў амерыканскі калектыў 30 seconds to Mars, Гуськова забралася падчас канцэрта на сцэну і апынулася ў некалькіх метрах ад фронтмэна гурта Джарэда Лета.
Каментары