Абстраляны помнік ахвярам Халакосту пад Харкавам. Фота: Андрэй Марыенка / УНІАН

Абстраляны помнік ахвярам Халакосту пад Харкавам. Фота: Андрэй Марыенка / УНІАН

Канечне, ёсць вялікая розніца паміж гітлераўскім і пуцінскім уварваннямі.

Нацысцкая ваенная машына была велізарнай, паваротлівай і добра трэніраванай. У чэрвені 1941 года, за першы тыдзень уварвання, салдаты вермахта забілі і паранілі 150 тысяч салдат Чырвонай арміі. Яны захоплівалі вялікія тэрыторыі і бралі шмат палонных — аднойчы захапілі ў акружэнне нават 700 тысяч чалавек, піша CNN.

Нельга таксама параўноўваць лідараў краін, што абараняюцца ад уварванняў — Іосіфа Сталіна і Уладзіміра Зяленскага. Сталін быў сацыяпатам, на руках якога — кроў загінулых падчас рэпрэсій і Галадамора. Зяленскі — дэмакратычна выбраны лідар, які вядзе ўкраінцаў наперад і натхняе свет сваёй мужнасцю і абаронай дэмакратыі.

Але калі паглядзець бліжэй, бачна паралелі паміж войнамі з Гітлерам і Пуціным. Ваенныя гісторыкі кажуць, што расійскі лідар паўтарае як мінімум тры памылкі Гітлера.

Пуцін забыў базавае правіла вядзення вайны

Рух расійскіх танкаў ва Украіне замарудзіўся па дзіўнай прычыне — праз недахоп паліва. І гэта толькі частка больш вялікай праблемы, якая, поруч з супрацівам украінцаў, рушыць планы рускай арміі — лагістычных цяжкасцей.

Пуцін мае праблемы з тым, каб дастаўляць сваёй арміі ежу, паліва і абмундзіраванне. Ёсць звесткі пра тое, як расійскія салдаты грабяць банкі і супермаркеты, выкарыстоўваюць сродкі сувязі, якія не адпавядаюць стандартам (напрыклад, смартфоны), а расійскія танкі застаюцца без паліва.

Дрэнная лагістыка таксама сыграла важную ролю ў паразе нацысцкай Германіі на ўсходнім фронце, дзе Гітлер таксама чакаў хуткай перамогі. Нямецкая армія не здолела ўлічыць пры планаванні паставак тое, наколькі вялікім быў Савецкі Саюз і з наколькі цяжкапраходнай мясцовасцю сутыкнуўся вермахт на тым фронце.

Калі пачалася руская зіма, наступствы дрэннай лагістыкі аказаліся смяротнымі. Калі вайна пачалася, нацысты не выдзялілі арміі цёплае адзенне, бо думалі, што баявыя дзеянні скончацца раней за зіму. У выніку нямецкія салдаты ваявалі на марозе ў летняй форме. За першую зіму вайны недзе 250 тысяч з іх атрымалі абмаражэнні ці памерлі праз звязаныя з холадам недамаганні. Самая цяжкая сітуацыя для немцаў склалася падчас Сталінградскай бітвы, калі, каб выжыць узімку, салдатам давялося есці коней, сабак і пацукоў.

Пуцін раззлаваў патэнцыйных саюзнікаў

Інтэрнэт напоўнены сведчаннямі таго, што эксперты лічаць стандартным падыходам Пуціна да вядзення вайны: ён забівае агулам усіх мірных жыхароў, каб зламаць волю ўкраінскага народа. Расійскую армію абвінавачваюць у бамбардзіроўках гандлёвых цэнтраў, шпіталёў, жылых дамоў і тэатра ў Марыупалі, перад якім было напісана вялікімі літарамі і па-руску «дзеці». Але жорсткасць расійскай арміі мае адваротны эфект: украінцы рэагуюць на яе толькі ростам нянавісці да акупантаў.

Пры гэтым Пуцін мог бы знайсці саюзнікаў сярод мірных украінцаў, бо Расія і Украіна — славянскія нацыі, якія маюць шмат сувязяў. Шмат украінцаў маюць родных у Расіі і гутараць па-руску, і ва ўсходняй Украіне да Расіі заўсёды ставіліся добра. Тое ж, як сябе зараз паводзіць расійская армія, толькі аб’ядноўвае ўвесь украінскі народ супраць Расіі.

Гэта вельмі падобна да таго, як жорстка гітлераўцы ставіліся да савецкіх грамадзян. Гітлер мог знайсці шмат саюзнікаў у СССР, бо там шмат хто быў незадаволены існуючым рэжымам і масавымі рэпрэсіямі. Вось чаму некаторыя людзі ў СССР спачатку ставіліся да Гітлера як да вызваліцеля.

Але жорсткае стаўленне гітлераўцаў да мірных грамадзян хутка спрыяла росту савецкага супраціву. Немцы рабавалі савецкія гарады, пераследвалі яўрэяў і іншыя меншасці, а нямецкая прапаганда расказвала, што савецкія людзі заслугоўваюць толькі смерці ці рабства. У СССР так ненавідзелі Сталіна, што прыкладна мільён савецкіх грамадзян служылі ў нямецкай арміі, але жорсткасць Гітлера не дала яму шанс заваяваць іх сімпатыі.

Каб апраўдаць вайну, Пуцін гутарыць на адной мове з Гітлерам

Некаторыя пуцінскія крытыкі кажуць, што ён выкарыстоўвае падобную да нацысцкай мову і тэхнікі прапаганды, каб абгрунтаваць уварванне ва Украіну. Так, літара Z на расійскіх танках падобная да нацысцкай свастыкі, а сумнавядомы мітынг у Лужніках 18 сакавіка і выступ Пуціна на ім нагадваюць прамову Гітлера ў прапагандысцкім фільме «Трыумф волі».

Цімаці Снайдэр, даследчык гісторыі Цэнтральнай Еўропы і Халакосту, кажа, што словы Пуціна пра «дэнацыфікацыю» недарэчныя, бо іх выкарыстоўваюць, каб апраўдаць уварванне ў незалежную краіну з яўрэйскім прэзідэнтам — Расія нібыта ваюе ва Украіне, каб перамагчы нацызм.

Выступы Пуціна таксама нагадваюць гітлераўскую рыторыку. У «Майн Кампф» Гітлер пісаў пра страчаную магутнасць Германіі, сусветныя змовы, што спрыялі гэтай страце, і апраўдваў напад на іншую групу людзей. Аналагічныя словы мы чуем і ад Пуціна, толькі замест Германіі размова ідзе пра Расію.

Продкі шмат каго з украінцаў загінулі падчас Халакосту. Калі Пуцін выкарыстоўвае звязаную з гэтай трагедыяй рыторыку, каб апраўдаць вайну, гэта можа толькі дадаткова матываваць украінцаў яшчэ больш змагацца за сваю зямлю.

Што можа быць самым іранічным у гэтай гісторыі

Мы не ведаем, як скончыцца вайна ва Украіне. Але, калі ўкраінцы здолеюць захаваць сваю тэрыторыю і незалежнасць, іх перамогу, магчыма, пачнуць разглядаць як перамогу ў яшчэ адной Вялікай Айчыннай вайне, і ўкраінцы будуць ладзіць парады і ставіць помнікі ў гонар гэтай перамогі і загінулых. А Пуцін застанецца ў гісторыі дурнем, што зрабіў тыя ж памылкі, як і дыктатар, якога ён некалі публічна ненавідзеў.

 Што такое ОРДЛО і ў чым розніца паміж БТГр і БТР? Гайд па тэрмінах і абрэвіятурах вайны ва Украіне

«Самі прыдумалі вайну». Як жыве і пра што думае эстонская Нарва — самы рускі горад НАТА

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
68
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1