Для тых, хто за разнастайнасць

Вельмі насычаная праграма чакаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

З 16.00 да поўначы 21 мая пройдуць лекцыі і майстар-класы ад Індыйскага культурнага цэнтра, скетч-квэст, канцэрт A.M.A.D.I.S. Brass (артыстаў аркестра Вялікага тэатра Беларусі), майстар-класс па пляценні з саломы і не толькі. Асобна будуць аформленыя інтэрактыўныя зоны для дзяцей.

Дарэчы, 22 мая акцыя працягнецца ў філіяле мастацкага музея — Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, — дзе а 14-й гадзіне пройдзе канцэрт ансамбля «Камерныя салісты Мінска».

Квіток: 15 рублёў для дарослых і 7 для дзяцей.

Для фанатаў Мінска і Янкі Купалы

У літаратурным музеі Янкі Купалы акцыя пройдзе пад знакам дзвюх юбілейных дат — 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 955-годдзя Мінска. Гасцей чакае інтэрактыўная праграма, падчас якой можна трапіць у атмасферу Траецкага кірмашу губернскага Мінска пачатку ХХ ст.

Госці змогуць адчуць сябе ўдзельнікамі Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, якая праходзіла ў Мінску ў 1926 годзе (у ёй браў удзел Янка Купала). Гульні, конкурсы і віктарыны таксама ў праграме.

Квіток: 5 рублёў.

Для тых, хто плануе навучыцца новаму

Музейны комплекс «Дудуткі» анансуе цэлую серыю майстар-класаў: саломапляценне, ганчарства, дрэваапрацоўка, ткацтва, бортніцтва, кавальскае рамяство. За візуальныя ўражанні адкажа агнявы цырк «Kresiva» ў кампаніі з шаманскім рокам. А за музычнае афармленне — школа этнічных бубнаў «TekaDUM». 

Квіток: для дзяцей — 8 рублёў, для дарослых — 15.

Для фотааматараў

Ноч музеяў у майстэрні Заіра Азгура будзе прысвечаная фатаграфіі, у першую чаргу — архіўнай. Вадзім Качан, напрыклад, раскажа гісторыю фотаклуба «Вечаровы Мінск». А Юрый Елізаровіч — гісторыю навучальнай студыі і фотаклуба «Панарама». Будуць прадэманстраваныя працы фотаклуба «Ніва».

Асобна пакажуць праграму кароткаметражных дакументальных фільмаў пра фатографаў і фотамастацтва. 

Квіток: 7 рублёў.

Для тых, хто шануе беларускія традыцыі

Ноч музеяў у «Лошыцкай сядзібе»  праходзіць у гэтым годзе пад назвай «У віры традыцый». У якім жа віры плануюць там закружыць? Па-першае, запланаваны майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах і вясновыя карагоды на лузе ў Лошыцкім парку. Запрошаны госць — музыка Іван Кірчук — распавядзе пра вясельныя традыцыі беларусаў. Там жа навучаць вырабляць ляльку-берагіню, штампы для паштовак з гародніны і цікавы гербарый.

Стартуе праграма 21 мая а 13-й гадзіне, а разысціся ўсіх папросяць а 22-й.

Квіток: 10 рублёў.

Для тых, хто кайфуе ад містыкі

У музеі «Дом Ваньковічаў» 21 мая будзе вялікая колькасць астролагаў. Тут вам і будучыню прадкажуць па зорках, і астралагічныя падзеі для вашага знака задыяка. Але гэта далёка на ўсё: у праграме таксама анансаваны тэатр ценяў па творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», музейны квэст-гульня і майстар-класы: напрыклад, як зрабіць макет музея.

Квіток: 5 рублёў.

Для тых, хто любіць савецкі андэграўнд

«Адкручваем машыну часу на наступны настрой: 1950-1970-я гады, біт-паэзія, джаз і бугі-вугі, туфлі на маннай кашы, дзеці сонца, боб на галаве, казліныя бародкі і вытанчаныя вусы…» — напісана ў анонсе вечарыны ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

Усё гэта будзе падавацца праз наступныя забавы: лекцыю пра бітнікаў, майстар-клас па ліндзі-хопе, песні пад гітару, чабаровую гарбату, настолкі і чорна-белыя фільмы на прасціне, каб максімальна пагрузіцца ў атмасферу савецкіх кватэрнікаў.

Квіток: 5 рублёў.

Для тых, хто не ў Мінску

 

Музей Марка Шагала ў Віцебску

Цікавая праграма чакаецца вечарам 20 мая ў музеі Марка Шагала ў Віцебску — акурат да 135-годдзя з дня нараджэння мастака. Будзе і прэзентацыя яго вядомай графікі, і кінапаказ, і музычная праграма. Уваход вольны. 

Недалёка ад Віцебска ў музеі-сядзібе І. Рэпіна «Здраўнёва» 21 мая пройдзе канцэрт джазавай музыкі «Jazz do it», будзе паказанае шоу бубначоў «BARABAND», а ўсіх жадаючых пакатаюць на цеплаходзе па Заходняй Дзвіне. Квіткі для дарослых каштуюць 15 рублёў, для дзяцей — 8.

Ноч музеяў у Гомелі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў будзе прысвечаная дэманстрацыі артэфактаў: напрыклад, арыгінала рукапісу «Гора ад розуму» Грыбаедава, а таксама Евангелля, надрукаванага Пятром Мсціслаўцам. Можна будзе пераўвасобіцца ў вядомых людзей у пышным інтэр'еры эпохі Напалеона III і навучыцца рабіць незвычайныя арыгамі. Квіткі — 10 рублёў для дзетак і пенсіянераў і 15 — для дарослых.

Лідскі гісторыка-мастацкі музей арганізуе музейны трыпціх «Магія агню і святла». Імпрэзы запланаваныя на 20-22 траўня. Яны будуць арганізаваныя ў гісторыка-мастацкім музеі, Лідскім замку і Доме Валянціна Таўлая. Будзе і канцэрт оперных спевакоў, і тэатр ценяў, і хадулісты, і агнявое шоу. Цэны ад 6 да 12 рублёў.

«Ноч музеяў» — дадатковая нагода наведацца ў цудоўную Гародню. У мясцовым гісторыка-археалагічным музеі 21 траўня ў 20.00 пачнецца ноч дэтэктыўных гісторый з гульнямі ў «Мафію» і квэстамі. За музычны настрой на свяце будуць адказваць Dj Sekone100 і кавер-бэнд Hit Hunter. Без фотазоны і фудкорта таксама не абыдзецца. Што тычыцца цэн, то за ўваход просяць ад 8 да 12 рублёў.

Яшчэ больш пра праграму «Ночы музеяў» у вашым горадзе можна даведацца на спецыялізаваным сайце.

Чытайце таксама:

Адкрылася віртуальная выстава мастацкіх твораў, знятых з экспазіцыі «Арт-Мінска»

Казкі ад Маляваныча, мульты і «Калыханка». Што паглядзець пра дзіцячым Ютуб-канале «Бэйбус»

Клас
3
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру