У Брэсце і Гомелі пачаліся першыя суды за «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Украіне»
У панядзелак, 25 ліпеня, у Брэсцкім абласным судзе пачаўся першы суд па па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы), паведамляе «Вясна».

Артыкул прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў калоніі. Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Брэста Сяргей Вайцюк. Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская. Менавіта гэтая суддзя ў лютым 2021 года пасмяротна прызнала вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК) забітага Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву падчас пратэстаў у Брэсце. Таксама яна асудзіла да 10 гадоў зняволення сябра Генадзя Аляксандра Кардзюкова. Пасяджэнне пазначанае як адкрытае, наступнае — заўтра.
А сёння ў Гомельскім абласным судзе распачынаецца працэс над Міхаілам Лістападавым. Яго будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 1 арт. 361-1 і арт. 342. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў, які асудзіў чатырох палітвязняў — Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна — па «справе аб захопе адміністрацый».
Каментары