«У нас няма ілюзій наконт Беларусі». У МЗС Украіны распавялі, пры якіх абставінах разарвуць з нашай краінай дыпламатычныя адносіны
Пасля апошняга ракетнага ўдару па Украіне з тэрыторыі Беларусі ў Дзень украінскай дзяржаўнасці ва ўкраінскім грамадстве зноў паўстала пытанне, ці не час разрываць дыпламатычныя адносіны з нашай краінай. «Укрінформ» спытаў міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебу пра пазіцыю МЗС на гэты конт.

Кулеба адказаў, што добра памятае, як у ноч на 24 лютага з тэрыторыі Беларусі пачалося ўварванне ва Украіну.
«Перад гэтым беларусы кляліся, што Беларусь нам не пагражае. У нас няма ілюзій наконт Беларусі, але ёсць цвярозы аналіз таго, што адбываецца, і таго, як не даваць Лукашэнку дадатковых падставаў для прыняцця тых ці іншых рашэнняў».
Кулеба кажа, што яго пазіцыя не змянілася: калі беларускія ўзброеныя сілы ўвойдуць на тэрыторыю Украіны, ён неадкладна накіруе прапанову разарваць з Беларуссю дыпламатычныя адносіны.
«А наконт таго, што абстрэлы ідуць з тэрыторыі Беларусі, мне здаецца, што няма сэнсу прывязваць гэта да святочных дат. Тое, што расійскія бамбардзіроўшчыкі лётаюць у паветранай прасторы Беларусі — то проста трэніруюцца, то страляюць — гэта наша штодзённая рэальнасць. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што Беларусь з'яўляецца саўдзельнікам злачынства агрэсіі супраць Украіны, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Таму апраўданняў ім няма і не будзе», — сказаў ён.
Каментары
,