Грамадства

«Партрэта Лукашэнкі ў класе не было». Беларусы, якія скончылі прыватную школу, расказалі, як яны там вучыліся 

Беларуская дзяржава працягвае «займацца» пытаннямі прыватнай адукацыі. Па БТ расказваюць, што да прыватных школ маюць дачыненне «недружалюбныя да нас краіны». Сёлета толькі 14 з 35 прыватных школ прайшлі сертыфікацыю і могуць працягваць працаваць. Таксама для такіх устаноў Лукашэнка загадаў увесці ліцэнзаванне і «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі». «Наша Ніва» знайшла выпускнікоў прыватных школ і даведалася, якія ўражанні ў іх засталіся ад навучання там і ў чым галоўныя адрозненні ад дзяржаўных.

«Большасць маіх сяброў вучыліся ў дзяржаўных школах, рэзананс я адчувала заўсёды» 

Марыя (імя зменена) вучылася ў прыватнай школе ўсе 11 класаў, а да гэтага дзяўчына хадзіла ў такі ж дзіцячы садок. 

У Марыі ёсць адна з формаў аўтызму, таму бацькі шукалі для яе больш інклюзіўнае навучальнае асяроддзе. 

«Такая школа шмат чаму мяне навучыла: цяпер умею і святы арганізоўваць, і з малымі дзецьмі камунікаваць. Канешне, стрэсу ад гэтага было вельмі шмат. Пасля выпуску нават узяла год, каб паправіць ментальнае і фізічнае здароўе», — расказвае яна. 

У яе прыватнай школе дзяўчыне падабаліся маленькія класы (у іх было ад 8 да 15 чалавек), добрае харчаванне, камфортны будынак і настаўнікі. 

У дзень было 7-8 урокаў, вучыліся прыкладна да 17:00. 

«Выкладчыкі цудоўныя і людзьмі аказаліся добрымі, — кажа яна. — Не падабалася мне маразматычная адміністрацыя, вялікі стрэс ад кожнага школьнага свята, якіх было дужа шмат, стаўленне ў школе да беларускай мовы. У мяне, як у адзінай беларускамоўнай, былі канфлікты з адміністрацыяй. 

У нас выкладалі тры замежныя мовы на досыць высокім узроўні. Да выпуску некаторыя з нас ужо мелі ступень С1 па англійскай. Плацілі за навучанне дзесьці 550-600 даляраў».

Дзяржаўныя мерапрыемствы вучні не наведвалі, але пасля 2020-га пэўныя імпрэзы ў школе час ад часу праходзілі. 

«Напрыклад, занятак прысвечаны «дню народнага адзінства», занятак гісторыі ад Лукашэнкі. 

Большасць маіх сяброў вучыліся ў дзяржаўных школах, рэзананс я адчувала заўсёды. Яны здзіўляліся колькасці мерапрыемстваў, унутраных іспытаў і нагрузкі ў нашай школе, а я — жорсткім правілам у іх школах, бо ў нас, мне здаецца, з гэтым было трохі прасцей. 

Яшчэ ў нас не было школьнай формы, хадзілі ў чым хацелі. Вучыліся пераважна добрыя дзеці, але, вядома, былі «мажоры».

Думаю, што, калі сапраўды вучыцца, у нашай школе можна было атрымаць сапраўды высокі ўзровень адукацыі. Некаторыя прадметы, я лічу, выкладаліся недастаткова добра, але матэматыка, гісторыя, замежныя мовы — выдатна», — дзеліцца яна. 

«Неяк псіхалагічна мне было цяжка там вучыцца»

Ангеліна (імя зменена) вучылася ў прыватнай школе ў Мінску ўсе 11 гадоў. Выпусцілася дзяўчына ў 2018 годзе. 

У яе школе таксама было 7-8 прадметаў у дзень. Па словах дзяўчыны, нейкіх незвычайных заняткаў у іх у раскладзе не было. Існавала проста паглыбленае вывучэнне.

«Напрыклад, моў ці матэматыкі, якую я ненавідзела. Памятаю, як яна мне расшатала нервы. Сядзела неяк на апошнім уроку і проста ў мяне ўсё гарэла ад таго, што па дзяржаўных нейкіх стандартах яна павінна быць два ці тры разы на тыдзень, а ў нас, у старэйшых класах, магло быць па некалькі ў дзень. Навошта? Хай займаюцца дадаткова дзеці, якім яна патрэбна, а мне хацелася творчасці. Мала надавалі ўвагі вывучэнню беларускай мовы, літаратуры. Выкладчыкі па гэтых прадметах былі слабыя.

Мне падабалася гісторыя, але чамусьці дадатковых заняткаў па ёй мне не прапаноўвалі. Таксама любіла рускую літаратуру. Адміністрацыя школы звычайна казала, што мы дзеці дзелавых людзей, намякала, што будзем нібыта працягваць бізнэс бацькоў, таму нам трэба добра ў гэтым разбірацца, матэматыка галоўнае», — дзеліцца дзяўчына. 

У школу часцяком запрашалі для старэйшых класаў прадстаўнікоў універсітэтаў за мяжой, якія расказвалі, куды можна паступіць вучыцца. 

«Дарэчы, большасць выпускнікоў школы вучацца у розных прэстыжных ВНУ за мяжой. 

Яшчэ прыходзілі людзі, якія расказвалі, як адкрыць свой бізнэс і ўсё такое. Але для мяне гэта не было цікава, хацелася нечага больш гуманітарнага. Гэтага мая прыватная школа не давала. 

Таму я дадаткова пасля заняткаў стала хадзіць на розныя гурткі. Яшчэ мне трэба было сдавать для паступлення ва ўніверсітэт рускую мову і гісторыю, якім, як я ўжо казала, адміністрацыя школы не надавала ўвагі па вывучэнні, таму я пайшла да рэпетытараў», — расказвае яна.

Дзяўчына кажа, што ў яе ў цэлым такое сабе ўражанне ад школы. Яна хацела як мага хутчэй яе скончыць. 

«Неяк псіхалагічна мне было цяжка там вучыцца, — тлумачыць яна. — 

Я не была нейкай модніцай, не апраналася дорага, не выкарыстоўвала папулярную касметыку, таму вельмі адрознівалася ад астатніх дзяўчынак. У мяне нават з’явіўся комплекс, што я непрыгожая.

Калі я трапіла ў студэнцкае асяроддзе, гэта хутка прайшло. Але усё ж доўга шарахалася, калі нейкія хлопцы рабілі кампліменты, бо не верыла, што аказваецца прыгожая. 

Таксама мне не падабалася разгружанасць, якая існавала. Напрыклад, у нас было нешта тыпу летняга лагеру, у які ўсе абавязкова павінны былі хадзіць. Таксама ўсякія выступленні класаў, тэатр, канцэрты, у якіх вучні павінны былі прымаць удзел. А мне зусім не хацелася. Кожны раз гэта быў неверагодны стрэс. І вось навошта такое дзіця? Хай бы бралі толькі ахвотных». 

Наяўнасць у школе дзяржаўнай ідэалогіі Ангеліна не памятае. 

«Быў выпадак, калі мой знаёмы з дзяржаўнай школы паклікаў мяне на хакей, дзе быў Лукашэнка. Аказалася, што ім абавязкова трэба было на такое хадзіць. Тады я пачала больш цікавіцца тым, што адбываецца ў дзяржаўных школах.

Даведалася, што ў іх ёсць дзяжурства ў сталовай. У нас такога не было: ежу кожны сам сабе накладаў, кармілі тры разы на дзень. Памятаю, што ў класе вісела шыльда, на якой быў гімн і сцяг, але партрэта Лукашэнкі не было. 

Палітінфармацыя ў нас была даволі нармальнай. Нам не расказвалі пра тое, якія думкі выказаў Лукашэнка пры наведванні якога-небудзь завода. Казалі пра міжнародныя навіны, Беларусі, але яны вельмі выбіраліся, як мне падаецца. Казалі рэальна пра нешта важнае. 

Можна сказаць, што ў мяне была зацікалеўнасць, але я дакладна не ведала, наколькі ўсё дрэнна ў палітычным сэнсе ў Беларусі. Потым прыйшлося ўсё навёрстваць», — расказвае яна.

«Былі такія ж звычайныя рэчы, як у дзяржаўнай: бойкі, булінг, прадузятыя адносіны з боку настаўнікаў»

Аляксей (імя зменена) вучыўся ў прыватнай школе з 5 па 11 клас. Выпусціўся хлопец у 2017 годзе. 

Навучанне ў такой сталічнай школе каштавала ад 400 да 500 еўра ў месяц. Разліковы ліст прыходзіў менавіта ў валюце, а не ў беларускіх рублях. 

«Не ведаю, чаму мяне туды аддалі бацькі. Можа быць, неяк хацелі пацвердзіць свой статус, а можа думалі, што навучанне будзе лепш. 

Уражанні ў мяне дастаткова нейтральныя. Не было такога, што я адчуў вялікую розніцу паміж прыватнай і дзяржаўнай школамі. 

Мне здаецца, што адрознівала ў першую чаргу дзяржаўную школу ад прыватнай, — сацыяльнае кола. Вялікая колькасць дзяцей забяспечаных людзей. Ці адбівалася гэта неяк на выхаванасці ці нявыхаванасці, таксама цяжка сказаць, бо былі і такія, і іншыя», — расказвае ён. 

Ухіл у школе быў на замежныя мовы. У абавязковае вывучэнне ўваходзіла дзве — англійская, французская альбо нямецкая. Таксама былі дадатковыя ўрокі матэматыкі.

Дзяржаўныя падручнікі ў школьнікаў былі, але па іх займаліся рэдка. Больш па дадатковых даведніках, кнігах.

«Відавочна, што былі дзяржаўныя метадычкі, якія распаўсюджваліся і на нашу школу, таму я, калі быў школьнікам, падтрымліваў дзяржаўную палітыку, — кажа ён. —

Узнікаў рэзананс, калі ім трэба было працягваць ліцэнзію. Расказвалі, як гэта адбываецца, прасілі дзяцей добра сябе паводзіць, бо ў школе працуе камісія з Міністэрства адукацыі.

Ніякай прымусоўкі не было, але па асабістых пазіцыях адміністрацыі, настаўнікаў было бачна, што многія ўхваляюць палітыку ўладаў. Не ведаю, ці змянілася гэта пасля 2020 года». 

Некаторыя лічаць, што прыватная школа — гэта своеасаблівая «цяпліца». Аляксей з такой думкай нязгодны.

«Былі такія ж звычайныя рэчы, як у дзяржаўнай: бойкі, булінг, прадузятыя адносіны з боку настаўнікаў. Усё гэта ёсць незалежна ад таго, якія грошы вы плаціце. Асаблівасць — вялікая колькасць пазакласавых мерапрыемстваў і існаванне школьнага самакіравання. Ці дапамагло мне гэта па жыцці? Асабіста мне не.

Калі б я выбіраў, куды ісці вучыцца, напэўна, усё ж у прыватную, бо ёсць нейкі індывідуальны падыход. У класе можа быць 7-10 чалавек. Лічу гэта правільным, бо больш ёсць магчымасць практыкавацца ў нечым, тлумачыць могуць некалькі разоў.

Не ведаю, наколькі зараз у дзяржаўных школах ідзе ўхіл у ідэалогію, але я адназначна магу сказаць, што прыватныя для таго, каб акрэдытавацца, таксама вымушаныя ісці на нейкія хітрыкі», — дзеліцца хлопец. 

«Думалі, што ў нас дзясяткі за грошы ставяць»

Марыну (імя зменена) бацькі аддалі спачатку ў дзяржаўную школу. Пасля некалькіх гадоў навучання вырашылі перавесці ў прыватную.

«Брат хадзіў у прыватны дзіцячы садок пры гэтай школе, таму вырашылі і мяне аддаць, — кажа яна. —

У цэлым у мяне добрае ўражанне засталося ад яе. Калі б я жыла ў Беларусі і трэба было б думаць, куды аддаваць дзяцей, дык у прыватную.

У нас у калідорах былі канапы, у класаў не было літар, а назвы. Не было жахлівай сталовай, шведскі стол. Не падабалася тое, што за дзень было 8 урокаў. І школа займала з 8 раніцы да 6 вечара з улікам дарогі. Адпаведна, на нейкія іншыя актыўнасці не хапала сілы. Нават сустрэцца з сябрамі было цяжка».

Прыватная школа несла свабоду ў плане адукацыі не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў.

«У нас яны мелі права выбудоўваць урокі так, як лічылі патрэбным і падаваць яго не па метадычцы. Было некалькі прадметаў, дзе мы ўвогуле не карысталіся дзяржаўнымі падручнікамі, — гісторыя, англійская, руская. Выкарыстоўвалі альтэрнатыўныя ці матэрыялы настаўніка.

Вучылі тры мовы. Былі ўрокі танцаў, харэаграфіі, музычныя інструменты, спевы. Звычайна такія заняткі па-за школай, а ў нас гэта было ў ёй», — расказвае яна. 

Па словах дзяўчыны, ніякага прасоўвання Лукашэнкі ў іх не было.

«Партрэтаў яго не віселі, на нейкія мерапрыемствы мы таксама не хадзілі, — дзеліцца Марына. — Магу меркаваць, што максімальна спрабавалі адхіляцца ад гэтага.

Было здзіўленне, вядома, калі я прыйшла з дзяржаўнай у прыватную. Усё было інакш. Калі я толькі прыйшла, мне было крыху цяжка. Першыя некалькі дзён хадзіла ў чорна-белым касцюме, а там усё насілі джынсы і нейкія брэндавыя рэчы. Першы час гэта некамфортна, выдзялялася. Здаецца, што з мяне нават смяяліся дзеці. Думала, што ніколі не змагу ўліцца ў калектыў. Але потым убачыла, што яны вельмі розныя. Ёсць тыя, хто мажор, а ёсць нармальныя. Пачало падабацца.

Яшчэ момант: кожны раз, калі камусьці казала, што вучуся ў прыватнай школе, усё думалі, што ў нас дзясяткі за грошы ставяць або дзівіліся, напрыклад, таму ж шведскаму сталу». 

Дзяўчына лічыць, што яе школа была «цяпліцай». І гэта, на яе думку, добра для дзіця. 

«Калі дзяцей агароджваюць ад знешняга свету, не даюць у крыўду, то такое патрэбна кожнаму. Дзеці ўразлівыя арганізмы, калі растуць, фарміруюцца і, на жаль, берагчы так у дзяржаўнай не будуць.

Узровень адукацыі ацэньваю як высокі. Калі б ён быў дрэнны, то бацькі б не плацілі такія грошы.

Усе настаўнікі былі зацікаўлены ў навучанні і развіцці дзіцяці. Класы маленькія, надавалі шмат увагі. Іх неабыякавасць і дапамагала атрымліваць якасную адукацыю», — кажа яна. 

У 9 класе дзяўчына зноў перайшла вучыцца ў дзяржаўную школу. 

«Грошы ў бацькоў скончыліся», — падсумоўвае Марына. 

Чытайце таксама: 

У мінскай прыватнай школе адно дзіця стрэліла ў другое

На дырэктарку прыватнай школы, дзе атрымала раненне вучаніца, завялі крымінальную справу

Следам за медыкамі пачынаюць эміграваць педагогі. «Тут усё працуе на патрэбы дзіцяці, на эмацыйную ўтульнасць, на самастойнасць»

Каментары

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць14

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

«Лукашэнку відавочна цесна і нецікава ў Беларусі». Амбіцыйныя прапановы на рытуальным саміце11

«Размаўляць па-беларуску — гэта стыль». Японец пераехаў у Сухарава і дапамагае рабіць беларускую мову моднай6

Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах6

Пара пенсіянераў замерзла ў лесе пад Асіповічамі3

Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова

Лукашэнка пахваліў «Арэшнік» і прапанаваў размясціць ракеты ў Беларусі12

Лукашэнка панаракаў, што Арменіі няма на саміце АДКБ

У Гомельскай вобласці прайшоў «свінацыд», у некаторых раёнах выжыла толькі кожная 20-я свіння2

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць14

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →