Грамадства11

Следам за медыкамі пачынаюць эміграваць педагогі. «Тут усё працуе на патрэбы дзіцяці, на эмацыйную ўтульнасць, на самастойнасць»

Ірына Ляшкевіч — вядомая на Палессі творчая асоба: музыка, паэтка, выканаўца народных песень. Усё жыццё працавала ў школе ў роднай вёсцы Мачуль. Але раптам, у немаладым ужо ўзросце, рызыкнула пайсці на перамены… Пра акалічнасці, якія падштурхнулі да гэтага, і не толькі — у інтэрв’ю «Медиа-Полесью».

— Спадарыня Ірына, кажуць, што Вы настаўнік ад Бога. Пачнем гаворку з пытання пра прафесію. Чаму падае яе прэстыж?

— Настаўнік ад Бога — замоцна сказана… Я хутчэй апантаны творчасцю чалавек, які бачыць яе сэнс не толькі ў спатоленні ўнутраных духоўных патрэб, але і ў стварэнні асяродку такіх жа творчых людзей для найбольшай іх рэалізацыі. А Бог мне дадаў да гэтага моцную любоў да свайго краю, яго мовы, гісторыі і культуры. А чаму падае прэстыж прафесіі настаўніка? Гэта праблема цягнецца з мінулага стагоддзя. І тут шмат фактараў. Галоўны з іх, на мой погляд, прыход у прафесію выпадковых людзей, не па прызванню…

— Усе ведаюць Вас як паэтку, музыку, выканаўцу народных песень. Чаго больш у Вашай творчай асобе — прагі да вершаў ці музыкі?

— Музыка і паэзія настолькі блізкія, што ў маім жыцці яны не канкурыруюць, а мірна суіснуюць. Ёсць перыяды, калі мне больш спяваецца, ёсць, калі пішацца, ёсць, калі і не тое, і не тое… Спеваў усё ж болей, бо з імі звязана праца, а паэзія — госця нябесная, тут ніколі не згадаеш, у які час раптам з’явіцца радок.

— Вы столькі гадоў кіравалі некалькімі музычнымі калектывамі, вялі актыўную канцэртную дзейнась… І раптам аб’явілі, што сыходзіце. Чаму?

— Узорнаму аб’яднанню аматараў фальклору «Згадка» у гэтым годзе 33 гады, а фальклорнаму гурту «Каляжанкі» 7 гадоў.

Аглядваюся назад і разумею, што гэта былі шчаслівыя творчыя гады. Не было лёгка. Фактычна мы развіваліся, набіраліся вопыту метадам самастойнага пошуку і адпрацоўкі сваіх памылак. Я зараз хачу яшчэ раз падзякаваць усім сваім згадкаўцам, іх бацькам, маім школьным настаўнікам, былому дырэктару Мачульскай базавай школы Кірэчка Пятру Гаўрылавічу, сваёй маме, намесніку дырэктара Марыі Іванаўне Ляшкевіч, якія ў першыя гады працы са «Згадкай» падтрымлівалі, дапамагалі, чым маглі. Ведаеце, гэта вельмі важна—адчуванне запатрабаванасці ў працы. І скажы мне тады, што я вось так змагу ўсё кінуць, я, напэўна б, засмяялася…

Але жыццё бывае непрадказальным, з гадамі чалавек спасцігае нейкія новыя сэнсы, здараецца такая трансфармацыя ў тваім унутраным свеце, пра якую ты нават не мог уявіць… Думкі змяніць працу пачалі прыходзіць усё часцей. Я не адчувала тае ранейшай акрыленасці, жыццё заганяла маю творчасць у графікі рабочага часу, у планы, справаздачы, статыстыку, праверкі… Фінансавы бок таксама не радаваў…

А тут яшчэ пачаліся праблемы з рукамі. Больш за 40 гадоў з баянам на жаночых плячах выліліся ў траўмы сухажылля, лячэнне, аперацыю, працяглую рэабілітацыю…

Урэшце атрымала забарону на баян… Калі сутыкнулася з гэтай праблемай, калі засталася з ёй амаль адзін на адзін, я сказала сабе: «Спыніся. Час нешта змяніць. Тым больш за 4 месяцы хваробы я не адчула ранейшага суму па працы. Праца мяне адпусціла…А я адпусціла яе…»

— Распавядзіце пра сям’ю. Як матуліна сэрца справілася з такім выпрабаваннем, як затрыманне сына?

— У мяне вялікая сям’я… Старэйшая дачка Воля, як і я, шматдзетная мама. Скончыла фальклорнае аддзяленне Гродненскага каледжа мастацтваў. Працавала ў дзіцячым садку музычным кіраўніком. Цяпер разам з мужам выхоўвае 4 дзетак. Жывуць у Мачулі.

Сярэдняя дачка Марыя з мужам жывуць у Варшаве. Яна кандытар. Мара яе дзяцінства збылася.

Меншая дачка Таццяна скончыла 3 курсы лінгвістычнага каледжа, цяпер працягвае вучобу ў Варшаве.

У сына Барыса наладжваецца жыццё ў іншай краіне. Мне вельмі цяжка ўспамінаць той час, калі яго затрымалі [быў палітзняволеным]. Сэрца маці — камень, яно вытрымлівае нават смерць свайго дзіцяці… У мяне была моцная падтрымка маіх сяброў… Гэта была тая лакмусавая папера, якая паказала, хто ёсць хто… Пісала сыну пісьма, чакала адказаў, бавіла час з яго дзецьмі. Плакала, малілася…100 дзён роўна… Вытрымала… Не звар’яцела…

— Чаму вырашылі раптам з’ехаць з краіны? Як гэта адбывалася і чым займаецеся зараз?

— Чаму я паехала? Мяне паклікалі дзеці. Праца больш не трымала. Ды і адчуванне, што нейкі перыяд жыцця ў мяне закончыўся, не пакідала… А пачынаць новае на старых зруйнаваннях не мае сэнсу.

Таму было прынята рашэнне, сабраны рэчы і ў добры шлях у невядомае жыццё. Я маю ў Польшчы акрамя дзяцей шмат радзіны. Гэта мачульская шляхта-рэпатрыянты, якія ў 1945 годзе вымушаны былі з’ехаць у Польшчу. Размясцілі іх на былых нямецкіх тэрыторыях. Вёска Дзедзіцы была заселена Ляшкевічамі, Шыдлоўскімі, Вараксамі. Калі я наведала цвінтар у Дзедзіцах, то не стрымалася і заплакала… Я прыехала з Мачуля ў польскі Мачуль. У Дзедзіцах ёсць унікальны музей, дзе сабрана шмат найцікавейшых матэрыялаў і рэчаў, якія некалі прывезлі з сабой мачульцы ў далёкім 1945 годзе. Радзіна мяне прыняла вельмі добра. А працу я знайшла хутка. Гэта другая па ліку школа, куды я занесла сваё партфоліо. Мяне сустрэла дырэктар. Пасля размовы з ёй, я сказала сабе: «Я хачу працаваць тут! Божа, зрабі, каб так было!»

На другі дзень мне патэлефанавалі, і пачалося маё афармленне на новую працу ў новай краіне.

— Якія пабачылі адметнасці сістэмы адукацыі ў Польшчы? Як будуецца Ваш працоўны дзень? І наогул, як пачуваеце сябе на новым месцы?

— Школа Мантэсоры ў Барлінку — гэта дзіцячы садок па сістэме Мантэсоры. Акрэслю галоўнае, што сістэма базуецца на свабодным выхаванні, без прымусу. Напрыклад, на свае заняткі па ручной працы я прыходжу ў вызначаны мне час, але ў гэты час працуюць у групе і іншыя выхавацелі. Дзіця можа пакінуць адны заняткі і далучыцца да маіх, калі яму гэта цікава. Надакучыла, вярнулася да ранейшых заняткаў ці знайшло іншую сабе справу. У мяне бывае да 8 чалавек, а бывае 3-5. Мой працоўны дзень пачынаецца а палове восьмай. Уключаю музыку. Бацькі прыводзяць дзяцей у садок, а там гучыць музыка. Калі раптам дзецям захацелася патанчыць ад ранку, яны бягуць да мяне і я праводжу з імі музычныя гульні. Потым у мяне заняткі па ручной працы ў групах. У кожнай групе два разы на тыдзень. Час акрэслены прыблізна.

Далей я маю час на падрыхтоўку заняткаў наступнага дня. Калі патрабуецца, то дапамагаю выхавацелям з дзецьмі на шпацыры. Пасля абеду у мяне занятак музычны. Усе матэрыялы да заняткаў набываюцца за кошт школы. Дырэктар пастаянна ў кантакце з выхавацелямі, проста на калідоры вырашаюцца рабочыя моманты, генеруюцца ідэі, абмяркоўваюцца вынікі.

Усё працуе на патрэбы дзіцяці, на эмацыйную ўтульнасць, на самастойнасць, на права выбару.

Мне гэта ўсё блізка, цікава. І негледзячы на маю яшчэ зусім недасканалую польскую мову, я вельмі хутка наладзіла кантакт з дзецьмі і калегамі. Яны мне разам дапамагаюць засвойваць новае.

— Не шкадуеце, што з’ехалі, пакінулі родных, сябровак і гаспадарку — яна ж у Вас дакладна не слабая?

— Калі я прымаю рашэнне нешта змяніць, то яно адразу выключае шкадаванне па тым, што было. У мяне было шмат шчаслівых момантаў, але іх трэба ўспамінаць з удзячнасцю, а не са шкадаваннем. Канечне, ёсць сум і трывога за маму, за родных. Але цяпер, у час Інтэрнэту, можна быць пастаянна на сувязі. Са сваімі каляжанкамі мы таксама не губляемся. Вядзем перапіску, марым пра будучае.

Гаспадаркі я ўжо даўно не маю па прычыне хваробы рук.

— Вы даволі актыўны карыстальнік Фэйсбук. Наколькі важна для Вас публічна дзяліцца падзеямі з свайго жыцця?

— Так, маё віртуальнае жыццё вельмі актыўнае. Мне падабаецца камунікаваць з людзьмі. І ўсё ж такі асноўная частка майго жыцця па-за сецівам… Яна вельмі асабістая…

 — Ваша стаўленне да сітуацыі ў Беларусі? Якія спадзевы на будучае?

— Мы пражываем складаны і цікавы гістарычны працэс. Мы яго ўдзельнікі і назіральнікі. Мы спрабуем асэнсоўваць, спрачаемся, бярэмся за чубы. Але ніхто дакладна не ведае, якія ў гісторыі на нас планы. Мне ж вельмі хацелася б, каб у нас адраслі моцныя крылы, якія падарылі б нам адчуванне вольнага палёту над роднай зямлёй.

 — Што для Вас радзіма?

— Радзіма — гэта тое невымоўнае, што прарасло ў тваім сэрцы асаблівай шчымлівасцю…

Ірына Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль Столінскага раёна. Пасля заканчэння школы, ў 1985 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Атрымала дыплом эканаміста, але пайшла працаваць настаўніцай музыкі у Мачульскую базавую школу.

Стваральніца і кіраўнік узорнага аб’яднання аматараў фальклору «Згадка» Мачульскага СДФ, кіраўнік фальклорнага гурта «Каляжанкі».

Сябра суполкі беларускіх пісьменнікаў, аўтар кніг «Сувой» (2000) «Бібліятэчка часопіса «Маладосць», «Вас я чакала» (Кнігазбор, 2018).

Маці чатырох дарослых дзяцей і бабуля шасці ўнукаў.

Каментары1

  • Максим Дизайнер
    20.09.2022
    Уже и люди в возрасте бегут из этого болота!Прыстраивайце дачушак у Польшчы, таварышы!Как было к каму бИжаць из этава ада!

Цяпер чытаюць

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў18

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску1

З'явіліся новыя расцэнкі на газ, цяпло і электрычнасць для насельніцтва1

Частку трупаў нават не закопвалі. Адкрыліся вусцішныя падрабязнасці пра падзеж жывёлы ў Клецкім раёне

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў11

У Слоніме навучэнку каледжа пазбавілі права самой распараджацца стыпендыяй

Папа Леў XIV незадаволены тым, што святары рыхтуюць казані праз штучны інтэлект1

У Польшчы затрымалі беларусаў, якія хацелі пераправіць у Расію камплектуючыя для ўдарных дронаў6

Карына Шуляк не атрымае ні цэнта са спадчыны Эпштэйна16

У вёсках могуць з'явіцца крамы-канструктары. Вось як яны выглядаюць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў18

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць