Свет1212

«Нас проверяют, местные мы или нет. Просят сказать «чучинщина». Што пішуць у чатах расіян, якія хаваюцца ў Беларусі?

Абвешчаная ў Расіі мабілізацыя справакавала масавыя ўцёкі жыхароў у суседнія краіны. Беларусь адна з іх. Нямала расіян разглядаюць яе як месца, дзе можна перачакаць небяспечныя часы на радзіме або адкуль можна выехаць у трэцюю краіну.

Мінскі вакзал стаў для многіх расіян брамай у іншае жыццё. Фота з сацыяльных сетак

У сацыяльных сетках з'явіліся адмысловыя чаты, у якіх расіяне абменьваюцца лайфхакамі і інфармацыяй. Адзін з такіх чатаў называецца «Граница РФ-РБ Чат».

Самае частае ў ім пытанне — пра стаўленне беларусаў да расіян.

«Нянавісць да рускіх, ці ёсць у вас у РБ, асабліва, да тых хто ўцякае ад «магілізацыі»?» — цікавіцца ўдзельнік чату.

«Усім пофігу, абы паводзілі сябе спакойна і адэкватна», — адказваюць яму.

«А каб жыць у Беларусі, ці трэба ведаць беларускую мову?» — пытаецца расіянін.

«Калі ты ў Беларусі гаворыш на беларускай мове, то наадварот могуць быць праблемы», — засцерагаюць госця ад асаблівасцей лукашызму.

«Вывучыце хаця б базавыя слова: дзякую, калі ласка, вітаю, да сустрэчы», — раяць яму.

Некаторыя расіяне чакаюць, што ў Беларусі іх будуць вызначаць па гаворцы.

«А яшчэ нас правяраюць тутэйшыя, — адзначаецца ў адным з допісаў. — Просяць сказаць «чучинщина», альбо нешта такое. Асцярожна».

У яшчэ адным рэкамендацыя, як слушна называць краіну.

«Беларус і Беларусь, а не «Беларусія», бо адразу «палева», — падказваюць гасцям з суседняй краіны.

Яшчэ адзін супакойвае.

«Ой бач. Яны за гадзіну загэкаюць і задзекаюць. Мае ўжо «калі ласка» навучыліся гаварыць», — піша іншы карыстальнік.

Большасці расійскіх удзельнікаў чату Беларусь падаецца еўрапейскай краінаю з гасцінным народам.

«Людзі тут шчаслівыя нейкія, зычлівыя, адразу відаць, што еўрапейскага ў іх шмат», — адзначае адзін з каментатараў, які апавядае пра свае першыя кантакты з беларусамі.

«Мы рэальна дужа адсталі ад заходняй цывілізацыі ў маральным плане», — канстатуе ён.

Яшчэ адзін удзельнік чату, параўноўваючы норавы ў Расіі і Беларусі, наракае, што на радзіме «яго ў краме па два разы на дзень маглі паслаць», а тут, кажа ён пра Беларусь, «ветлівыя ўсе».

«Нават настрой сам лепшае і часцей усміхацца пачынаеш», — адзначае ён.

Не ўсе беларускія ўдзельнікі чату гатовыя прымаць гасцей з суседняй краіны.

«Не хачу я з распасцёртымі абдымкамі сустракаць людзей, якім 6 месяцаў было «с…ць» на вайну, — гаворыцца ў адным са злых допісаў. — Тыя, хто супраць вайны, выходзілі на плошчы. Такіх людзей я рада бачыць і дапамагаць».

На такі допіс некаторыя агрызнуліся.

«Ім трэба дапамагаць, а не свае нейкія незразумелыя прэтэнзіі выказваць. Хочаце выказваць, пішыце ў Крэмль. Звычайныя людзі ні пры чым», — адзначана ў адным з каментароў.

«Бягуць якраз тыя, хто не хоча нікога «вызваляць», і падмацоўвае сваю пазіцыю дзеяннямі — уцякаючы, кінуўшы ўсё сваё жыццё, якое дзесяцігоддзямі выбудоўвалі», — даводзіць сваё бачанне сітуацыі іншы ўдзельнік чату.

«У цэлым да вас прыедзе шмат турыстаў і гэта моцна прастымулюе вашу эканоміку», — аргументуе карысць ад наплыву гасцей расіянін.

Не ўсе, аднак, яго землякі ўпэўненыя, што Беларусь для іх паратунак. Такія лічаць, што «Лукашэнка будзе здаваць рускіх».

«Я проста спрабую зразумець мэтазгоднасць пераезду, — тлумачыць расіянін, які хоча з'ехаць з Расіі. — Не ўпэўнены, што ў Беларусі будзе нашмат бяспечней, чым у Расіі».

Чытайце таксама:

На мяжы Расіі з Беларуссю — праверкі і заторы, шукаюць мабілізаваных

«Гуманітарная катастрофа! Раздаў уцекачам з Расіі прадукты, якія ў мяне былі». Як беларус трапіў у пекла на расійска-грузінскай мяжы

«Калі расіяне ўжывуць стратэгічную ядзерную зброю, ад Расіі нічога не застанецца». Амерыканскі аналітык апісвае сцэнарыі развіцця падзей, Лукашэнку ён лічыць закладнікам, а не марыянеткай

Каментары12

  • чукчиньщина
    29.09.2022
    хай спачатку вымавяць Шчучыншчына. з нашым зацвярдзелым "ч" і ўсё такое. гэтага ім не вымавіць ніколі
  • Юзік са станцыі Крулеўшчына
    29.09.2022
    — Просяць сказаць «чучинщина», альбо нешта такое.

    Падыйшлі немцы да Шчучына... Трэба шыльду ставіць. Schtschutschin. Кабздзец! -- падумалі немцы. Лепш гэты горад перайменаваць, альбо спаліць! Не ведала тады немчура, што ёсць яшчэ такое слова як -- Schtschutschinschtschina!
  • антисвета
    29.09.2022
    Юзік са станцыі Крулеўшчына,))) вы зрабілі маю ноч. не - ноч і дзень. не - тыдзень. гэты анекдот пойдзе ў народ)

    п.с. а я ўсё думаю - хто анекдоты сачыняе? кажуць - народ-народ. а гэта аказваецца Юзік Крулеўскі сачыняе анекдот)
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў16

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Усе навіны →
Усе навіны

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягваліся чатыры гадзіны5

Ціханоўская прызналася, што не ўмее гатаваць катлеты9

«Будуць каштаваць як крыло самалёта». Беларусы паказалі, як ратуюць ягады і гародніну ад замаразкаў

Былы афіцэр Унутраных войскаў з захапленнем вяртаецца да беларускай мовы5

«У часці было шмат «кульгавых». Як цяпер служаць у войску тыя, хто да 2023 лічыўся непрыдатным2

«Шанцы на спыненне агню роўныя нулю». ЗША паведамілі Еўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік15

Пуцін прапанаваў пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў3

Лукашэнка заклікаў не зважаць на псіхіку дзяцей тады, калі трэба праводзіць прапаганду22

Пад Лепелем адбылася страшная аварыя са смяротным вынікам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў16

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць