Грамадства33

«Усе дзеянні ўладаў спрыяюць таму, каб беларусы ў выніку перамаглі». Сястра Рамана Бандарэнкі — пра два гады без брата і свой свет цяпер

Гэта было два гады таму: мінчук Раман Бандарэнка, жыхар квартала каля «Плошчы Перамен», выйшаў на вуліцу, каб абараніць свой двор ад невядомых, там яго збілі да смерці. Стрыечная сястра хлопца Вольга Кучарэнка, якая была з ім вельмі блізкая, падзялілася з «Нашай Нівай» успамінамі пра брата, расказала пра свой ад'езд з Беларусі і жыццё сваякоў Рамана цяпер.

Фота: kucherenko / Instagram

«Наша Ніва»: Як вы?

Вольга Кучарэнка: Прыходзіцца быць у рэсурсным стане. У гэтым годзе прасачыла заканамернасць, што калі правальваюся ў смутак ці дэпрэсію, то і ўсё астатняе ў жыцці каціцца ўніз. А калі я пастаянна ў тонусе, то нават знешнія фактары спрыяюць таму, каб усё ў мяне атрымлівалася. Таму, калі заўважаю, што смуткую, злуюся ці нешта яшчэ ў гэтым духу, спецыяльна прыдумляю сабе нейкія актыўнасці, сустрэчы з блізкімі мне людзьмі.

«НН»: Як даўно вы ў Польшчы?

ВК: Са снежня 2021 года. Дагэтуль не ўспрымаю гэта як пераезд, проста паехала сюды ў адпачынак, бо ў мяне тут працуе муж. Ён чакаў, калі мы з дачкой прыедзем да яго, а ў мяне гэта ўсё не атрымлівалася, і я вырашыла, што трэба паехаць сюды ў адпачынак недзе на месяц. У працэсе зразумела, што тут можна падацца на дазвол на жыхарства, і гэта зручны спосаб спакойна ездзіць з адной краіны ў другую. Калі падала дакументы, аказалася, што ДНЖ выдаюць не надта хутка, і я дагэтуль яго чакаю, па шэрагу прычын не магу забраць гэтую картку. Ды і цяпер у мяне тут важная частка жыцця.

«НН»: У Беларусі адчувалі сябе ў небяспецы?

ВК: Калі я там знаходзілася, напэўна, гэта не разумела. Але тут, у Польшчы, адчула сябе абсалютна інакш. Узяць, напрыклад, сон: здаецца, недзе паўтара тыдня пасля прыезду я спала і выходзіла з пакоя, толькі каб паесці, прычым тут жа не трэба было адаптавацца ні да іншага часу, ні да іншага клімату. Зразумела, што ў Мінску мела павярхоўны сон, бо адчувала, што да кожнага могуць раптоўна прыйсці, напрыклад, а 7-й раніцы, была пастаянная трывога. А тут я адчула сябе ў бяспецы і, відаць, вырашыла перш за ўсё адаспацца.

У пачатку яшчэ ёкала сэрца, калі бачыла на вуліцы паліцыянтаў, чакала, што, магчыма, зараз будуць некага затрымліваць. Цяпер жа ўспрымаю іх як любых іншых людзей. Не магу сказаць, што надта клапацілася ў Беларусі пра сваю бяспеку, але тое, што адбываецца ў краіне, усё роўна вельмі адгукаецца ў маім сэрцы. Не магу глядзець на гэта раўнадушна.

«НН»: Чым цяпер займаецеся?

ВК: Нанава распачынаю свой бізнэс па дызайне адзення, наладжваю сувязі. Лічу, што атрымліваецца даволі добра, ужо зрабілі калекцыю. Адзінае, што мне патрэбны ДНЖ, і тады я здолею аформіць ІП і прадаваць гэтыя рэчы. Але бачу, што попыт ёсць, і фідбэк ад першага паказу быў грандыёзны — магчыма, у мяне такога ніколі не было.

Фота з першага паказу Вольгі ў Польшчы. Крыніца: kucherenko / Instagram

Калекцыя была пра Беларусь. Верагодна, цяпер гэта для ўсіх набалелая тэма, і, магчыма, ніхто такім чынам яшчэ не выказваў тое, што ў нас у кожнага на душы. Хаця гэта і было перададзена праз адзенне і вобразы, але атрымаўся пасыл на зразумелай мове, прытым што публіка была непадрыхтаваная, не фэшн-эксперты ці журналісты, а абсалютна розныя людзі. Цікава, што кожны знайшоў для сябе нешта блізкае, часам нават казалі, што гэта лепш за Беларускі тыдзень моды.

«НН»: Калі вы запусціце ў Польшчы ваш брэнд, ён таксама будзе прысвечаны Беларусі?

ВК: Не сказала б, што гэта будзе ДНК усяго брэнда, Беларусі прысвечана канкрэтная калекцыя. Не люблю сябе штучна абмяжоўваць, казаць, што я працую толькі ў адным кірунку. Але цяпер мяне хвалюе тэма Беларусі, маю шмат эмоцый і ўражанняў, назапашаных за два гады. Як творчая адзінка, не магу казаць пра нешта, што мяне не хвалюе. Буду казаць пра тое, што мяне закранае, і лічу гэта найбольш эфектыўным спосабам узаемадзеяння з публікай, бо так змагу выказаць найбольш ярка тое, што жадаю данесці да людзей.

«Нібыта звяртаюся да ўнутранай часткі сябе, каб пачуць адказ, але чамусьці пры гэтым уяўляю, што гутару з Ромам»

«НН»: Гутарым з вамі за пару дзён да гадавіны смерці вашага брата. Як вы праведзяце гэты дзень, 12 лістапада?

ВК: Да нас у Варшаву прыедзе цёця Лена, Ромава мама, і мы правядзём гэты дзень разам. Плюс тыя хлопцы і дзяўчаты з «Плошчы Перамен», якія цяпер жывуць у Варшаве, плануюць правесці ў гэты дзень вечар памяці па Роме, упэўненая, што я там буду. Спадзяюся сустрэцца з тымі людзьмі, хто неабыякавы да падзей двухгадовай даўнасці.

Самае галоўнае — тое, што мы будзем разам, зможам успомніць Рому і пагараваць. У Мінску ўжо няма ўмоў для таго, каб правесці гэты дзень спакойна і так, як мы хацелі б.

Фота: архіў Вольгі Кучарэнка

Год таму мы збіраліся на могілках са сваякамі і блізкімі людзьмі, замаўлялі нешта накшталт паніхіды. Тое, што здарылася з Ромам, мела вялікі рэзананс у нашым асяроддзі, таму немагчыма зараз проста запрасіць на могілкі святара. Бачым, што здарылася са святарамі, якія служылі паніхіды па Роме ў 2020—2021 гадах. Багамольнікаў сядзіць, здаецца, ужо дзён 50 на сутках, іншы святар быў вымушаны з’ехаць.

Не хацелася б падстаўляць людзей, якія засталіся ў Беларусі, і пазбаўляць іх апошніх кропляў бяспекі. У нас прымаюць неадэкватныя законы. Такое ўражанне, што ўлада спрабуе дакапацца да кожнага чалавека і кожнай сферы, якая хоць неяк была датычная да пратэстаў 2020 года, каб запужаць усіх, каб усе замаўчалі, і ніхто нават не мог дапусціць думкі, што можна нешта зрабіць ці нават сказаць супраць таго, што адбываецца нават цяпер, не кажучы пра тое, што адбывалася ў 2020 годзе на выбарах.

«НН»: Якім вы ўспамінаеце Рамана?

ВК: Складана сказаць, гэта залежыць ад настрою. Ён быў розным, у яго былі і цяжкія перыяды. Але, напэўна, часцей я згадваю моманты, калі ён прыходзіў мне на дапамогу, і нават калі гэта простыя побытавыя рэчы, для мяне гэтыя ўспаміны вельмі каштоўныя. Рома памёр зусім маладым, і яшчэ не назапасілася шмат гісторый з яго жыцця, ён не прайшоў нейкага доўгага шляху. 30 гадоў — гэта нямала, але ўсё адносна, немаладыя людзі пакідаюць пасля сябе больш успамінаў.

Ад таго, што ўспамінаў не так шмат, робіцца яшчэ цяжэй, плюс нешта забываецца. Часам, наадварот, нейкія рэчы ўсплываюць, і ты гэтаму радуешся, нібыта яго трошкі ажывіў у памяці. Часта ўспамінаю дзяцінства, бо ў той час мы бавілі вельмі шмат часу разам. Нашы сем’і цесна камунікавалі, і кожнае лета мы праводзілі разам, ён быў гарэзны, вясёлы і свабодны, бесклапотны.

Мяне заўсёды здзіўляла тое, наколькі Рома адкрыты, ён не абмяжоўваў сябе стэрэатыпамі. Прычым ён не спецыяльна сябе так паводзіў, ён так адчуваў жыццё, і для яго не было знешніх матэрыяльных абставін, што маглі б яго абмяжоўваць. Напэўна, у тым яго ўчынку, калі ён выйшаў два гады таму ў двор, і праявілася яго натура.

«НН»: Калі б Раман быў жывы, што б з ім зараз было?

ВК: Упэўненая, што ён быў бы незадаволены сабой. Ён быў такі чалавек, якому трэба рухацца да нейкай мэты і станавіцца лепшым. У дзень, калі Рома выйшаў у двор, ён звольніўся з працы, якую не надта любіў, і ўжо меў дамоўленасць з фірмай пра супрацу ў мастацкай сферы, у яго нібыта пачыналася новае жыццё, і ў той вечар яго жыццё абарвалася. Калі б усё склалася інакш, думаю, Рома пайшоў бы працаваць туды, куды хацеў, і працягваў бы расці як творчая адзінка.

Фота: архіў Вольгі Кучарэнка

Вядома, часам гутару з ім у думках, часцей гэта было адразу пасля яго смерці. Напэўна, гэта было ад няўцешнасці. Цяпер таксама размаўляю з Ромам у думках, але рэдка, калі адчуваю смутак. Зразумела, не разлічваю, што ён мяне пачуе ці дасць знак, што мне рабіць у той ці іншай сітуацыі, нібыта звяртаюся да ўнутранай часткі сябе, каб пачуць адказ на нешта, але чамусьці пры гэтым уяўляю, што гутару з Ромам.

«НН»: Год таму вы казалі, што верыце ў справядлівасць, у тое, што закон і праўда ў гэтай гісторыі перамогуць. Усё яшчэ верыце ў гэта?

ВК: Я бясконцы аптыміст у гэтым пытанні і ўпэўненая, што беларусы дасягнуць сваёй мэты. Нават тое, што Беларусь удзельнічае ў вайне, наблізіць момант перамогі. Часам, калі ўлады робяць нешта новае, у мяне адчуванне, што яны самі сябе ўтоптваюць у бруд і не разумеюць гэтага, ствараюць такое становішча для сябе, адкуль потым яны не выкараскаюцца. Нібыта ўсе іх дзеянні спрыяюць таму, каб беларусы ў выніку перамаглі. Не ведаю, як гэта здарыцца, але бачу, што мы набліжаемся да гэтага дня.

Тое ж самае і ў дачыненні да Ромавай справы. Зразумела, што цяпер ніхто нічога не расследуе, і ёсць уражанне, што гэта робіцца спецыяльна, каб не пагаршаць і так не надта добрае становішча ўладаў. Але калі будзе супольная перамога, будзе і законнае расследаванне, і справядлівасць пераможа. Не маю ні кроплі сумнення, што так будзе.

«Можа здавацца, што людзі жывуць звычайным жыццём, але гэта проста абалонка»

«НН»: Вы адчуваеце, што людзі памятаюць вашага брата?

ВК: Так, хаця зразумела, што паведамленняў і лістоў прыходзіць менш. Але кожны месяц у памятныя дні я пішу, што памятаю пра Рому, і людзі больш актыўна рэагуюць на гэтыя сторыс, так што бачу, што яны памятаюць. Ведаю, што шмат хто ходзіць на магілу, там увесь час ёсць жывыя кветкі ў вялікай колькасці, і адчуваю з боку людзей падтрымку ў цяжкія моманты.

Тут, у Варшаве, шмат камунікую з іншымі беларусамі, і яны расказваюць мне, як на іх паўплывала тое, што здарылася з Ромам, як яны сябе тады адчувалі. Для мяне гэта важна, я фіксую гэта ў сябе ў галаве і магу ацаніць, што гэтых людзей шмат.

Цяпер можа здавацца, што людзі жывуць звычайным жыццём, але я разумею, што гэта проста абалонка, насамрэч людзі ўсё памятаюць. Проста або яны ў стане разгрузкі, бо нервовая сістэма не можа пастаянна быць у напружаным стане, або яны проста не разумеюць, што могуць цяпер зрабіць, але жаданне нешта зрабіць у іх ёсць.

Фота: архіў Вольгі Кучарэнка

«НН»: Як жыве маці Рамана, Алена Сяргееўна?

ВК: Калі казаць пра цяперашні час, мне здаецца, яна смуткуе. Магчыма, на яе цісне гадавіна. Часам пачынаю сябе вінаваціць, што з’ехала, разумею, што даволі моцна яе падтрымлівала, мы бачыліся амаль кожны дзень. Цяпер стэлефаноўваемся не менш чым некалькі разоў на тыдзень, але ж гэта не тая падтрымка, як калі б мы бачыліся ўжывую.

Бачу, што яна сустракаецца з людзьмі і нібыта трымаецца, хаця няпроста гэта ацаніць, калі ты далёка. Часам думаю, што цёці Лене трэба больш падтрымкі, каб яна разумела, што не адна. У яе, акрамя нашай сям’і, не засталося нікога, хто б мог яе падтрымаць.

«НН»: Як трагедыя з Раманам вас змяніла?

ВК: Не сказаць, што яна мяне змяніла. І я, і цёця Лена — мы, напэўна, адчулі сваю здольнасць спраўляцца з цяжкасцямі, якая ў нас была, але ў той момант мы здолелі яе праявіць. Зразумела, як шмат цяжкасцей магу пераадолець і наколькі я моцная, і ад гэтага змяніўся мой падыход да спраў. Цяпер больш лёгка бяруся за рэчы, стала больш смелай ва ўсім.

Думаю, што тое, што здарылася з Ромам, неразрыўна звязана з падзеямі ва ўсёй Беларусі, і вось што хачу адзначыць наконт іх. Заўважаю, што вельмі шмат людзей пачалі разумець, як важна дбаць пра сваё ментальнае здароўе, браць сябе ў рукі і дбаць у першую чаргу пра сябе і блізкіх, каб мець магчымасць нешта рабіць далей. Бачу, як людзі ідуць да псіхолагаў, як з’яўляюцца ютуб-каналы і артыкулы, дзе людзей вучаць спраўляцца з тым, што адбываецца цяпер.

Проста на ўсіх беларусаў кацяцца праблемы, нібыта снежны камяк, і не паспяваеш зразумець, як з гэтым спраўляцца і што ты можаш зрабіць для агульнай мэты. Але цяпер людзі ўсведамляюць, што перш за ўсё трэба выратаваць сябе, і калі ты гэтага дасягнеш, то і ўсё астатняе пачне атрымлівацца, маю на ўвазе і нашу перамогу. У людзей, якія ў эміграцыі, засталася патрэба вярнуць сваю Радзіму, жыць у ёй і нешта рабіць на агульную карысць, але пачынаць трэба з сябе, і тады ты пабачыш новыя шляхі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Яны павінны думаць, як глядзець людзям у вочы». Год без Рамана Бандарэнкі — як яго сям'я перажыла гэтыя месяцы?

Гэты фатограф здымаў Плошчу Перамен (і не толькі). Вось 10 яго здымкаў і іх гісторыі

«Бітва за мурал». The New York Times пагутарыла з былой актывісткай «Плошчы Перамен»

Каментары3

  • Гервасій
    12.11.2022
    Ніхто не забыты. У людзей памяць доўгая і рана ці позна забойцы панясуць пакаранне. Гэты бандыцкі рэжым і яго начальнік будуць асуджаныя.
    R.I.P.
  • Терро
    12.11.2022
    Обычный человек стал героем страны,в будущем о нем будут рассказывать школьникам как шла борьба за свободу страны.
  • Кацярына
    14.11.2022
    Памятаем і ніколі не забудзем!

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

Расійская армія пачала штурм Вялікай Навасёлкі. Яе захоп будзе мець велізарнае значэнне2

Пасол Украіны ў Турцыі расказаў, як Эрдаган выратаваў ад расійскага захопу Адэсу і Мікалаеў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →