Сёння — фінал Еўрабачання: вось топ-10 песень, якія могуць перамагчы
Сёння ў Ліверпулі пройдзе фінал Еўрабачання-2023. Каб вы падышлі да яго падрыхтаванымі, мы склалі наш асабісты топ-10 выступоўцаў (меркаванне букмекераў таксама ўлічылі).
Фінляндыя. Käärijä
За што мы любім Еўрабачанне (акрамя фрыкаў і скандалаў, вядома)? За яркія колеры і вясёлыя, небанальныя выступы, канешне ж! І фін Käärijä у вытанчаным неонава-зялёным пухавіку неапісальнай формы выдатна дэманструе, як гэта працуе (а яшчэ на ім скураныя штаны з велізарнымі шыпамі, так, мы не жартуем).
На фінскім адборы Käärijä выступаў на самаробным рынгу з драўляных паддонаў і ў суправаджэнні чатырох выканаўцаў бальных танцаў у ружовым (нездарма ж песня называецца Cha Cha Cha). Танцоры скакалі як апошні раз у жыцці, а бліжэй да канца спявак іх проста асядлаў — паглядзім, чым гэта скончыцца ў Ліверпулі.
Францыя. La Zarra
Нумар спявачкі La Zarra пачынаецца ну максімальна традыцыйна: элегантная францужанка ў доўгай чорнай сукенцы стаіць адна на сцэне і манерна спявае роўна ў тым жа стылі, які раней прыводзіў артыстаў на апошнія месцы Еўрабачання. Думаеце, прахадны нумар? Не спяшайцеся судзіць, бо Évidemment ад францужанкі яшчэ паднясе сюрпрызы!
Яркая песня, незабыўны вобраз, незвычайныя рухі і, канешне, моцны голас — ці хопіць гэтага La Zarra, каб скарыць Еўрабачанне? Ёй дакладна будзе цяжка супернічаць, напрыклад, з фінам, але пакуль з гэтай песняй «Ясна» (так перакладаецца з французскай Évidemment) зусім не ўсё зразумела.
Швецыя. Loreen
Знакамітая Loreen ізноў з намі! І здольная зноў узяць на Еўрабачанні першае месца, як у 2012 годзе з песняй Euphoria. Калі вы параўнаеце яе сёлетні выступ з трэкам Tattoo і пераможную для Loreen «Эйфарыю» адзінаццацігадовай даўнасці, знойдзецца шмат падабенства: спявачка зноў адна танцуе на напаўзацемненай сцэне, робіць загадкавыя рухі рукамі ў воблаках белага дыму і час ад часу прымае позы, падобныя да ёгі, ды і сам трэк падобны да гучання на Euphoria.
Але ж ён усё роўна чапляе, як і стылістыка Loreen, па якой шмат хто з еўрагледачоў, напэўна, сумаваў. Так што шведка мусіць заняць на конкурсе неблагое месца — канешне, калі гледачоў не спужаюць яе нечакана доўгія пазногці.
Харватыя. Let 3
Вось яны, галоўныя фрыкі сёлетняга Еўрабачання! Гурт Let 3 прадстаўляе песню Mama ŠČ, якую лічаць сатырай на Пуціна і Лукашэнку. Музыкі выступаюць у псеўдавайсковых убраннях, у саліста яно нават ружовае, а сама песня спачатку нагадвае абсурдны набор словаў: «Мама набыла трактар, трайна-ніна, Армагедон-бабка…». Але пазней у тэкст урываецца больш зразумелае «Мама, я буду граць, мама, я іду на вайну, гэты маленькі псіхапат…».
Тым часам у руках аднаго з музыкаў з'яўляюцца ракеты, якія насамрэч страляюць піратэхнікай.
Украіна. Tvorchi
Выступ гурта Tvorchi з трэкам Heart of Steel у нацадборы выглядае просценькім. Няма тут жвавых бітаў і гарэзнай падтанцоўкі, колеры нумару даволі лаканічныя. Але ж кампазіцыя качае, ды яшчэ еўрапейцы, напэўна, адсыплюць Украіне багата сваіх галасоў на знак падтрымкі ваюючай краіны.
Выглядае, што для ўкраінцаў Heart of Steel — сімвалічны трэк. Гэта песня, што перамагла на адборы ў кіеўскім метро, ды і словы там шмат значаць. Нездарма ж яе назва перакладаецца як «Сталёвае сэрца» — тое, што зараз у грудзях у кожнага ўкраінца.
Італія. Marco Mengoni
Гэтую краіну мы ўключылі ў наш топ спецыяльна для тых, хто любіць простыя добрыя песні без спецэфектаў, стракатых касцюмаў і жахавітых масак. Марка Менгоні, удзельнік Еўрабачання-2013, вяртаецца на конкурс з кампазіцыяй Due Vite («Два жыцця»), і гэта — песня пра каханне, якая можа разбіць вам сэрца.
Марка спявае пра ўнутранае і знешняе жыццё чалавека, пра тое, як гэта — быць разам з каханым адзінымі людзьмі ў Сусвеце, якія не спяць і адчуваюць гэты свет у яго паўнаце. І пра жыццё, якое пераацэніць усе гонкі і аплявухі, якія цяпер здаюцца важнымі. Дужа, дужа прыгожа.
Чэхія. Vesna
Гурт Vesna і іх трэк My Sister's Crown абяцаюць стаць ледзьве не найбольш самабытнай з'явай Еўрабачання ў Ліверпулі. Дзяўчаты спяваюць фолк з сучаснымі ноткамі і нават з рэпам па-чэшску, а іх стылёвыя касцюмы — суцэльнае замілаванне. Але ж не адным чэскім рэпам: у конкурснай песні таксама гучыць англійская, балгарская і ўкраінская мовы.
Не абышлося і без традыцыйнага для конкурсу палітычнага скандалу. Не ўсім слухачам зразумела, што ж мелі аўтары песні на ўвазе, калі назвалі песню «Карона маёй сястры». Відаць, гэта адсылка да аднаго з «сястрынскіх» славянскіх народаў, чыю карону ў прыпеве просяць не здымаць, але да якога? Рускага ці ўкраінскага?
Ізраіль. Noa Kirel
Калі шведка Loreen спявае, лежачы на падлозе, то прыгажуня Ноа Кірэл з Ізраіля перабралася на столь, ды яшчэ і падцягнула туды сваіх музыкаў. Не чакайце ад песні, якую Ноа прывезла ў Ліверпуль, вялікіх сэнсаў. Насамрэч Unicorn — гэта яркая поп-кампазіцыя з прыгожай выканаўцай у адкрытых уборах.
Так, проста і часам стэрэатыпна. Але на Еўрабачанні мусяць быць песні, што ідэальна падыходзяць да танцаў у бары ўвечары суботы, якраз калі ідзе фінал конкурса. Няма сумневаў, што Ноа Кірэл у гэты фінал трапіць.
Швейцарыя. Remo Forrer
Яшчэ адзін прыклад проста добрай і прыгожай песні, пасля якой не думаеш, маўляў, навошта ў мяне адабралі тры хвіліны жыцця. Рэма Фарэр са Швейцарыі прэзентуе антываенны трэк Watergun, вельмі эмацыйны і актуальны ў нашыя часы. Рэма спявае пра дзіцячыя гульні ў вайнушку, якія раптам ператварыліся для Еўропы ў сумную рэальнасць. «Мы стаім на лініі фронту, куды мы ідзем?» — запытвае хлопец.
Іспанія. Blanca Paloma
Этнічныя матывы ад Іспаніі на Еўрабачанні? Так, бывае і гэта! У сваім выступе з песняй ЕАЕА (ці існуе прэмія за самую загадкавую назву трэка?) Бланка Палома камбінуе матывы і рухі фламенка з адсылкамі да сучаснасці, а часам увогуле ператварае сваю песню ў маленне. А паглядзіце, якія прыгожыя ў гэтай песні словы: «Маё дзіця, калі я памру, няхай пахаваюць яны мяне на Месяцы, і я буду глядзець на цябе кожную ноч».
Так, музыка Паломы можа быць складанай для разумення, і гэта не класічна-папсовы фармат Еўрабачання. Але будзе дужа сумна, калі гэтая артыстка і яе выступ з іншай планеты не атрымаюць прызнання.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Еўрабачанне-2023» пройдзе ў Вялікабрытаніі
Беларусы змогуць прагаласаваць на «Еўрабачанні-2023» разам з усім светам
Каментары
Больше не о чем говорить!
Хотя остальных 16 участников не видел