Нацгвардзейцу афіцыйна выставілі абвінавачанні ў зліве сакрэтных дакументаў ЗША. Яму пагражае да 60 гадоў пазбаўлення волі
«Нанёс вельмі сур'ёзную шкоду нацыянальнай бяспецы ЗША. Раскрыў высокасакрэтную інфармацыю аб статусе канфлікту паміж Украінай і Расіяй».
Амерыканскі нацгвардзеец Джэк Тэйшэйра быў афіцыйна абвінавачаны ва ўчыненні крымінальнага злачынства з-за раскрыцця зместу высокасакрэтных вайсковых дакументаў. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на Міністэрства юстыцыі ЗША.
Абвінавачанні былі выстаўленыя па шасці пунктах, кожны з якіх паасобку цягне пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі. Гэта значыць, што агулам Тэйшэйра пагражае да 60 гадоў зняволення.
У віну нацгвардзейцу ставіцца раскрыццё зместу «вельмі значных» вайсковых дакументаў амерыканскай выведкі, у якіх фігуравала інфармацыя аб статусе расійска-ўкраінскай вайны і непублічныя звесткі аб знешняй палітыцы не толькі ЗША, але і многіх іншых дзяржаў.
«Джэк Тэйшэйра скарыстаўся сваім доступам да сакрэтнай інфармацыі для зламыснага распаўсюджвання вельмі значных разведданых ЗША аб вайне ва Украіне і знешняй палітыцы замежных краін у перыяд з лістапада 2022-га па красавік 2023-га, чым нанёс вельмі сур'ёзную шкоду нацыянальнай бяспецы Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў абвінаваўчай пастанове.
Акрамя працяглага зняволення, хлопцу таксама пагражае штраф памерам да 250 тысяч даляраў за прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам ЗША.
Нагадаем, што ў пачатку красавіка праз сацсетку Discord у інтэрнэце сталі распаўсюджвацца сакрэтныя дакументы амерыканскай выведкі, якія пралілі святло на закрыты бок знешняй і ўнутранай палітыкі многіх краін свету, у тым ліку невядомыя раней сусветнай грамадскасці дэталі вайны ва Украіне.
У тых дакументах змяшчалася сакрэтная інфармацыя і пра Беларусь, падрабязнасці можна прачытаць у наступных артыкулах.
-
Беларусь дала зброю ПВК «Вагнер», а Кітай адмовіў — Financial Times
-
У злітых сакрэтных дакументах ЗША тлумачыцца дыверсія ў Мачулішчах
-
У злітых дакументах Пентагона апісаныя пашкоджанні самалёта ў Мачулішчах
-
Турцыя дапамагала Беларусі і Расіі абыходзіць міжнародныя санкцыі і абмяркоўвала гандаль зброяй з ПВК «Вагнер» — БРЦ
Улады ЗША арыштавалі 21-гадовага малодшага афіцэра і лётчыка Нацыянальнай гвардыі Джэка Тэйшэйра, які ў рамках службы меў доступ да сакрэтнай інфармацыі і зліваў яе для таго, каб прадэманстраваць людзям сваю значнасць.
Лётчык, якога абвінавачваюць у публікацыі сакрэтных дакументаў Пентагона, меў далёкасяжныя планы
Тэйшэйра не адзіны, хто распаўсюджваў сакрэтныя дакументы ЗША. Гэтым таксама займаўся «Лука»
Уцечкі з Пентагона: Джэка Тэйшэйру тройчы папярэджвалі пра яго празмерную цікавасць да разведзвестак. І нічога не рабілі
Каментары