Культура1212

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Расказваючы пра рэлікварый з мінскага касцёла з мошчамі Святога Феліцыяна, які нечакана ўсплыў на расійскім аўкцыёне «Беларускі аўкцыён: ад старадрукаваных кніг і рэліквій XVI стагоддзя да рэдкіх выданняў XX стагоддзя», мы таксама згадалі пра іншыя беларускія старажытныя рэліквіі, выстаўленыя разам з ім у лотах. Сярод іх быў універсал Жыгімонта Старога да месцічаў Менска, а таксама асобнік Берасцейскай Бібліі. Менавіта апошняя вывела нас на нечаканы след. 

Радзівілаўская, або Берасцейская, Біблія — гэта грандыёзны помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя,

другі поўны пераклад Святога Пісання на польскую мову, выдадзены на сродкі кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе.

Радзівілаўская Біблія — самая вялікая і багата аформленая друкаваная кніга XVI стагоддзя, выдадзеная на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Яна складаецца з каля 1500 старонак фаліянтнага фармату, на якіх, акрамя біблейскіх тэкстаў, змешчаныя прадмовы і прысвячэнні, каментарыі і прадметны паказальнік (упершыню ў беларускім кнігадрукаванні). Надрукаваная Берасцейская Біблія гатычным шрыфтам у дзве калонкі па 58 радкоў у кожнай.

Выданне багата ўпрыгожана: маюцца гравіраваныя тытульныя аркушы, прыгожыя ініцыялы, 14 арыгінальных гравюр-ілюстрацый у тэхніцы ксілаграфіі. Застаўкі, віньеткі, вялікія літары-ініцыялы выкананыя з вялікім майстэрствам.

Кніга з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю, а вось тое, што пратэстанцкую Біблію спальвалі палымяныя каталікі, кнігазнаўцы лічылі міфам. На карысць гэтага сведчыць той факт, што

яна захавалася ў вельмі вялікай колькасці асобнікаў — сёння нам вядома пра больш за 130 экзэмпляраў па ўсім свеце. Гэта толькі Беларусі не пашчасціла. 

Берасцейская Біблія багата ўпрыгожаная гравюрамі і іншым кніжным дэкорам. Фота: «Літфонд»

У той час як у кнігасховішчах Расіі і Літвы захоўваецца каля 20 асобнікаў Бібліі, у Беларусі, дзе яна была створана, маецца ўсяго тры асобнікі — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і ў Музеі гісторыі горада Брэста, дзе выкуплены помнік кнігадрукавання з’явіўся ў 2019 годзе як падарунак да 1000-годдзя горада, а таксама фрагмент Бібліі, усяго 69 аркушаў, — у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага.

Акрамя таго, было надрукавана больш за 10 асобнікаў факсіміле (дакладных копій) Бібліі, адзін з якіх знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Выстаўлены на расійскім аўкцыёне на продаж асобнік Берасцейскай Бібліі таксама захаваўся не цалкам, шэраг страчаных аркушаў, у тым ліку тытульны, адноўлены ў XX стагоддзі факсімільна на вержыраванай паперы XVII—XVIII стагоддзяў.

Як нам удалося высветліць, экзэмпляр, які цяпер прадаюць у Расіі, паходзіць з Беларусі і быў чацвёртым па ліку ў краіне. 

Пераважная колькасць лотаў на аўкцыёне — гэта друкаваныя выданні XIX — першай паловы XX стагоддзя, але ёсць і зусім новыя, апошніх дзесяцігоддзяў. Сярод іх вылучаецца выданне 2020 года «Рарытэты з калекцыі Пятра Краўчанкі». На тытульным аркушы змешчаны дароўны надпіс з аўтографам, датаваны 21 сакавіка 2023 года:

«С наилучшими пожеланиями / интереснейших находок / творческих свершений / на благородной ниве / коллекционирования всегда / Успехов Вам и во всем! / Министр иностранных дел Республики Беларусь в 1990-1994 годах / П. Кравченко».

Пятро Краўчанка прэзентуе выстаўку рэдкіх гравюр, здымкаў і эцюдаў з уласнай калекцыі ў Мастацкім музеі ў Брэсцкай крэпасці. Фота: «Виртуальный Брест»

Пятро Краўчанка быў першым сакратаром Мінскага гаркама Кампартыі, а пасля дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XII склікання. У 1990 годзе ён быў прызначаны міністрам замежных спраў БССР, а пасля стаў першым міністрам замежных спраў ужо незалежнай Беларусі.

Як член каманды Кебіча, пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі страціў сваю пасаду.

У 1995 годзе, ужо як сацыял-дэмакрат, быў выбраны ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь XIII склікання, паўнамоцтвы якога былі спыненыя ў 1996 годзе Лукашэнкам. Краўчанка быў адным з тых, хто падпісаў патрабаванне аб імпічменце. Таму, калі Вярхоўны Савет разагналі і стварылі замест яго прапрэзідэнцкую Палату прадстаўнікоў, былы галава МЗС туды не трапіў.

У 1998 годзе Краўчанка, аднак, быў прызначаны паслом Беларусі ў Японіі і быў на дыпламатычнай службе да 2002 года. Пасля ён займаўся выкладаннем і калекцыянаваннем, найбольш цікавячыся рэчамі, звязанымі з Касцюшкамі і Агінскімі.

Берасцейская Біблія ў кнізе «Рарытэты з калекцыі Пятра Краўчанкі»

Нягледзячы на малы тыраж, усяго 99 асобнікаў, гэтага выдання «Рарытэтаў» былога міністра, не склала вялікай праблемы адшукаць яго. У першым жа раздзеле, абазначаным як «Радзівіліяна», змешчаная Берасцейская (Радзівілаўская) Біблія з фотаздымкамі тытульнага аркуша, аднаго з разваротаў з гравюрамі, вокладкі і экслібрыса са шляхецкім гербам «Порай» і польскім надпісам Z księgozbioru Mariana Swinarskiego («З кнігазбору Мар’яна Свінарскага») над ім. Аналагічны экслібрыс гэтага польскага антыквара і бібліяфіла маецца і на Бібліі, выстаўленай на аўкцыёне. Гэта магло быць проста супадзеннем, бо мы не ведаем, якой колькасцю асобнікаў валодаў Свінарскі.

Экслібрыс польскага антыквара і бібліяфіла Мар’яна Свінарскага на Радзівілаўскай Бібліі з кнігі «Рарытэты з калекцыі Пятра Краўчанкі». Аналагічны прысутнічае і на Бібліі з аўкцыёну

Але была і іншая дэталь для параўнання. Вокладка Бібліі, прадстаўленай на аўкцыёне, паводле прыведзенага экспертнага заключэння, адрэстаўраваная ў XIX стагоддзі: арыгінальная скура была налепленая на драўляныя дошкі. Нягледзячы на розны ракурс і падзенне святла на вокладку, па такіх дэталях, як, напрыклад, малюнак складак скуры, можна ўпэўнена сцвярджаць, што на продаж выстаўленая Біблія з калекцыі Краўчанкі.

Вокладка Бібліі з аўкцыёну і з кнігі «Рарытэты…». Нягледзячы на розны ракурс і падзенне святла, малюнак складак скуры не пакідае сумневаў у тоеснасці гэтых фаліянтаў

Ці мае дачыненне да гэтага аўкцыёну сам былы міністр або нехта перапрадае набытую ў яго калекцыю, сказаць дакладна немагчыма. Наконт выбару расійскай пляцоўкі можна было б запярэчыць, што ў Беларусі аўкцыённых дамоў з падобным ахопам папросту не існуе. Але навошта шырокі ахоп, калі такі ўнікат, як Берасцейскую Біблію, па дзейным заканадаўстве проста нельга вывозіць з краіны? Усе купцы мусяць быць тут, у яе межах.

Выглядае так, што цалкам апраўдвае выкарыстанне расійскага аўкцыёну толькі жаданне збыць помнік кнігадрукавання забяспечаным замежным калекцыянерам (бо ў Беларусі такіх не знойдзеш).

А як жа тады вывезці каштоўнасць з Беларусі? Незаконна — як хочаш, усім вядома, што на беларуска-расійскай граніцы да апошняга часу не было ніякага кантролю, ды і цяпер кантралююць толькі перасоўванні палітычных праціўнікаў дыктатара. А вось як вывезці законна — пытанне больш цікавае, якое зноў наводзіць нас на асобу Пятра Краўчанкі. Ці атрымліваў былы міністр, дэпутат і дыпламат дазвол на вываз твора мастацтва?

Радзівілаўская Біблія, выстаўленая на расійскім аўкцыёне. Фота: «Літфонд»

Як адзначаюць абазнаныя асобы, Краўчанка як калекцыянер заўзята таргуецца — купляе за бесцань, а прадае па неймавернай цане. Менавіта такі, задраны ў дзясяткі разоў кошт, абурыў спецыялістаў і ў выпадку іншага лота з гэтага аўкцыёну — сабранага з розных частак рэлікварыя Святога Феліцыяна (дарэчы, пасля нашай публікацыі экспертнае заключэнне, у якім гэта можна было пабачыць, знікла з лота). Такім чынам, увесь аўкцыён можа быць проста татальным распродажам калекцыі былога беларускага міністра.

У гандлі антыкварыятам няма нічога заганнага, калі гэтая дзейнасць не перасягае юрыдычных і маральна-этычных граніц. У выпадку з Беларуссю, татальна разрабаванай на працягу апошніх стагоддзяў, пытанне захавання і вяртання крупінак культурна-гістарычнай спадчыны заўсёды стаіць вельмі востра. Дзяржавы, якія збераглі сваю спадчыну (і нарабавалі чужой), могуць дазволіць сабе сёння гандляваць каштоўнасцямі найвышэйшага кшталту, мы — не можам.

Магчыма, што і іншыя рэчы з аўкцыёну паходзяць з калекцыі міністра Краўчанкі. Злева рэлікварый Св. Феліцыяна з мінскай архікафедры, справа - Псалтыр 1781 года з Гродна. Фота: «Літфонд»

Асабліва крывадушна выглядае, калі асобы спачатку ўздымаюць праблему рэстытуцыі каштоўнасцей у Беларусь, а пасля беларускія каштоўнасці з іх уласнай калекцыі выяўляюцца на замежных аўкцыёнах.

Вось што пісаў, да прыкладу, Пётр Краўчанка ў часопісе «Беларуская думка» за 2016 год:

«Рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў, забеспячэнне свабоднага ўзаемадзеяння культур, узаемадзеянне з беларускай дыяспарай за мяжой і, у выпадку неабходнасці, абарону інтарэсаў суайчыннікаў за мяжой. 

Адзначым, што некаторыя з гэтых палажэнняў не страцілі сваёй актуальнасці і значэння і на сучасным этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці.

На адно з першых месцаў я б паставіў праблему рэстытуцыі, бо, паводле даных ЮНЕСКА, апублікаваных у 2001 годзе, у Беларусі застаўся ўсяго толькі 1 % нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія адлюстроўваюць інтэлектуальны патэнцыял нацыі і ствараюць умовы для яго ўзнаўлення.

Значная частка кніг, карцін, скульптур, архіўных дакументаў і іншых духоўных каштоўнасцяў захавалася, але знаходзіцца ў музеях, бібліятэках ці архіўных сховішчах суседніх краін».

Наш карэспандэнт патэлефанаваў па мабільным нумары, які раней належаў Пятру Краўчанку. Мужчына, што зняў трубку, назваўся яго сваяком і сказаў, што Пятро Кузьміч за мяжой. Але кантакт даваць адмовіўся, сказаўшы: «Прабачце, вельмі заняты».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Літвін
    29.06.2023
    Гэтыя манкурты і Радзіму прададуць, але спачатку яшчэ пагандлююцца, каб нажыцца.
  • uikli
    29.06.2023
    Навошта ў тытуле пытальнік? Гэта ён
  • Ганьба
    29.06.2023
    Добраы артыкул, добрая даследчыцкая праца. Дзякуй аўтару і рэдакцыі!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення12

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома асоба беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску2

Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты

Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?1

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»1

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў19

У Расіі за падрыхтоўку дыверсіі супраць расійскага вайскоўца затрыманы беларус

Беларускі трэнер расказаў, якую смешную задачу яму паставілі ў чэмпіянаце Кітая па хакеі

«Ледзь не затапталі адзін аднаго». Жыхары Магілёва сталі ў вялікую чаргу. Што раздавалі бясплатна?8

«Або тоўстыя пісалі, або з дзецьмі». Фанат Лукашэнкі Жан Содзель не змог знайсці жонку і абураецца, што «дзяўчаты пайшлі не тыя»26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення12

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць