Жывыя людзі больш непатрэбныя. Індустрыя К-pop першай пераходзіць на вобразы, створаныя штучным інтэлектам
Дасягненні ў вобласці штучнага інтэлекту дазваляюць ствараць цалкам лічбавыя групы поп-музыкі. Гэта прыводзіць да значных змен у адным з асноўных экспартных сектараў краіны.
Тэхналогіі штучнага інтэлекту знаходзяць сваё ўжыванне ў розных сферах. Не засталася ўбаку і музыка. Тэхналогія OpenAI MuseNet з 2019 года піша музыку, а OpenAI Jukebox з 2020 года дазваляе ствараць музыку з вакалам.
Паўднёвакарэйская кампанія Pulse9 распрацавала тэхналогію Deep Real, якая стварае не толькі віртуальных персанажаў на аснове штучнага інтэлекту (ШІ), але і такі кантэнт, як сінтэзаваныя выявы або відэа. Як пазначана на сайце кампаніі, тэхналогія стварае рэалістычны вобраз незалежна ад расы, узросту і полу.
«Deep Real AI можа зрабіць магчымым сустрэчу з новымі віртуальнымі людзьмі, віртуальнымі знакамітасцямі і ўплывовымі дзеячамі ва ўсім свеце па больш разумнай цане па-за такімі абмежаваннямі, як абмежаванні перамяшчэння, працяглыя перыяды вытворчасці і высокія эксплуатацыйныя выдаткі», — адзначаюць распрацоўшчыкі.
У сакавіку 2021 года кампанія прэзентавала віртуальны айдал-гурт Eternity, які дэбютаваў з песняй I'm Real. Усе 11 удзельнікаў групы былі створаныя штучным інтэлектам. З моманту выпуску свайго дэбютнага сінгла I'm Real у 2021 годзе жаночы гурт K-pop Eternity набраў мільёны праглядаў у інтэрнэце.
Першапачаткова кампанія Pulse9 згенеравала 101 фантастычны твар, падзяліўшы іх на чатыры катэгорыі ў адпаведнасці з наступнымі тыпажамі: мілы, сэксуальны, нявінны і разумны. Фанатаў папрасілі прагаласаваць. У адпаведнасці з іх перавагамі дызайнеры кампаніі распрацавалі анімацыю персанажаў-пераможцаў. Для жывых чатаў, відэа і анлайн-сустрэч з фанатамі робіцца праекцыя аватараў на ананімных спевакоў, акцёраў і танцораў, якія заключылі кантракт з Pulse9.
«Eternity сілкуецца толькі электрычнасцю», — іранізуе ў інтэрв'ю Le Monde Пак Чжы-ын (Park Ji-eun), генеральны дырэктар Pulse9. Яна таксама адзначае, што на гэты момант аватары Pulse9 не цалкам выцеснілі рэальных артыстаў:
«Нам усё яшчэ патрэбныя людзі для харэаграфіі ці сустрэч з фанатамі, якія ёсць неад'емнай часткай жыцця гурта K-pop. Для Заэ-ін (Zae-in), зоркі групы, мы выкарыстоўваем дзесяць акцёраў і танцораў. Але наша наступная мэта — зрабіць усё на камп'ютары».
Eternity дэманструе хуткасць прагрэсу ШІ, які прапануе бясконцыя магчымасці. Больш няма неабходнасці доўгія гады вучыць моладзь у акадэміях, а пасля яны страцяць голас ці фізічную форму.
«Скандал, зладжаны сапраўднымі зоркамі K-pop, можа быць цікавым, але гэта таксама і рызыка для бізнэсу», — казала генеральная дырэктарка ў інтэрв'ю Бі-бі-сі ў канцы мінулага года.
Яна лічыць, што зможа эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя новыя тэхналогіі і звесці да мінімуму рызыку для артыстаў K-pop, якія часта перанапружваюцца і знаходзяцца пад ціскам неабходнасці не адставаць ад патрабаванняў індустрыі.
Тэндэнцыя да віртуалізацыі не новая. Лічбавыя двайнікі зорак ужо існуюць. Так, у 2022 годзе іх прэзентавала пяць самых папулярных гуртоў K-pop. Выкарыстанне віртуальных копій саміх сябе дазваляе ім мець зносіны з фанатамі ў розных часавых паясах і моўных бар'ерах — тое, чаго артысты з плоці і крыві ніколі не змаглі б зрабіць.
21 ліпеня гэтага года журналісты сайта Kpopmap, які спецыялізуецца на K-рop, змаглі пагутарыць з аватарам рэпера Марка Туана (Mark Tuan), створаным з дапамогай штучнага інтэлекту. І «лічбавы Марк» падаецца больш рэалістычным, чым сапраўдны. Ён можа чытаць выразы твару і рэагаваць адпаведным чынам, напрыклад, гумарам, на настрой свайго суразмоўцы.
Як кажуць спецыялісты індустрыі, віртуальныя зоркі і гурты больш гнуткія ў выкарыстанні, чым людзі. Яны не толькі эканамічна, але і па-мастацку цікавыя.
Па даных аналітычнага цэнтра Emergen Research, сусветны рынак аватараў і лічбавых персанажаў можа дасягнуць абароту каля 527,6 мільярда даляраў (481 млрд еўра) у 2030 годзе ў параўнанні з 10,03 мільярда ў 2020 годзе.
Хіт на шасці мовах
Новы віртуальны сусвет K-pop патрабуе новых тэхнічных навыкаў, якіх няма ў прадзюсарскіх агенцтваў. Як адзначае Le Monde, лідар K-pop галіны, агенцтва Hybe ў канцы студзеня 2023 года набыло кантроль над стартапам Supertone, які спецыялізуецца на галасах, якія генеруюцца ШІ.
Гэта дазволіла агенцтву запусціць кліп рэальнага спевака Midnatt з песняй, выкананай на шасці мовах: карэйскай, кітайскай, англійскай, японскай, іспанскай і в'етнамскай. Для гэтага быў узяты голас спевака і адаптаваны для гэтых моў. Тэхналогія стартапу можа быць ужытая на ўсіх этапах вытворчасці: ад планавання да распаўсюджвання праз рэдагаванне.
Каб абысці цяжкасць рэалізму, як адзначаюць журналісты Le Monde, некаторыя кампаніі робяць стаўку на мультфільмы. Гэта выпадак з віртуальным бойз-бэндам Plave, створаным стартапам Vlast. Праект, які дэбютаваў у сакавіку гэтага года, мае вялізны поспех дзякуючы ўзаемадзеянням з фанатамі ў гумарыстычным ключы.
Віртуальны бойз-бэнд нават дае вулічныя канцэрты на вялікім экране. Выдуманыя персанажы прайграваюць рухі рэальных танцороў, якія ў гэты час танцуюць у студыі.
Барацьба за віртуальны свет
Адзін з лідараў распрацоўкі лічбавага кантэнту ў Паўднёвай Карэі — інтэрнэт-кампанія Kakao, якая распрацоўвае вэб-коміксы і вэб-навелы.
Кампанія Kakao разам з Metaverse Entertainment (даччынай кампаніяй, заснаванай у 2021 годзе гігантам відэагульняў Netmarble) інвеставала 8,3 мільёна еўра ў запуск віртуальнай жаночай групы Mave. Члены групы цяпер гераіні вэбтуна, які расказвае іх гісторыю. Такім чынам, Kakao Entertainment працуе над аб'яднаннем музыкі, серыялаў і вэбтунаў.
Спецыялісты адзначаюць, што праект Mave даверылі Metaverse, таму што відэагульні становяцца сэрцам забаў. Кампанія правяла апытанне, якое паказвае, што маладыя людзі ва ўзросце ад 12-ці да 15-ці гадоў адкрываюць для сябе музыку ў гульнях, а зусім не на YouTube ці тэлебачанні.
Гэтыя падзеі радыкальна змяняюць індустрыю забаў і K-культуру. «Мы ўступаем у эпоху вялікай нявызначанасці са сцёртымі межамі паміж рознымі галінамі. Сёння нават у сферы адукацыі неабходныя забавы», — адзначае Пак Чжы-ын з Pulse9.
У той жа час, як адзначаюць спецыялісты, нягледзячы на значны поспех такіх віртуальных гуртоў, як Plave або Eternity, далейшае распаўсюджванне віртуальнага асяроддзя можа павялічыць каштоўнасць чалавека. У будучыні будуць суіснаваць віртуальны і рэальны светы K-pop з рознымі каштоўнасцямі.
Чытайце яшчэ:
Галівудская «наватарская» ШІ-прапанова для акцёраў гучыць як сцэнар для фантастычнага фільма
Каментары