Пра тое, што Лукашэнка падпісаў новы ўказ, які значна абмяжоўвае правы і магчымасці беларусаў, што жывуць за мяжой, стала вядома 5 верасня. Дакумент ужо апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, ён набудзе моц 7 верасня. «Свабода» пагутарыла з беларусамі Польшчы, Нямеччыны, Грузіі і Літвы, інтарэсы якіх указ закрануў непасрэдна.

«Літаральна месяц заставаўся да прыёму ў консульстве!»

Беларус Міхаіл (усе імёны змененыя з прычын бяспекі. — РС) жыве ў польскім Гданьску. У яго неўзабаве скончыцца пашпарт. Таму Міхаіл загадзя запісаўся на прыём у консульства ў Варшаве.

«Але там сказалі, што будуць не новы пашпарт даваць, а гэты прадоўжаць. Але з такім пашпартам не выедзеш нікуды, толькі па Польшчы можна катацца. Можна было зрабіць «праязны дакумент», але яго даюць толькі тады, калі пашпарт «скончыўся», а не «прадоўжаны», — кажа Міхаіл.

Ягоны дазвол на жыхарства (зроблены па працы) дзейны да наступнага года.

«Налета трэба зноў падавацца на «карту побыту», дазвол на жыхарства. А яго даюць толькі пры дзейным пашпарце. Плюс да ўсяго, я пасля пераезду з Беларусі пакінуў на сястру генеральную даверанасць на маёмасць. Яна афармлялася на тры гады. Вось яна заканчваецца, новай я не аформлю. Хацеў бы паехаць у Беларусь, але родныя мяне адгаворваюць», — дадаў Міхаіл.

«Дзіцяці ў Беларусі не рабілі пашпарта на доўгі тэрмін»

Надзея з мужам і дачкой выехалі з радзімы з палітычных прычынаў у 2021 годзе. Яны жывуць у Літве на падставе гуманітарнага часовага дазволу на жыхарства. Надзея кажа, што трохі рыхтаваліся да эміграцыі, таму зрабілі новыя пашпарты — ёй і мужу.

«Дачцэ, як бы мы ні хацелі, мы не маглі зрабіць пашпарт з вялікім тэрмінам. Бо дзецям у 10 гадоў абавязкова трэба змяняць пашпарт. І вось дачцэ налета будзе 10. Мы загадзя патэлефанавалі ў консульства, улетку. Запыталіся, як нам змяніць пашпарт дачцэ. Там адказалі: «Тэлефануйце ў верасні, у нас будзе запіс». І вось верасень — і гэты ўказ! Супадзенне ці яны загадзя ведалі?» — разважае Надзея.

Такія дзеянні ўлады яна называе «дробнымі кпінамі» і здзекам. Суразмоўца дадае, што ў Літве можна аформіць «праязны дакумент». Але той робіцца на падставе дзейнага дазволу на жыхарства, яго трэба штогод прадоўжваць.

«Будзем, відаць, падаваць дакументы на атрыманне статусу ўцекачоў, каб мець «жэнеўскі пашпарт«», — кажа беларуска.

Надзея дадала, што за тры гады эміграцыі ў яе засталася адзіная сувязь з дзяржавай — беларускі пашпарт. «Цяпер мы такіх стасункаў пазбаўленыя», — зазначыла Надзея.

З Літвы яна аформіла даверанасць на маці, якая ў Менску, на ўгоду з кватэрай.

«Але маці «развярнулі» з даверанасцю яшчэ ў жніўні, сказалі, што не хочуць прымаць даверанасць, зробленую ў Літве. Мы рабілі новую. Але цяпер не ведаю, што будзе. Такія дзеянні ўлады выклікаюць ужо не злосць, а агіду. Нібыта нехта пры табе гадзіць і размазвае гэта вакол, і ты мусіш гэта трываць», — дадала Надзея.

«Наша спадчынная кватэра цяпер завісла»

Кацярына жыве ў Літве пасля падзей 2020 году. Яна, муж і дзеці маюць дазвол на жыхарства і статусы ўцекачоў. У Жлобіне ў іх засталася кватэра, якая перайшла як спадчына.

«Муж вырашыў яе прадаць. Каб зрабіць даверанасць, мусіў ехаць у Латвію, бо ў беларускім консульстве ў Літве былі вельмі доўгія чэргі. Аформілі, заплацілі 100 еўра. Перадалі паперы ў Беларусь. Там пачаўся падрыхтоўчы працэс да продажу. Замовілі генеральную прыборку кватэры. Заплацілі 200 еўра за тое, каб мужа прапісалі часова на іншы адрас. Цяпер — усё?» — кажа Кацярына.

Яна дадала, што цяпер плача, а муж злуецца і праклінае ўладу.

«Я маю «жэнеўскі пашпарт», а хату хай забіраюць»

Беларус Аляксей жыве ў Літве, мае статус уцекача і так званы жэнеўскі пашпарт.

«Толькі ад Дэпартамента міграцыі я даведаўся, што мой беларускі пашпарт неўзабаве скончыцца. Паглядзеў — і праўда, 25 верасня 2023 году. Напісаў у міграцыю: «Што мне рабіць?«. Яны адказалі, што нічога. «Калі хочаце падарожнічаць, то ў вас ёсць «жэнеўскі пашпарт». Ну я супакоіўся. Мне той беларускі пашпарт і не трэба», — кажа Аляксей.

У Беларусі ў яго засталася хата. «Яшчэ раней я аформіў даверанасць на тату. Але ён не здолеў прадаць хату, бо яна ў глухой вёсцы. Ну хай забіраюць сабе», — дадаў суразмоўца.

«У консульстве сказалі ехаць у Беларусь»

Марыя жыве ў Грузіі з сынам. У яго налета скончыцца пашпарт. Яна пачала сёння тэлефанаваць у амбасаду, але там, кажа, проста не здымалі слухаўкі, аж да вечара.

«Увечары адказалі, што ўсё — ніякіх запісаў, ніякіх пашпартоў, едзьце ў Беларусь. Я кажу: «А каб я раней падалася?» Яны адказалі, што ўсё роўна б нічога не атрымалася. Пакуль не ведаю, што рабіць», — кажа беларуска.

Сітуацыя для яе пагоршаная тым, што сын цяпер ідзе ў першы клас у Грузію (навучальны год пачынаецца ў Грузіі 15 верасня. — РС).

«Ехаць у Польшчу? Мы тут толькі-толькі пачалі прывыкаць. Яшчэ такое, што ў дзіцяці ў сакавіку скончыцца пашпарт і яму нават візы не паставяць, бо трэба, каб пашпарт быў «старэйшы» за тры месяцы», — дадае Марыя.

У Беларусі ў яе засталіся «пазыкі» — падатак на аўтамабіль.

«Тата некалі аформіў на мяне, потым па маёй даверанасці аддаў яго некаму на запчасткі. То-бок фізічна аўтамабіля няма, але я мушу плаціць за яго падатак. Не магу зняць з уліку, паводле новага ўказа», — кажа Надзея.

Яна кажа, што цяпер у роспачы і пакуль не ведае, што рабіць.

«У Нямеччыне дазвол на жыхарства дзейнічае столькі, колькі дзейны пашпарт»

Алег Граблеўскі вымушана жыве ў Нямеччыне. Ён уцёк з Беларусі без пашпарта. Звяртаўся ў амбасады розных краін. Нямеччына адказала, што «прыме» яго. Там атрымаў міжнародную абарону і па ёй — дазвол на жыхарства. Але выехаць нікуды за межы Нямеччыны не можа.

«І не толькі я. Калі што, нямецкія чыноўнікі кажуць нам, беларусам, так: «Давай пашпарт». Яго няма. Тады яны: «Дык ідзі ў консульства сваё і рабі». Але я не магу, я ж атрымаў міжнародную абарону тут, значыць якія могуць быць кантакты з прадстаўнікамі беларускай улады, для якой я «збеглы злачынца«? Тады чыноўнікі патрабуюць паперку, што амбасада, консульства далі мне даведку, што яны адмаўляюць прадоўжваць ці замяніць пашпарт. Калі няма такой даведкі, нямецкія чыноўнікі адмаўляюцца рабіць нейкія адміністрацыйныя працэдуры», — патлумачыў Алег.

Суразмоўца зазначыў, што ў розных землях (адміністрацыйныя падзелы ў Нямеччыне. — РС) па-рознаму. Сам ён жыве ў зямлі Брэмен.

Алег згуртаваў 39 беларусаў, якія не могуць звяртацца ў беларускую амбасаду, яны напісалі калектыўны зварот у Бундэстаг.

«Гэта было яшчэ да прыняцця гэтага ўказа пра забарону атрымліваць пашпарты за мяжой. Бо для нас, беларусаў, праблема існавала і раней. Цяпер, бачыце, яшчэ і горш усё», — кажа Алег.

Ён нагадаў, што права на перамяшчэнне — базавае. І калі дзяржава Нямеччына дала людзям абарону, то, можа быць, паклапоціцца, каб людзі маглі перамяшчацца?

«Для гэтага ёсць механізмы, але патрэбна палітычная воля. Бо мы не маем статусу ўцекача, каб атрымаць «жэнеўскі пашпарт». І многія беларусы не могуць, не хочуць ісці ў амбасаду, бо баяцца. Нямецкія чыноўнікі жывуць тут «мірным жыццём» і не разумеюць нашых праблемаў», — дадаў суразмоўца. 

У звароце заяўнікі прапанавалі, як варыянт рашэння праблемы, выдачу так званых «шэрых пашпартоў» («праязны дакумент іншаземца»). Адпаведны ліст накіраваны прадстаўніку камісіі Бундэстагу.

«Выскачыла з Беларусі проста цудам!»

Наста жыве ў Польшчы. Мінулай зімой яна тэлефанавала ў консульства наконт замены пашпарта, але была вельмі доўгая чарга.

«Я хоць і была затрыманая ў 2020 годзе, але рызыкнула і паехала, каб змяніць пашпарт сабе і дачцэ. Зрабіла хутка, за тыдзень. Але за дзень да вяртання ў Польшчу мяне выклікалі ў фінансавую міліцыю Камітэта дзяржкантролю. Заявілі, што я ў 2020 годзе рабіла перавод на «экстрэмісцкі фонд», 20 даляраў. Яны «прапанавалі», каб я пералічыла 500 даляраў на дом-інтэрнат. Я паабяцала, толькі сказала, што столькі грошай я не маю, буду часткамі пераводзіць. Перавяла 60 рублёў, паказала квітанцыю і назаўтра выехала», — кажа Наста.

Яна дадала, што супрацоўнікі фінансавай міліцыі тэлефанавалі ёй на Viber, патрабавалі, каб «даплаціла».

«Я кажу, што Беларусь пад санкцыямі і я з Польшчы не магу туды перавесці грошы. Яны заявілі, што маюць еўрапейскі рахунак. Во як у іх усё робіцца», — дадала Наста.

У Беларусі ў яе засталася кватэра.

«Але цяпер, напэўна, усё. Я не змагу паехаць, каб прадаць яе», — зазначыла суразмоўца.

Чытайце таксама:

Без дзейнага пашпарта знаходжанне беларусаў за мяжой стане незаконным. Вось што можна зрабіць з гэтым тым, хто жыве ў Польшчы ці Літве

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

«Мы працуем, каб беларусы не засталіся без пашпартоў» — Ціханоўская

Клас
10
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
13
Абуральна
71