«Месцы да нястрогіх прафесараў разлятаюцца як гарачыя піражкі». Выпускніцы беларускай і польскай ВНУ параўналі сваю адукацыю
У чаканні чарговых новаўвядзенняў у вышэйшай адукацыі беларусы ўсё часцей задумваюцца пра вучобу за мяжой. Ганна і Вольга (імёны змененыя) амаль адначасова атрымалі адну і тую ж спецыяльнасць — юрыдычную — у розных краінах. Ганна вучылася ў Варшаўскім універсітэце, а Вольга — у БДУ. Выданне Most задало дзяўчатам аднолькавыя пытанні адносна вучобы і заробку пасля яе.
Ганна скончыла Варшаўскі ўніверсітэт па праграме NAWA (раней — BUWiWM) — Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў. Яна паступала пяць гадоў таму. Вольга ў 2021 годзе скончыла юрфак БДУ.
Як паступалі?
Ганна: З дакументаў па праграме NAWA патрэбныя былі даведкі аб заканчэнні «зэруўкі» (падрыхтоўчага курса для іншаземцаў) і аб стане здароўя, школьны атэстат з апастылем. За ўдзел у рэкрутацыі я плаціла 85 злотых. Але пры падачы дакументаў на некалькі спецыяльнасцяў адразу плаціць трэба за кожную.
Спачатку я анлайн запоўніла заяву на сайце ўніверсітэта. У ёй трэба было пазначыць сярэдні бал атэстата і балы па асобных прадметах. Яшчэ ў мяне былі вынікі консульскіх экзаменаў — я здавала іх, каб трапіць у «зэруўку».
Наколькі я ведаю, потым правілы паступлення змянілі, а ў некаторых універсітэтах нават прымаюць вынікі беларускага цэнтралізаванага тэсціравання і пералічваюць па сваёй сістэме. Потым з'явіліся тэрміны, у якія трэба было прынесці дакументы ва ўніверсітэт. Асабістая прысутнасць абітурыента для гэтага не патрабавалася, прынесці дакументы мог любы чалавек.
Вольга: Падаваць дакументы трэба было асабіста, таму ехала з маленькага горада ў сталіцу. Патрэбныя былі школьны атэстат, сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання па трох прадметах (я здавала рускую і англійскую мовы і грамадазнаўства), пашпарт і фатаграфіі 3х4 см. Здаецца, яшчэ патрабавалася медыцынская даведка. Яшчэ я падавала копію пасведчання чарнобыльца. Яно давала права на льготу пры атрыманні інтэрната.
Пасля заканчэння прыёмнай кампаніі ўсіх абітурыентаў сабралі ў вялікай аўдыторыі і абвясцілі прахадныя балы для бюджэтнікаў і платнікаў. У мяне было крыху больш за 300 балаў. Я паступіла на платнае.
А інтэрнат давалі?
Ганна: Залічэнне ва ўніверсітэт не дае аўтаматычнага права на атрыманне інтэрната, але ў маім універсітэце месцы ў інтэрнаце давалі ўсім іншаземцам. Наколькі я памятаю, для гэтага трэба было падаць заяўку і пакет дакументаў.
Памятаю, што трэба было пазначыць адрас рэгістрацыі або пражывання ў Беларусі і адлегласць, на якой ён знаходзіцца ад універсітэта. Дадаткова патрабавалі даведку аб даходах сям'і, бо ў першую чаргу месцы ў інтэрнаце даюцца тым, хто ў гэтым найбольш мае патрэбу.
Вольга: У БДУ інтэрнат даюць не ўсім іншагароднім. У першую чаргу разглядаліся льготнікі: абітурыенты са шматдзетных сем'яў, сіроты, абітурыенты з пасведчаннем чарнобыльца і іншыя.
Мне далі даволі добры інтэрнат: блок на два пакоі з кухняй, душавой і прыбіральняй. У адным пакоі жыло два чалавекі, у другім — чатыры. У месяц інтэрнат каштаваў каля 30 рублёў.
Якой была праграма? Як арганізавана навучанне?
Ганна: Навучанне доўжылася пяць гадоў. У Польшчы ступені бакалаўра як такой няма: тут лічыцца, што навуковыя ступені пачынаюцца ад магістра, а пасля трох гадоў прызнаецца дыплом licencjata.
Кафедра, на якой я праходзіла навучанне, была даволі вялікай: у розныя перыяды навучання было ад 500 да 700 чалавек на патоку. На ўсе без выключэння заняткі мы запісваліся самастойна.
Загадзя складзенага раскладу ўніверсітэт не даваў. Гэта і плюс, і мінус. З аднаго боку, можна выбраць заняткі, якія зручныя і цікавыя, а з другога боку — ахвотных трапіць у канкрэтныя групы часцяком больш, чым месцаў у іх. Таму план часам быў разбітым. Але затое расклад можна было скласці так, каб выхадныя былі пасярод тыдня.
З трэцяга па пяты курс мне трэба было вывучыць пэўную колькасць прадметаў на выбар. Тэарэтычна можна прайсці іх за адзін год, а наступныя два гады займацца дыпломам, але гэта вельмі складана. У асноўным усе імкнуліся зрабіць як мага больш на трэцім годзе навучання, каб на пятым курсе засталіся адзін-два прадметы. Так, у апошні год у мяне былі заняткі ва ўніверсітэце толькі адзін раз на тыдзень у першым семестры, а ў другім — толькі кансультацыі наконт дыпломнай працы.
Курсавых работ як такіх у нас не было. Але ўмовай атрымання заліку па некаторых прадметах была падрыхтоўка пісьмовай працы на пэўную тэму. Звычайна гэта было 5-10 старонак тэксту на тэму канкрэтных заняткаў. Часам такая праца прапаноўвалася па жаданні — для тых, хто хоча пяць па прадмеце.
Вольга: Мая вучоба доўжылася пяць гадоў: палову навучання я праходзіла на дзённай форме, а потым перавялася на завочную. Гэта было абумоўлена высокім коштам (каля 5 тыс.). Плюс з'явіліся новыя інтарэсы, якія пачалі прыносіць даход.
На дзённай форме ў нас кожны семестр быў гатовы расклад, ён вісеў на стэндзе. Пары праходзілі з восьмай раніцы да 15-16 гадзін дня з панядзелка да пятніцы. На завочнай форме на працягу некалькіх тыдняў за семестр трэба было наведваць лекцыі ва ўніверсітэце. Расклад там таксама быў гатовы, і яго таксама можна было знайсці толькі ва ўніверсітэце. Вельмі нязручна!
Курсавыя працы ў нас былі абавязковай часткай навучальнага працэсу. Пісаць іх трэба было раз на семестр. Выбіраць выкладчыка і дысцыпліну можна было самастойна. Для гэтага дастаткова было прыйсці на кафедру і запісацца да выкладчыка, пры ўмове, што ў яго ёсць месцы. Калі запіс у пачатку навучальнага года прапусцілі — выбіраць прыйдзецца сярод тых выкладчыкаў, якія яшчэ вольныя.
На напісанне курсавой давалася некалькі месяцаў, але звычайна студэнты пішуць за некалькі тыдняў. У тэорыі была магчымасць кансультавацца з выкладчыкамі. Але на практыцы аказалася, што яны не вельмі хочуць дапамагаць у гэтым пытанні. Ну, ці мне такія трапляліся. Абарона курсавой праходзіла ў таго ж выкладчыка, у якога яна пісалася. Некалькі пытанняў — і выстаўляецца адзнака.
Як здавалі экзамены? А пераздачы былі?
Ганна: Экзамены ў асноўным былі вусныя, але ў Польшчы ёсць універсітэты, якія робяць акцэнт на пісьмовыя, напрыклад, Ягелонскі ўніверсітэт. У маім універсітэце на першым курсе для ўсіх іншаземцаў быў арганізаваны дадатковы экзаменацыйны дзень для вуснага экзамену. Гэта рабілася для таго, каб у студэнтаў была магчымасць у спакойнай абстаноўцы сфармуляваць думкі і адказаць так, як яны разумеюць тэму: ніхто не патрабаваў зубрыць слова ў слова.
Калі атрымаў два балы — пераздача. Яна была бясплатная. І на экзамен, і на пераздачу трэба рэгістравацца на сайце ўніверсітэта. І тут трэба не прапусціць удалага моманту, бо месцы да нястрогіх прафесараў разлятаюцца як гарачыя піражкі.
Вольга: Усе экзамены ў нас былі вуснымі, не памятаю, каб хоць адзін праходзіў у пісьмовай форме. Пяць чалавек заходзяць у аўдыторыю, цягнуць білет і садзяцца рыхтавацца на працягу 15-20 хвілін. Потым першы садзіцца адказваць. Адказвае, выходзіць, заходзіць наступны. Дадатковыя пытанні і наогул стаўленне да студэнта цалкам залежаць ад выкладчыка.
Пераздачы ў нас былі неаднаразова, яны бясплатныя. У мяне за ўвесь час навучання было дзве ці тры. Але так выйшла, што да гэтых прадметаў я не рыхтавалася і маральна была гатовая да пераздачы. Дамаўляцца аб пераздачы трэба было непасрэдна з выкладчыкам: хтосьці прызначаў афіцыйныя пераздачы, а хтосьці даваў магчымасць пераздаць у сціслыя тэрміны без адзнакі пра гэта.
Як праходзіла практыка? Ці аплачвалася?
Ганна: Практыку студэнты шукаюць самі, але не на ўсіх факультэтах яна абавязковая. Мая практыка была абавязковай, і агулам трэба было прайсці 320 гадзін, 80 з якіх — абавязкова ў дзяржаўных структурах.
Дзяржаўная практыка не аплачваецца, калі працуеш мінімум гадзін. Але ёсць праграмы практыкі на ўсё лета. Калі, напрыклад, студэнт тры месяцы з'яўляецца паўнавартасным работнікам суда, то плацяць заробак. Пра гэта я даведалася ўжо на практыцы, на жаль. За практыку на фірмах звычайна плацяць, але сума і патрабаванні залежаць ад памеру і прэстыжнасці фірмы.
Несудовую частку практыкі я падзяліла на дзве часткі: на адной мне плацілі, а на другой — не. Там, дзе плацілі, было, вядома, прыемней працаваць, ды і ведаў адтуль я вынесла значна больш.
Вольга: Практыка была абавязковай часткай навучання. На выбар давалася практыка ў судзе, Следчым камітэце ці ў пракуратуры.
Шукаць практыку трэба было самастойна. Яна не аплачвалася. На час практыкі студэнту прызначаўся адказны выкладчык, які мог праверыць, ці праходзіць студэнт практыку. Яму ж здавалі справаздачу аб практыцы, і ў яго праходзіла абарона.
А размеркаванне ёсць?
Ганна: Вядома, не! Адзіная прымусовая бясплатная праца — гэта практыка ў судзе. Але гэта таму, што спецыяльнасць непасрэдна звязаная з судамі, і гэта сапраўды класны і бясцэнны досвед.
Вольга: Мне не трэба было адпрацоўваць, бо я вучылася на платным. Адпрацоўка ў маім універсітэце была абавязковай толькі для бюджэтнікаў. Яны адпрацоўвалі два гады, а калі паступалі па мэтавым накіраванні — пяць гадоў.
Які стартавы заробак? Ці лёгка было ўладкавацца на першую працу?
Ганна: Калі гаворка пра дзяржаўныя структуры, то звычайна гэта крыху вышэй за мінімальны заробак, скажам, каля 5 тысяч злотых брута. У канцылярыях усё залежыць ад памеру і ўзроўню фірмы. Там, дзе больш кліентаў, плацяць больш, але і працаваць даводзіцца вельмі шмат.
Самы аптымальны варыянт для пачатку кар'еры — міжнародныя фірмы, у якіх ёсць свае юрыдычныя аддзелы. Заробак у кампаніях — каля 10 тысяч злотых, але ўсё залежыць ад навыкаў і досведу выпускніка.
Уладкавацца было хутчэй лёгка, чым складана. Я і ўсе мае знаёмыя, з якімі я вучылася, знайшлі працу вельмі хутка. Не ведаю, шанцаванне гэта ці нашыя пракачаныя ўменні, але адукацыя грае ролю — гэта дакладна!
Вольга: Я не збіралася працаваць юрыстам у Беларусі. На трэцім курсе ў мяне была спроба ўладкавацца ў кампанію, але даўжэй як некалькі дзён я там не пратрымалася. З'явіліся пытанні наконт здароўя — і я звольнілася. Заробак мне прапаноўвалі там каля 700 рублёў. На мой погляд, гэта вельмі мала.
«Маладыя спецыялісты з ахвотай размяркоўваюцца». Мінздароўя выказалася пра першае працоўнае месца для студэнтаў-медыкаў
Прыязджайце самі. «Пашпартны ўказ» Лукашэнкі пачаў дзейнічаць у навучальных установах
«Я не гатовая працаваць за ідэю». Як мінскія студэнты рэагуюць на навіну, што ў Беларусі ўвядуць абавязковае размеркаванне для платнікаў
Каментары