У лістападзе ў Беларусі сярэдняя тэмпература паветра склала 1,9 градуса цяпла, што на 0,3 градуса вышэй за кліматычную норму. Максімальная тэмпература лістапада склала 16,7 градуса цяпла — яна была зафіксавана 1 лістапада ў Гомелі, паведамілі ў Белгідраметцэнтры.
За перавышэнне нормы адказная першая дэкада месяца, калі нармальная сярэдняя тэмпература была перавышаная на 4°C. Другая дэкада адпавядала норме, а апошняя — была ніжэйшая за норму на 3 градусы.
Мінімальныя значэнні назіраліся на метэастанцыі ў Клічаве 28 і 29 лістапада — 14,7 градуса марозу.
Колькасць ападкаў таксама перавысіла нармальны ўзровень — на 87%. Па вільготнасці лістапад 2023 года заняў трэцяе месца сярод гэтых месяцаў з 1945-га.
На 10 станцыях на цэнтральнай і ўсходняй тэрыторыях былі абноўленыя гістарычныя максімумы па ападках за месяц. У канцы лістапада снежнае покрыва дасягала 39 см — на станцыі ў Езярышчы. Снег ляжаў амаль па ўсёй краіне, толькі на станцыі Гродна снежнае покрыва адсутнічала.
Каментары