Нечаканыя парады, як атрымаць асалоду ад застолля і не дадаць лішніх сантыметраў да таліі
Аліўе, селядзец пад шубай і іншыя маянэзныя стравы — без іх немагчыма ўявіць зімовае святочнае застолле. Каб у студзені не прыйшлося пазбаўляцца ад наступстваў такой «навагодняй дыеты», прыслухайцеся да парад дасведчанага нутрыцыёлага.

Чаму мы пераядаем
«Навагоднія святы як лакмусавая паперка — паказваюць усе нявырашаныя псіхалагічныя моманты, — кажа Вольга, урач-гастраэнтэролаг, дыетолаг з пяцігадовым стажам. — Бо пераяданне, часцей за ўсё, — праблема псіхалагічная, а не фізіялагічная».
Спецыяліст працягвае:
«Падчас застолля ў нас часта спрацоўваюць трыгеры: мы ядзім за кампанію, ад нуды ці проста таму, што не можам адмовіць настойлівай гаспадыні. Гэта ўсё пытанні асабістых межаў, з якімі трэба працаваць. Так што, збіраючыся ў госці ці ў рэстаран, загадзя прадумайце, як можна ветліва адмовіцца ад лішніх страў».

Парадаксальна, але прычынай, чаму мы больш ядзім на святы, можа стаць дыета. Гэтая праблема асабліва характэрна для жанчын.
«Многія дамы садзяцца на строгую дыету, каб лепш глядзецца ў вячэрнім уборы. У выніку ў дзень Х у іх адбываецца зрыў — яны спрабуюць кампенсаваць доўгую нястачу смачнага і, седзячы ў той самай сукенцы, ядуць усё запар. Такія паводзіны шкодныя не толькі для фігуры — яны могуць прывесці да сур'ёзных захворванняў ЖКТ», — адзначае доктарка.
Як не адмаўляцца ад смачнага і застацца ў форме
Вольга падзялілася лайфхакамі, якія дапамогуць захаваць прыгожую фігуру і пры гэтым не прымусяць адмаўляцца ад звыклага навагодняга меню.
Атрымлівайце асалоду ад ежы. У святы мы можам пабалаваць сябе стравамі, якія не ядзім у звычайным жыцці. Падыходзячы да стала, падумайце, чым хаціце парадаваць смакавыя рэцэптары і абірайце менавіта гэтыя стравы. Хлеб і бульбу вы можаце паесці ў іншыя дні.
Невялікія порцыі. Калі ў вас ёсць магчымасць замяніць вялікую талерку на дэсертную — зрабіце гэта. Ежы на яе змяшчаецца значна менш, але візуальна такі посуд выглядае запоўненым — гэты прыём падманвае мозг і дапамагае ў выніку з'есці менш.
Не забывайце пра абед. У святочнай мітусні лёгка забыцца пра звыклы графік прыёму ежы. Пастарайцеся паклапаціцца пра сябе і не хадзіце галоднымі да вячэры. А калі вы ўсё-ткі прапусцілі абед, выпіце шклянку негазаванай вады перад тым, як садзіцца за стол — так вы адчуеце сытасць і не заб'яце пусты страўнік непадыходзячымі прадуктамі.
Жуйце. Часта, сабраўшыся ў кампанію, людзі ядуць хутчэй звычайнага, каб не ўпусціць чагосьці смачнага. Паспрабуйце не злівацца з агульнай хуткасцю паядання, а павольна смакуйце кожны кавалачак абранай стравы. Пачуццё насычэння прыходзіць праз 15-20 хвілін пасля пачатку трапезы — старанна пражоўваючы ежу, вы даяце мозгу магчымасць ацаніць, колькі свабоднага места засталося ў жываце.

Рабіце паўзы. Навагодні стол поўны бялковых прадуктаў, а яны пры змешванні выклікаюць пачуццё цяжару. Таму паміж курыцай, ікрой, сырамі, крэветкамі і іншымі бялковымі стравамі варта рабіць паўзу.
Часовыя інтэрвалы трэба браць і пры пачуцці сытасці — замест таго, каб запіхваць у сябе чарговы бутэрброд, адцягніцеся ад стала і пагутарыце з гасцямі.
Весяліцеся! Прыдумайце актыўныя конкурсы ці старайцеся больш танчыць. Фізічная актыўнасць зрушыць фокус увагі з ежы і ўраўнаважыць каларыйны баланс.
Памятайце пра гармонію паміж сытасцю і клопатам пра сваё здароўе — і навагоднія святы пройдуць цудоўна.
Каментары