Гісторыя2121

Каму належыць Адам Міцкевіч: пра месіянскае і чалавечае

Як толькі вялікі паэт памёр, за яго спадчыну і прыналежнасць пачаліся спрэчкі. Чалавек змяняецца цягам жыцця — фізічна, але не ў меншай ступені ў тым, як ён бачыць свет і сябе ў ім. Змяняецца і тое, як свет яго бачыць. 225-я гадавіна з дня нараджэння вялікага паэта — нагода прыгадаць, як жыў і памёр той, каго яшчэ пры жыцці сучаснікі называлі Прарокам. Вялікае эсэ пра Адама Міцкевіча.

Адам Міцкевіч. Прыжыццёвае фота, рэстаўраванае нейрасеткай

27 лістапада 1855 года стамбульскі фатограф спяшаўся па лабірынце вулак у аддаленую частку раёна Пера, сёння больш вядомага як Беяглу. Гэта раён амбасад, гандлёвых цэнтраў, Галацкай вежы, чырвоных рэтратрамваяў, растыражаваных на мільёнах выяў, раён Музея цноты Архана Памука і плошчы Таксім — сімвала барацьбы за палітычныя свабоды ў краіне. Турыстаў тут шмат, але на тыя вуліцы, куды ідзе наш фатограф, трапляюць яны даволі рэдка.

Трэба думаць, што і для яго апынуцца тут нязвыкла: жыхары гэтых бедных кварталаў рэдка карыстаюцца яго паслугамі і тым больш запрашаюць да сябе дадому. Гісторыя не захавала для нас імя фатографа, а ён сам, хутчэй за ўсё, ніколі не чуў імя памерлага. Тым не менш

апоўдні ён усталёўвае на трыножніку фотакамеру, каб зрабіць свой самы знакаміты і тыражаваны фотаздымак: «Адам Міцкевіч на ложы смерці».

Міцкевіч на ложы смерці. Калі ўпершыню бачыш гэта фота, то кажаш сабе: не можа быць. На ім стары чалавек, стомлены, няголены, ляжыць на нейкім тапчане. Такое ўражанне, што гэта небарака, які памёр у халоднай начлежцы. Фота: Нацыянальны музей у Варшаве

Калі ўпершыню бачыш гэта фота, то кажаш сабе: не можа быць. На ім стары чалавек, стомлены, няголены, ляжыць у вопратцы, у шапцы і паліто, у якое ён нібы захутаўся, спрабуючы сагрэцца.

Ляжыць на нейкім тапчане, на кароткім пакрывале і нечым жа падобным завешана сцяна за ім. Такое ўражанне, што гэта небарака, які памёр у халоднай начлежцы.

А ўсё ж гэта той, каго яшчэ пры жыцці сучаснікі называлі Прарокам (Вешчам).

Так ён быў апрануты адмыслова для развітання і фатаграфавання: на ім чамара і канфедэратка, часткі адзення, якія ў ХІХ стагоддзі лічылі польскім нацыянальным строем і працягвалі актыўна насіць у штодзённым жыцці.

І пасля смерці ён не вольны ад гэтай ідэнтычнасці, якая вызначыла ўвесь яго жыццёвы шлях і хутка выправіць у новае доўгае падарожжа.

Загадкавая смерць

На месцы драўлянага дома, дзе памёр Міцкевіч, цяпер стаіць амаль такі самы каменны. З 1955 года ў ім музей. Туркі любяць падкрэсліваць, што яны адзіныя не прызналі падзелаў Польшчы. Фота: Krajoznawcy.org.pl

Міцкевіч памёр напярэдадні, 26 лістапада, каля дзявятай гадзіны вечара. Смерць была раптоўнай: бліжэй да паўдня яму моцна забалеў жывот, пасля стала лепей, потым прыйшлі дактары і сказалі, што прагноз дрэнны, а стан тым часам стаў зноў горшаць. Было падобна да таго, што гэта халера, якая развіваецца імкліва, а значыць, надзеі амаль няма, гэтую хваробу ў той час не ўмелі толкам лячыць. Хвораму давалі лаўданум, папулярную ў ХІХ стагоддзі опіумную настойку, якая толькі крыху дапамагала зменшыць пакуты. Затое тут жа прыносілі новыя пакуты шматразовым расціраннем скуры. Без чвэрці дзевяць пачалася агонія, і неўзабаве жыццё паэта абарвалася.

Чытайце таксама: «Халера ясная!» Чаму нас вучыць гісторыя адной страшнай эпідэміі ХІХ стагоддзя

Гэта прытым што з Парыжа ён некалькімі месяцамі раней выязджаў здаровым чалавекам, а эпідэміі халеры ў Стамбуле ў гэты час акурат не было. Таму хутка пачалі шырыцца чуткі, што Міцкевіч быў атручаны — вінаватых шукалі то ў Пецярбурзе, то сярод саміх эмігранцкіх колаў палякаў. Аднак ніякіх доказаў гэтаму не знойдзена.

Існуе імавернасць, што чуткі пашырала само найбліжэйшае кола Міцкевіча, каб атрымаць дазвол на транспартаванне цела ў Еўропу замест таго, каб быць вымушаным хутка пахаваць яго на халерных могілках.

Папулярнасці чутак пра атручванне спрыяў і вобраз самога Прарока, якога бачылі нястомным вандроўнікам і змагаром за волю народаў, які ў тым ліку актыўна выступаў за ўзброеную барацьбу. Складана было паверыць, што ён памёр проста так, без дай прычыны, а не ў змаганні з ворагам.

У кожным разе смерць Міцкевіча дагэтуль застаецца загадкай і ўжо стала часткай ягонага міфа.

Апошняя авантура

Брытвы Адама Міцкевіча. Фота PrzyjacielieBPP.org

Калі абставіны смерці паэта падаваліся сучаснікам трывіяльнымі, то месца смерці як найлепей пасавала для завяршэння біяграфіі рамантыка, якому не знайшлося месца на радзіме.

Байран памёр у Грэцыі, Лермантаў — на Каўказе, Шэлі загінуў у Італіі, Славацкі і Гейнэ памерлі ў выгнанні ў Парыжы.

У верасні 1855 года Міцкевіч прыехаў у Турцыю, каб асабіста далучыцца да фармавання польскіх атрадаў, якія павінны былі ўзяць удзел у вайне супраць Расійскай імперыі. Гэтай справай тут ужо не адзін год займаўся іншы польскамоўны літаратар родам з Украіны, Міхал Чайкоўскі, больш вядомы як Садык-паша. Гэтае імя ён узяў пасля вымушанага прыняцця ісламу ў 1850 годзе. Дзейнасць ягоная мела поспех, і цягам некалькіх год ён здолеў сфармаваць два палкі султанскіх казакаў. У сваіх марах у адроджанай Рэчы Паспалітай Чайкоўскі бачыў сябе атаманам казакаў, а князя Адама Ежы Чартарыйскага, аднаго з лідараў польскай эміграцыі, — каралём.

Князь Адам Ежы Чартарыйскі, якога бачылі каралём адроджанай Рэчы Паспалітай. Фота Wikimedia Commons

У 1853 годзе пачалася Крымская вайна, якая падагрэла эмігранцкія надзеі на магчымасць пасунуць межы Расійскай імперыі на ўсход і вярнуць страчаную незалежнасць Польшчы. На гэтай хвалі сюды прыязджае Адам Міцкевіч, які спадзяецца сваім аўтарытэтам дапамагчы вярбоўцы і хоча сам узяць удзел у баявых дзеяннях.

Для яго гэта ўжо трэцяя спроба ўключыцца ва ўзброеную барацьбу. У 1831 годзе ён гатовы перасячы пруска-расійскую мяжу, каб далучыцца да паўстання, але яно ўжо пачынае захлынацца, і паэт з’язджае ў Дрэздэн.

У 1848 годзе ў Рыме і Мілане Міцкевіч удзельнічае ў фармаванні Польскага легіёна, які мае ўзяць удзел у «Вясне народаў» і дапамагчы барацьбе за вызваленне Італіі. Аднак тут ён больш займаецца дыпламатыяй, і ў той момант, калі легіён удзельнічае ў баявых дзеяннях, паэт знаходзіцца ў Парыжы, дзе шукае фінансаванне для створанага атрада.

1855 год прыводзіць яго ў Турцыю. Міцкевічу ўжо 56 гадоў, і, магчыма, гэта ягоны апошні шанец далучыцца да ўзброенай барацьбы з Расіяй. Тут ён едзе ў лагер Садыка-пашы пад Бургасам, дзе жыве ў палявых умовах, катаецца на конях, палюе.

Міцкевіч з Садык-пашою. Карціна Юліюша Косака. Фота Wikimedia Commons

Баявыя дзеянні ідуць на іншым беразе Чорнага мора, зусім непадалёк ад мясцін, апетых ім у «Крымскіх санетах», і скалы Аю-Даг, на якой маляваў яго Валенцій Ваньковіч.

Аднак убачыць іх другі раз яму не давядзецца. Удзел у баявых дзеяннях усё адкладаецца, набліжаецца зіма, у пачатку лістапада з двума таварышамі Міцкевіч перабіраецца ў Стамбул. Тут яны здымаюць дом ва ўдавы палкоўніка асманскіх войскаў пані Рудніцкай, дзе праз некалькі тыдняў паэту наканавана памерці.

Хоць ты стаў зорачку

Калі сёння па-беларуску пішаш фразу «польскі паэт Адам Міцкевіч», то адчуваеш патрэбу паставіць у канцы яе зорачку і пусціцца ў шматслоўныя ўдакладненні. Пра тое, што ён «наш», супольны, што былі Наваградчына і «Свіцязянка», пра вершы ў перакладах, вывучаныя на памяць на ўроках беларускай літаратуры. Пра «Літва, мая Айчына», і тут ужо паставіць дзве зорачкі, і гэтак далей. Літоўская Вікіпедыя піша, што гэта «паэт з гістарычных земляў Вялікага Княства Літоўскага, які пісаў па-польску», беларуская — што гэта «польскі паэт беларускага паходжання».

Жаданне «валодаць» Міцкевічам было яблыкам разладу і для колаў польскай эміграцыі адразу пасля яго смерці. Ні ў каго не выклікала сумневу, што паэт мусіць спачыць на радзіме, але, пакуль гэта было немагчыма, трэба было вызначыцца з месцам часовага пахавання.

Стамбульскія эмігранцкія колы хацелі пакінуць Міцкевіча ў сябе, пахаваўшы яго ў крыпце касцёла Святога Бенедыкта.

Генерал і граф Уладзіслаў Замойскі выступаў за тое, каб цела паэта было пахавана ў наваствораным пасяленні палякаў на беразе Басфора. Яно мелася атрымаць назву Адампаль. Над магілай Замойскі хацеў насыпаць курган на ўзор касцюшкаўскага ў Кракаве і нават пачаў збіраць на гэта грошы.

Чытайце таксама: Ці магчыма збудаваць «міні-краіну» ў эміграцыі? Польская вёска на беразе Басфора

Аднак князь Чартарыйскі выказаўся супраць і выступіў за тое, каб пахаванне прайшло на польскіх эмігранцкіх могілках Манмарансі ў прадмесці Парыжа.

Спрэчкі і сваркі з гэтай нагоды, а таксама патрэба атрымаць неабходныя дазволы прывялі да таго, што забальзамаванае цела Міцкевіча ў трайной труне так і прастаяла больш за месяц у доме, дзе ён памёр.

Рэшткі стамбульскай труны Адама Міцкевіча. Фота PrzyjacielieBPP.org

Нарэшце 30 снежня вялікая працэсія выправілася з яго дома ў касцёл Святога Антонія, а адтуль, пасля адпявання, у порт, дзе труну пагрузілі на французскі параход «Еўфрат». 7 студзеня транспарт паспяхова прыбыў у порт Марсэля.

Паляк, суперпаляк

Чалавек змяняецца цягам жыцця — фізічна, але не ў меншай ступені ў тым, як ён бачыць свет і сябе ў ім. Паэт, памерлы ў Стамбуле, ужо не быў тым самым, хто пісаў «Оду маладосці» ў Вільні ці «Пана Тадэвуша» ў свае бліскучыя раннія гады парыжскай эміграцыі. У апошнія пятнаццаць год жыцця ён амаль не ствараў мастацкіх тэкстаў, радкі больш не хацелі складацца ў строфы. Душа яго была захоплена іншым.

У 1840 годзе ў Парыж прыязджае польскі шляхціч з Літвы Анджэй Тавяньскі. Дома ён пакідае маёнтак, жонку і пяцярых дзяцей. Для такога ўчынку ёсць сур’ёзная прычына: ён адчувае сябе вядзёным Божай рукою і едзе выратоўваць свет. 27 верасня 1841 года ў саборы Нотр-Дам Тавяньскі гаворыць прамову, дзе выкладае асновы сваёй філасофіі. Палякі для яго — гэта Богам абраны народ, які захоўвае ў сабе дух праўдзівага хрысціянства і мае гістарычную місію — наблізіць надыход Царства Божага, а заадно дапамагчы вызваленню ўсіх славянскіх народаў.

Міцкевіч і дагэтуль выношваў месіянскія ідэі — ягоная публіцыстыка яшчэ ў Літве натхняла Тавяньскага. Таму паэт горача падтрымлівае агучаныя ідэі і фактычна становіцца другім чалавекам у коле Тавяньскага.

1 чэрвеня 1842 года афіцыйна ўтвараецца Кола Справы Божай, куды акрамя згаданых асоб уваходзяць Юліюш Славацкі, Зыгмунт Красіньскі, Валянцін Ваньковіч і многія іншыя прадстаўнікі Вялікай эміграцыі.

Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг. Карціна Валенція Ваньковіча. Нацыянальны музей у Варшаве

Кола вельмі хутка пачынае набываць рысы секты: у ім распрацоўваюць сваю сістэму абрадаў, унутраную жорсткую іерархію, спрабуюць рэгуляваць прыватнае жыццё. Міцкевіча ў ім афіцыйна называюць Брат-Прарок.

Кола рэгулярна збіралася ў касцёле Святога Севярына на левым беразе Сены, каля копіі абраза Маці Божай Вастрабрамскай, напісанай Ваньковічам, які там можна пабачыць і цяпер.

Праз некалькі месяцаў ад заснавання Кола Тавяньскі вымушана з’язджае ў Цюрых, а Міцкевіч становіцца яго старшынёй у Парыжы. Але ў 1846—1847 гадах ён разрывае адносіны з Тавяньскім, бо той асуджае ідэю ўзброенай барацьбы, блізкую Міцкевічу. Ад месіянства паэт, аднак, не адыходзіць.

Слова «прарок» («вешч» па-польску), якое так часта ўжывалася да яго — гэта не метафара, яго атачэнне і ён сам так сябе ўспрымае.

У 1848 годзе ў Рыме Міцкевіч піша «Skład zasad» — свайго кшталту духоўную канстытуцыю, дзе пяты пункт гучыць так: «Польскі дух — слуга Евангелля, польская зямля са сваім грамадствам — цела. Польшча ўваскрашаецца ў целе, у якім пакутавала і сто гадоў як пакладзена ў магілу. Польшча ўстае ў асобе вольнай і незалежнай і працягвае руку Славяншчыне».

Міцкевіч як Напалеон

Калі сектанцтва і крытыка Царквы раздражнялі ўлады духоўныя, то цывільныя ўлады найбольш былі заклапочаныя культам Напалеона, які актыўна прапагандаваў Міцкевіч. Яго пакаленне вырасла ў цяні міфа вялікага француза, а ў сталым узросце, папаўшы на месіянскія дрожджы, ён разросся ў галаве паэта ў паўбоства, якое не толькі выконвала сусветную місію, але непазбежна павінна было адрадзіцца зноў. Міцкевіч так быў захоплены вобразам імператара, так шмат казаў пра яго, што сучаснікі знаходзілі ў іх партрэтнае падабенства.

Прапаганда культу Напалеона стала прычынай страты Міцкевічам кафедры ў Калеж дэ Франс,

важнай трыбуны, з якой ён мог трансляваць свае ідэі для шырокага кола інтэлектуалаў свайго часу. Апошні напісаны ім верш — гэта кароткая лацінская ода Напалеону ІІІ з 1854 года. Сярод іншага там гаворыцца, што «свет у табе славіць уваскрослага з труны вялікага дзядзьку» (Напалеон ІІІ быў пляменнікам Банапарта).

Адам Міцкевіч захоўваў медальён з валасамі Напалеона Банапарта. У зборах яго шанавальнікаў цяпер — і медальён з пасмай самога паэта. Фота PrzyjacielieBPP.org

Асацыятыўная сувязь Міцкевіча і Напалеона была для сучаснікаў такой моцнай, што некалькі чалавек, што бачылі яго пасля смерці, пакінулі нататкі пра тое, што «рысы твару памерлага адразу пасля скону сталі надзвычай падобнымі да твару Напалеона. Усе прысутныя аднадушна заўважылі гэту дзіўную трансфармацыю».

Сустрэча з жонкай

9 студзеня 1856 года Міцкевіч цягніком прыбывае ў Парыж. Але да пахавання праходзіць яшчэ дванаццаць дзён. Ён чакае сваю жонку Цэліну Міцкевіч. Яны ўзялі шлюб у Парыжы ў 1834 годзе. Адам на той момант ужо быў суперзоркай польскай эміграцыі. Цэліна, дачка піяністкі Марыі Шыманоўскай, была яскравай і эмансіпаванай жанчынай, якая раздражняла кансерватыўныя колы эмігрантаў вольнасцю сваіх паводзін і выказванняў. Месіянства Міцкевіча знайшло добрую глебу і ў яе характары.

У 1838 годзе жонка Міцкевіча аб’явіла сябе прарочыцай і ўвасабленнем Маці Божай, а таксама пачала сцвярджаць, што мае дар цудоўным чынам вылечваць людзей.

Уласныя месіянскія прэтэнзіі паўсталі перад Адамам нібы ў крывым люстэрку і хутка ператварыліся ў кашмар псіхічнай хваробы. Прарок завёз прарочыцу ў псіхіятрычны шпіталь, метады лячэння ў якім у той час мала адрозніваліся ад катаванняў.

Невядома, чым скончылася б гэтая гісторыя, каб у справу не ўмяшаўся Анджэй Тавяньскі. Ён здолеў пераканаць Цэліну Міцкевіч, што дзякуючы свайму дару вылечыў яе ад псіхічнай хваробы. Яе вера ў гэта была такой моцнай, што яна і сапраўды паправілася і да канца жыцця была адданай паслядоўніцай Тавяньскага.

Цэліна Міцкевіч. Фота Wikimedia Commons

Разам Цэліна і Адам Міцкевіч пражылі 21 год. Яна нарадзіла шасцярых дзяцей і памерла 5 сакавіка 1855 года. На познім фотаздымку, зробленым за некалькі год да смерці, мы бачым жанчыну ў чапцы і ў карункавай блузцы, у шырокай спадніцы і ў доўгіх пальчатках, што захавала сваю прыгажосць. У яе лёгкая ўсмешка на вуснах і амаль гіпнатычны позірк.

21 студзеня 1856 года Цэліну эксгумавалі з могілак Пэр-Ляшэз — і пара разам спачыла на могілках Манмарансі, уз’яднаўшыся яшчэ на 34 гады.

Рэліквіі

Міцкевіч памёр, але культ яго пасля гэтага толькі расквітнеў. Так здараецца са святымі, а ягоны статус стаў ад гэтага недалёкім. Магіла стала месцам патрыятычных пілігрымак, сучаснікі пісалі пра яго мемуары, ягоны вобраз актыўна тыражаваўся, а вершы і паэмы выходзілі ў незлічоных выданнях.

Вялікая эміграцыя пацярпела паразу: спачатку ў 1831 годзе, пасля ў сваіх спадзяваннях на будучыя палітычныя змены.

Гэта было пакаленне, якое так не пабачыла Рэч Паспалітую вольнай. Тым мацнейшай была яго прага да месіянства, да патрыятычных жэстаў і рытуалаў. 

Ружанец, зроблены для каханага Марыляй Верашчакай. Фота: PrzyjacielieBPP.org

У той палітычнай рэлігіі, у якую фактычна ператварыўся польскі нацыяналізм да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, Міцкевіч займаў ключавое месца. І гэта рэлігія патрабавала сваіх рэліквій. Пяро, якім ён пісаў у Стамбуле, яго брытва, чарніліца, візітоўніца, лісце з туганавіцкіх дрэваў, ружанец, зроблены для яго Марыляй Верашчакай, шлюбныя пярсцёнкі Адама і Цэліны, медальён з валасамі Напалеона, які захоўваў паэт, — і гэтак далей, гэтак далей. Гэта толькі частка міцкевічаўскага «рэлікварыя», які захоўваецца ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы. Падобныя зборы можна знайсці і ў іншых буйных польскіх музеях.

Калі 27—28 чэрвеня 1890 года ў Парыжы была праведзена эксгумацыя цела Міцкевіча для перапахавання яго на кракаўскім Вавелі, парэшткі былі перакладзеныя для транспартавання ў новую труну. Тым часам прадпрымальныя трунары разрэзалі ранейшую металічную дамавіну на невялікія кавалкі і прадавалі іх усім ахвотным па паўфранка за штуку. У Польскай бібліятэцы ў Парыжы разам з іншымі рэліквіямі апынуліся ручкі і дрэва ад Міцкевічавай труны, фрагмент савана і жменя зёлак, якімі было пасыпана цела.

Амаль вяртанне

Але галоўнай нацыянальнай рэліквіяй тут былі самі парэшткі паэта.

Яны выправіліся ў новае падарожжа: праз Цюрых, дзе ў 1878 годзе спачыў Тавяньскі, і Вену ў Кракаў. Тут яго цела з усімі ўрачыстасцямі было перанесена ў крыпту кафедры на Вавелі, дзе яно спачыла ў адмыслова падрыхтаваным саркафагу.

Міцкевіч пахаваны ў самым сэрцы Кракава — горада, у якім ніколі не быў. Фота: Depositphotos.com / Curioso Travel Photography

Дно саркафага выслалі пяском з Наваградка і з Нёмана.

З Прарокам развітвалася ўся былая Рэч Паспалітая, з блізкіх і далёкіх куткоў прыбылі дэлегацыі, кожная са сваім вянком: 38 металічных і 337 з жывых кветак. Стужкі з апошніх сёння захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве. Сярод іншага ёсць тут і адна з надпісам «Ад наваградчан іх кветкі, каласы і слёзы».

Стужка з пахавальнага вянка ад наваградчан. Нацыянальны музей у Кракаве

Позні перыяд жыцця Міцкевіча хутка стаў сцірацца з калектыўнай памяці, можа быць, таму, што ад яго амаль не засталося літаратурных тэкстаў. Збольшага забылася і ягонае месіянства.

У калектыўнай свядомасці ён з часам памаладзеў: застаўся то закаханым юнаком з наваградскіх ваколіц і Вільні, то рамантычным выгнаннікам са скалы Аю-Даг, то натхнёным аўтарам з ільвінай грываю валасоў з ранніх парыжскіх гадоў, калі ён дапісваў «Пана Тадэвуша». Застаўся, як на яго парыжскім помніку, у вобразе пілігрыма, які вечна вяртаецца на сваю родную Літву.

Міцкевіч-пілігрым. Карціна Яна Стыкі, 1894 год. Нацыянальны музей у Кракаве

Заплюшчаныя вочы

На кракаўскім саркафагу мы бачым яго партрэтны медальён, пазнавальны і тысячакроць паўтораны профіль з манет, медалёў, кніжных вокладак і карабкоў для запалак. Паэт у свае сталыя гады са спакойным усведамленнем зробленага і таго значэння, якое ён мае для польскай культуры, глядзіць у вечнасць.

Але ў Парыжы, на надмагіллі сям’і Міцкевічаў, захавалася і яго іншая знакамітая выява. Яна была выканана вядомым французскім скульптарам Агюстэнам Прэо ў 1866 годзе і выклікала захапленне сучаснікаў: Віктора Гюго, Эміля Заля ды іншых. На ёй мы бачым Міцкевіча ў момант смерці: галава закінутая, а вочы заплюшчаныя. Але

гэты момант не адрозны ад моманту экстатычнага натхнення — той мяжы, якой дасягае чалавек у рэдкія свае хвіліны.

Медальён, на якім Міцкевіч з заплюшчанымі вачыма: ці то ў хвіліны натхнення, ці то смерці. Нацыянальны музей у Кракаве

У гэтым і Міцкевіч-паэт, і Міцкевіч-містык, і чалавек, які ў апошні момант азіраецца на сваё надзвычайнае жыццё. Невыпадкова Гюго здзіўляўся таму, «як шмат у гэтай выяве жыцця», прытым што яна паказвае чалавека на парозе смерці. Ад гэтага медальёна, які актыўна тыражаваўся ў копіях, у іканаграфію Міцкевіча стала ўвайшоў яго вобраз з заплюшчанымі вачамі.

У Мінску таксама ёсць помнік Міцкевічу. Ён пастаўлены ў невялікім скверы на Гарадскім Вале, які носіць імя паэта. Фота: Наша Ніва

У Мінску таксама ёсць помнік Міцкевічу. Ëн пастаўлены ў невялікім скверы на Гарадскім Вале, які носіць імя паэта.

Да яго можна трапіць, збочыўшы з праспекта Незалежнасці на вуліцу Валадарскага. Прайсці міма некалькіх старых камяніц, ператворанай у тэатр Харальнай сінагогі, турмы, якая бачыла не аднаго паэта, вялізнага гмаха, Інфармацыйнага цэнтра МУС і лякарні для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Ці можна іншым шляхам збочыць з таго ж праспекта на Гарадскі Вал, міма будынка МУС, за якім яшчэ адна турма, гатэля і помніка гарадавому з царскіх часоў.

Так мы трапім у сквер. Тут, прысеўшы ў макінтошы каля зарослых папараццю ды іншымі травамі парэнчаў і падпёршы правай рукою галаву, Адам Міцкевіч заплюшчвае вочы. І мы разумеем чаму.

Каментары21

  • Ádam
    25.12.2023
    To jesteś światowy skarb duchównego doświadczenia również wiary. należy wszystko do Pana
  • Анфиса
    25.12.2023
    И кому нужны эти польские муки?
    ПС. А около галатской башни район действительно исторический и интересный, правда как-то всё немного запущено. Там и русский православный приход находится, недалече от пристани Каракёй.
  • Ганьба
    25.12.2023
    Дзякуй.
    А хто наш сённяшні прарок? Ці маем культ адраджэння нацыі?

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →