Грамадства1010

«Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расійскага кантэнту, што не разумеюць, дзе расійскі, а дзе беларускі парадак дня»

Папулярны беларускі і ўкраінскі вядоўца, медыяаналітык Сяргей Дарафееў у размове з Радыё Свабода абмяркоўвае ўздзеянне рознага кшталту прапаганды падчас вайны і брутальных рэпрэсій, аналізуе, у які бок рухаецца беларуская прапаганда пасля 2020 года, чаму яе тварам стаў Рыгор Азаронак, чым ягоны стыль адрозніваецца ад Зімоўскага. А яшчэ тлумачыць свой пост у фэйсбуку пра бежанства і разважае пра тое, што чакае Беларусь.

Вядоўца ток-шоу тэлеканала АНТ «Выбар» Сяргей Дарафееў быў звольнены пасля 19 снежня 2010 года, калі ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў задаў у жывым эфіры некалькі непрыемных пытанняў Лідзіі Ярмошынай, пасля чаго тая пакінула студыю. Сяргей Дарафееў з'ехаў тады ва Украіну, дзе працаваў на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр», на 5-м украінскім тэлеканале. У 2012 годзе атрымаў тэлевізійную прэмію Украіны «Тэлетрыумф-2012». Пазней Сяргей Дарафееў быў тры з паловай гады вядоўцам тэлепраграмы «Настоящее время». Цяпер удзельнічае ў шэрагу медыйных праектаў у ЕС.

Беларуская прапаганда як прынцып савецкай сталоўкі

— Сяргей, я працытую твой нядаўні допіс у фэйсбуку пра інтэрв'ю Пуціна амерыканскаму вядучаму Такеру Карлсану: «Заморскі госць Карлсан, які прыляцеў у Маскву, зусім не бяскрыўдны, як камусьці здаецца. Гэта працяг агіднай гісторыі пра новую, самую сучасную версію прапаганды і маніпуляцый». Патлумач пра самую сучасную версію прапаганды і маніпуляцый.

— Каб гаварыць пра сучасную версію, трэба сказаць пра тое, на чым усё будуецца, з чаго пачыналася і чаму прапаганда працуе ў Беларусі. Я думаю, што гэта вынік грамадзянскай падатлівасці. Яшчэ гэтаму паспрыяла тое, што Беларусь не ведала разнастайнасці тэлеканалаў, як Украіна, што ў беларусаў няма досведу гэтай нагледжанасці, досведу выбіраць з многіх меркаванняў. Пасля 1996 года Беларусь не ведала хаця б контураў цывілізаванага парламентарызму, каб была палеміка, спрэчкі, каб быў прынцып палітычнага спаборніцтва. Усяго гэтага ў нас няма. У нас, адрозна ад Украіны, на сталай аснове не паказвалі ў эфіры паседжанні парламенту. Працаваў прынцып савецкай сталовай — ежце тое, што вам даюць, бо хутка і гэтага можа не быць. Гэта асноўныя прычыны.

Прапаганда і маніпуляцыі сталі часткай гібрыднай вайны. Сам Пуцін прызнае, што ў Расеі нястачы мабілізаваных няма. Гэта таксама вынік прапаганды. А таксама вынік галечы ў Расеі, памножанай на безвыходнасць і на жаданне сублімаваць. Бо прапаганда — гэта не столькі хлусня, паўпраўда, колькі гэта такая тонкая гульня на пачуццях людзей, кім яны хочуць падавацца і кім не з'яўляюцца.

«Не пра карысных ідыётаў, а пра злых геніяў, як называюць таго ж Карлсана»

— Чым небяспечнае для ўкраінцаў і беларусаў добра падрыхтаванае інтэрв'ю Карлсана з Пуціным?

— Калі ў фокусе ўвагі будзе жыхар занядбанага гарадка ў Расеі ці Беларусі, то гэты чалавек, лежачы на канапе перад тэлевізарам, можа пагражаць, як аказалася, самому Байдэну словамі Карлсана ці Салаўёва, каго ён часцей глядзіць. Маленькі чалавек у сваіх вачах становіцца вялікім без дадатковай працы і адукацыі. Так працуе прапаганда. Гэтая формула выдатна працуе ў краінах, дзе не працуюць сацыяльныя ліфты. Тэлевізар ва ўсёй гэтай гісторыі — зручнае самаапраўданне. Потым людзі, якія маўчаць з розных прычынаў ці актыўна падтрымліваюць уладу, будуць казаць: адкуль мы маглі ведаць праўду, калі па тэлевізары пра гэта не гаварылі?

Калі рэзюмаваць, то сучасная прапаганда і маніпуляцыя — гэта сумесь маркетынгу, псіхалогіі і розных паліттэхналогій. Што тычыцца Карлсана. У амерыканскім істэблішменце кажуць, што не Карлсан ідзе за парадкам дня — Карлсан сам вызначае гэты парадак дня. Нашаму чалавеку цяжка ўявіць, што існуюць такія трэнды, але ў ЗША гэта так. Карлсан падтрымлівае рэспубліканцаў і стрымлівае дэмакратаў. Таму расейская прапаганда ведае, да каго звяртацца. Яна ўздымае Карлсана на свае сцягі. Я па працы вывучаў кантэнт розных ток-шоў, у тым ліку «60 минут» на канале «Россия» (дзе Скабеева крычыць). З прыблізна 300 праграмаў Карлсана цытавалі і паказвалі ў траціне выпускаў. Усё гэта абсалютна ўкладаецца ў тыя алгарытмы, якія пішуцца ў Крамлі.

Цяпер мы жывём у той час, калі інфармацыя падаецца пульсавана, прычым на дакладную мэтавую аўдыторыю. Прычым такі панятак, як мэтавая аўдыторыя, беларускія кіраўнікі тэлеканалаў пачынаюць разумець і выкарыстоўваць у сваёй працы. Інфармацыя падаецца з ключавымі словамі, больш-менш слушна расстаўленымі акцэнтамі. І кожны прапагандыст, у тым ліку ў Беларусі, працуе на свайго гледача з яго ўзроўнем адукацыі, выхавання. Адсюль пэўная лексіка ў прамовах некаторых беларускіх тэлевядоўцаў. Нічога не хачу гаварыць пра згаданага чалавека. Я б гаварыў пра больш адукаваных і тонкай гульні людзей. Не пра «карысных ідыётаў», а пра злых геніяў, як называюць таго ж Карлсана.

— А ў Беларусі ёсць такія людзі сярод прапагандыстаў?

— Як бы я ні ставіўся да факту прапаганды і тых людзей, якія яе разносяць, я б не хацеў адказваць на гэтае пытанне. Ёсць яны ці не, кожны беларус, які думае адэкватна, разумее, каго ён бачыць у кадры і колькі кніжак у жыцці прачытаў гэты чалавек.

— Як змянілася і ў які бок рухаецца беларуская прапаганда пасля 2020 года? Чаму яе тварам стаў такі дзеяч, як Рыгор Азаронак, і чым ягоны стыль адрозніваецца ад папярэднікаў, таго ж Зімоўскага?

— Ёсць попыт, і ёсць прапанова. Можна згадаць і расейскія ток-шоў, дзе махаюць кулакамі, лаюцца, прыносяць у студыю вёдры памыяў. У гэтых ток-шоў ёсць свая аўдыторыя, якая на адной хвалі з пасыламі гэтых вядоўцаў. Я ўспамінаю Зімоўскага. Гэта таксама была беларуская прапаганда, сам Зімоўскі казаў, што ён яркі прадстаўнік і яе заснавальнік. Але гэта быў больш разумны і больш хітры чалавек. Яго не параўнаць з цяперашнімі беларускімі вяшчальнікамі. Тады быў ягоны час, хоць адэкватныя беларусы не пераносілі яго гэтак жа, як і адэкватныя беларусы не пераносяць таго, што цяпер бачаць у беларускім тэлеэфіры, калі мы гаворым аб прапагандзе.

«Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расейскага кантэнту, што не разумеюць, дзе расейскі, а дзе беларускі парадак дня»

— Пад уздзеяннем якой прапаганды больш знаходзяцца беларусы — расейскай ці беларускай? Ці можна беларускай прапагандай назваць тое, што гучыць па БТ?

— Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расейскага кантэнту, што ў мяне складаецца дакладнае адчуванне, што яны не разумеюць, дзе расейскі, а дзе беларускі парадак дня. Беларусь цяпер настолькі шчыльна ў зоне ўплыву Расеі, ня толькі палітычнага, але і ідэалагічнага, што ніякі сярэднестатыстычны глядач ня зможа правесці дакладную мяжу — гэтая гісторыя беларуская, а гэтая расейская.

— Днямі ты апублікаваў у ФБ пранізлівы пост пра бежанства, адчуванне, якое блізкае сотням тысячаў беларусаў і мільёнам украінцаў. Ты даўно жывеш у Еўропе, тым не менш адчуваеш сябе ўцекачом. Магчыма, твая парада магла б прыдацца людзям, якія былі вымушаныя з'ехаць адносна нядаўна. Якія стадыі праходзіць уцякач, мяняючы розныя краіны? Ці патрэбная глыбокая інтэграцыя? Ці можна жыць на валізках, чакаючы магчымасці вяртання?

— Я напісаў, што адчуваю сябе бежанцам, бо я чалавек вельмі прывязаны да сваіх каранёў, да сваёй зямлі. Я называю сябе ўцекачом, бо ад сябе не ўцячы. Я люблю Менск і Кіеў, і гэтыя гарады я нашу ў сваёй галаве. Так, я сумую, пры гэтым я не хачу пускацца ў сентыментальнасць. Я чалавек тонкай настройкі, для мяне важныя дэталі, паўтоны, якія даюць мне сілы. Я з'яжджаў у 2011 годзе, калі атрымаў у Беларусі фактычна забарону на прафесію, але ў мяне была магчымасць сабраць рэчы і з'ехаць на сваёй машыне. Я не ішоў праз балоты, я не хаваўся ў прычэпе фуры. Больш за тое, я з'яжджаў на гатовы, падпісаны яшчэ ў Менску кантракт з украінскім 5-м тэлеканалам. Я з'яжджаў публічным чалавекам, гэтая падтрымка давала мне сілы.

Я пачынаў жыццё ад пачатку 6 ці 7 разоў. Магу сказаць, што чалавек ніколі не даведаецца, колькі ў яго сілаў, пакуль не апынецца ў крытычнай сітуацыі. У такім святле эміграцыю трэба ўспрымаць як пытанне адказнасці за тых, хто побач з намі. Найперш думаеш не пра сябе. Што тычыцца тапаграфіі беларусаў цяпер, то гэты тысячы кіламетраў. Цяпер гэта народ, які рассеяны па свеце, ён прадстаўлены ў асяроддзі іншых культураў і традыцый. Жыццё многіх пачалася ад пачатку. Мне вельмі зразумела, праз што праходзяць гэтыя людзі.

Цяпер свет куды больш наводнены бежанцамі. Умоўны мільён беларусаў, якія з'ехалі, тоне ў мільёнах украінцаў, плюс бежанцы з Блізкага Усходу і Афрыкі. Бежанцы, якія сталі не проста людзьмі з валізкамі, а сталі сур’ёзнай зброяй масавага паражэння, часткай гібрыднай вайны. Тут наша задача, мігрантаў, захаваць сябе і не даць зрабіць сябе ідэалагічнымі снарадамі Расеі і яе сатэлітаў.

— Апошнім разам мы рабілі вялікае інтэрв'ю ў разгар падзеяў 2020 года, калі мірная беларуская рэвалюцыя была сапраўды масавай. І я памятаю, што тады ў цябе не было эйфарыі, а было адчуванне трывогі, што спраўдзілася ў гады рэпрэсій. Як ты цяпер глядзіш на тое, што чакае Беларусь?

— У мяне і цяпер няма эйфарыі, прычым яе няма ўвогуле. Не хачу нікога засмучаць. Мы часта чуем, што будуць коркі з аэрапорта «Менск» у горад. Не, корку не будзе з людзей, якія вяртаюцца на радзіму. Нічога раптам не зменіцца, я не веру ў гэта. Нехта асядзе ў краінах, куды з'ехаў. Асабліва сямейныя людзі з дзецьмі. Нехта не будзе спяшацца вяртацца пасля зменаў у Беларусі, бо не будзе верыць у трываласць гэтых зменаў. Якія могуць быць змены? Калі з'явяцца новыя людзі ў той жа жалезабетоннай сістэме, то гэта не змены. Беларусь усё больш губляе сваю субʼектнасць ва ўсіх сферах… Цяпер мы назіраем экспансію расейскага ўсяго. Я бачу, што змены ў Беларусі могуць адбыцца толькі пасля кардынальных зменаў у Расеі. Скажу наўпрост: Беларусь і ўсім светам успрымаецца ў абойме з Расеяй, хоць мы зусім розныя з Расеяй, мы больш з украінцамі падобныя.

Каментары10

  • Гуляй лесам троль
    14.02.2024
    Максим Дизайнер, ты якое дачыненне маеш да беларусаў, каб ад іх імя раздаваць парады?
  • Горад
    14.02.2024
    Максим Дизайнер, нават ціхары пачынаюць не вытрымліваць. Вось вам і беларускі "рай"
  • п
    14.02.2024
    Тот случай когда человек реально понимает, чувтсвует ситуацию. Приятно было читать....
    ПС... Идешь утром в Минске  на работу мимо первых этажей, а в окнах кухонь светятся телевизоры с НТВ, Россия и тд....  
    Чечня имеет больше шансов чем РБ..... 

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →