Праваабарончая арганізацыя «Freedom House» апублікавала штогадовы агляд стану палітычных і грамадзянскіх свабодаў у свеце — «Freedom in the World 2010». Беларусь зноў названая ў ліку несвабодных краінаў.

Дакумент аналізуе стан свабоды ў 194‑х краінах і 12‑ці гэтак званых «тэрыторыях», у якіх няма міжнародна прызнанага статусу незалежнай краіны (напрыклад, Абхазія ці Прыднястроўе).

Паводле «Freedom House», у 2009 годзе 89 краінаў — столькі, колькі і ў 2008‑м — можна было аднесці да катэгорыі свабодных (у іх пражывае 46% насельніцтва свету). У катэгорыю «часткова свабодных» трапіла 58 краінаў (20 адсоткаў сусветнага насельніцтва). Да несвабодных залічана 47 краінаў (34% жыхароў свету, у іх жыве 2,3 мільярда людзей).

Паводле агляду, ужо чацвёрты год запар лік краінаў, дзе сітуацыя з палітычнымі правамі і грамадзянскімі свабодамі пагоршылася, перавышае лік тых, дзе яна палепшылася. Летась гэтая сітуацыя пагоршылася, між іншым, у Іране, Расіі, Венесуэле, Кыргызстане.

Беларусь, як і ў леташнім аглядзе «Freedom House», атрымала найгоршую ацэнку ў катэгорыі «палітычныя правы» — 7 балаў, а ў катэгорыі «грамадзянскія свабоды» — 6 балаў.

Усе краіны былога СССР, акрамя трох балтыйскіх рэспублік, Украіны і Малдовы (часткова свабодная), залічаныя Freedom House да несвабодных краінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?