Кіно33

На кінафестывалі ў Нью-Ёрку паказалі мастацкі фільм пра Кацярыну Андрэеву. Дзелімся ўражаннямі ад прагляду

7 чэрвеня прайшла прэм’ера стужкі «Пад шэрым небам» ад беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч. Фільм, які паказалі на кінафестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку, натхнёны лёсам зняволенай журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. «Наша Ніва» паглядзела гэтую кранальную стужку.

Ілля Ігараў (Валянцін Навапольскі) і Алена Антонава (Аляксандра Вайцяховіч).

«Пад шэрым небам» — не першая спроба Мары Тамковіч экранізаваць гісторыю Кацярыны Андрэевай. У 2022-м беларуска прадставіла кароткаметражку Na żywo, больш прысвечаную таму, як пачынаўся шлях у няволі Кацярыны і яе напарніцы Дар’і Чульцовай — а пачынаўся ён са стрыму пратэстаў на мінскай плошчы Перамен, пасля якога і затрымалі журналістак.

Цяпер гэтую гісторыю расказалі ў поўным метры. Такі фармат дазволіў змясціць у 81 хвіліне не толькі гісторыю са стрымам, але і раскрыць больш поўна асобы Лены Антонавай і Іллі Ігарава, сужэнцаў, якія і сталі ўвасабленнямі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Na żywo сабраў багата ўзнагародаў на кінафестывалях, і выглядае, што новая стужка не будзе адставаць ад папярэдняй, бо ўжо яе прэм'ера ладзіцца на буйным нью-ёркскім фестывалі Tribeca з Робертам дэ Ніра сярод заснавальнікаў.

Усё пачынаецца ў мінскім таксі, дзе Алена Антонава і яе аператарка Вольга Кальцова (кіношнае ўвасабленне Дар’і Чульцовай) едуць здымаць пратэсты на Плошчы перамен. Дзеля бяспекі журналісткі працуюць з жылой кватэры, і ў нейкі момант міма іх пралятае дрон сілавікоў. Алена разумее, што іх маглі заўважыць, але вырашае застацца ў кватэры, каб не спыняць стрым — вядома, усё сканчаецца ўварваннем сілавікоў.

Алена Антонава (Аляксандра Вайцяховіч).

Далей для Алены і Вольгі пачынаюцца месяцы за кратамі, а для іх блізкіх — бясконцы ціхі подзвіг падтрымкі: пошукі адвакатаў, зборы і нашэнне перадач, візіты ў суд і калонію. І тут раскрываецца асоба Іллі, мужа Алены. У Валянціна Навапольскага, тэатральнага акцёра з Літвы, атрымаўся на першы погляд вельмі безэмацыйны персанаж: ён добра трымаецца ў судзе і спакойна гутарыць з сілавікамі, якія праз яго спрабуюць ціснуць на жонку. 

Але гэты спакой, канешне, толькі знешні. Ілля дазваляе сабе плакаць толькі ў адказ на новы тэрмін жонкі, а ў астатні час чапляецца за рэшткі сілы ўнутры сябе, каб рабіць тое, што павінен, і не пакідаць каханую — ён тлумачыць гэта жонцы праз жаданне застацца з ёй «на адной планеце», не згубіць душэўную сувязь. Гэтая ахвота не пакідаць жонку, наколькі гэта магчыма, не эміграваць, нягледзячы на небяспеку і досвед затрымання, не пазбаўляць яе падтрымкі ў любой магчымай форме — адна з ідэй, якую даследуе ў сваёй працы Тамковіч. А разам з тым і захапляецца сваімі героямі, пачуцці якіх аказаліся мацнейшыя за краты, адлегласць і страх, з якім часта звязанае жыццё ў Беларусі.

Алену Антонаву (беларуская актрыса Аляксандра Вайцяховіч) мы бачым на экране радзей, чым яе мужа — пасля затрымання яна з’яўляецца збольшага ў кадрах мінулага жыцця пары, таго, як усё было да стрыму. Разам яны спрабуюць зрабіць выбар, вядомы шматлікім беларусам, — з’язджаць ці не. Для Іллі жаданне працаваць у Беларусі да апошняга — глупства, Алена лічыць ад’езд праявай баязлівасці.

«Пад шэрым небам» праводзіць нас па шляху Кацярыны Андрэевай да яе другога тэрміну «за здраду дзяржаве». Асобная частка гісторыі — намаганні рэжыму атрымаць ад журналісткі прашэнне аб памілаванні ці прымусова-пакаяльнае відэа, і ў фільме таксама не прайшлі міма гэтага. На спатканні Ілля і Алена абмяркоўваюць такую магчымасць, і гэты кароткі дыялог, здаецца, змяшчае адну з галоўных ідэй у фільме. 

Каханыя гутараць пра тое, што можна супрацьпаставіць рэжыму — хіба што сваё пакутніцтва. А таксама разважаюць пра чорнае, белае і тое, ці можна шукаць у іх сітуацыі розныя адценні або ж гэтыя адценні існуюць заўсёды.

Ілля Ігараў (Валянцін Навапольскі).

Словы «пад шэрым небам», што сталі назвай фільма, узятыя з песні Змітра Вайцюшкевіча «Я нарадзіўся тут». Гэты трэк гучыць і ў самой стужцы — яму падпявае Ілля Ігараў, і там жа гучаць далейшыя радкі з песні — «я буду жыць тут».

«Пад шэрым небам» складана глядзець як ігравы фільм, бо ведаеш, наколькі паказанае ў ім рэальна: сапраўдныя кадры пратэстаў на Плошчы перамен і збіцця Рамана Бандарэнкі, суды, званкі з-за кратаў і пераглядкі праз шкло на спатканнях. Ды і гісторыя гэтая развіваецца ў наш час, бо Кацярына Андрэева ўсё яшчэ за кратамі, а Ігар Ільяш чакае яе, як і раней.

Мара Тамковіч прызнавалася, што для яе гэты фільм пра надзею, пра тое, дзе можна яе шукаць у нашы няпростыя часы. Выглядае, што крыніцай такой надзеі можам быць мы самі, беларусы, і далікатная сіла, што прарастае ўнутры нас у часы выпрабаванняў. Тая ціхая, але нязломная сіла, якая перамагае страх і не дае кідаць адно аднаго і сваю справу, і якая ўрэшце рэшт проста не можа не перамагчы зло.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Чытач
    12.06.2024
    Можна было б усё ж такі даць героям стужкі беларускія прозвішчы. Каб падкрэсліць, што яны беларусы.
  • Агамс
    12.06.2024
    А самае паскуднае ва усёй гэтай "дзьвіжусе" 2020-га года - што ў рускамірных пакутах ніколі няма сэнсу. 
  • fyl
    13.06.2024
    Андреева = Антонова . што не так ?

Лукашэнка прыгразіў Расіі вайной у выпадку далучэння Беларусі43

Лукашэнка прыгразіў Расіі вайной у выпадку далучэння Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус прадае 23-гадовую BMW «пяцёрку» за 27 500 даляраў і не гатовы таргавацца, бо з грашыма ў яго ўсё ў парадку10

У мінскім гатэлі прыдумалі, як уратаваць людзей ад падзення з лесвіцы5

Масква з дапамогай агента-амерыканца стварыла ў ЗША сетку рэгіянальных псеўдаСМІ18

ЦВК патлумачыў, чаму 23 лютага не абралі днём выбараў5

На вуліцы Мазурава ў сталіцы ўтварылася возера — прарвала трубу3

«Параілі да снежня здаць ЦТ у Беларусі, інакш адлічаць». Беларусы, якія паступілі ў польскія ВНУ, не могуць вучыцца11

«Па ўсё гэта трэба ехаць у Менск». На што скардзяцца жыхары спадарожнікаў сталіцы, якія зноў узяўся развіваць Лукашэнка

У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем26

У Браславе за «экстрэмізм» судзілі кіраўніка мясцовых паляўнічых і яшчэ трох чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка прыгразіў Расіі вайной у выпадку далучэння Беларусі43

Лукашэнка прыгразіў Расіі вайной у выпадку далучэння Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →