Ад жыхаркі Полацкага княства да шляхцянкі часоў паўстання Каліноўскага — паглядзіце, якія строі шые Кацярына Ваданосава ФОТЫ
Кацярына Ваданосава пачала вышываць яшчэ ў раннім дзяцінстве. У чатыры гады бавіла час, расшываючы кветкі, намаляваныя маці на тканіне. А ў школе перакройвала адзенне з гуманітарнай дапамогі пад сябе — на двары былі 90-я, грошай не хапала, а моднічаць хацелася. Ужо пазней яе захапленне набыло гістарычнае адценне — гісторык па адукацыі, Кацярына заглыбілася ў свет рэканструкцый. Гэтае хобі прывяло яе да адкрыцця ў Беластоку ўласнай школы традыцыйнага строю, а цяпер і да персанальнай выставы з 14 камплектаў адзення, максімальна набліжанага да таго, што насілі нашы продкі ў мінулым.
Папрасілі Кацярыну расказаць пра працэс стварэння трох з іх. Гэтыя і іншыя строі кожны ахвотны зможа пабачыць на выставе ў горадзе Цеханоўцы на Падляшшы, якая адкрыецца 5 верасня.
Строй раннесярэднявечны
— Каб яго пашыць, было пералапачана вельмі шмат крыніц. Агулам стварэнне любога строю — гэта ў першую чаргу падрыхтоўка, гадзіны вывучэння дакументальных гістарычных крыніц (пісьмовых, археалагічных, мастацкіх). І потым усё гэта трэба скампіляваць ды абгрунтаваць пашпарт касцюма (кожны мой строй мае свой пашпарт, і я магу сказаць, адкуль узяла тое ці іншае рашэнне).
Канкрэтна гэты строй прадстаўляе заможную крывічанку, жыхарку Полацкага княства канца XI стагоддзя. Ён самы ранні па храналогіі з таго, што я рабіла. Я, канечне, не магу ў поўнай ступені сцвярджаць, што менавіта так выглядала жанчына ў Полацку ў той час: у нас няма ніводнага поўнага захаванага камплекта. Але ёсць металічныя артэфакты, некалькі кавалкаў тканіны, якая прыкарэлі да іх, нейкія абрыўкі залотнай тасьмы, комплексы ўпрыгожванняў — на аснове гэтага і мастацкіх крыніц можна рэканструяваць пэўны строй.
Я чаплялася за любы абрывак інфармацыі, за кожную малюпасенькую рэч, якую нехта з археолагаў калісьці проста мімаходзь апісаў.
Строй складаецца з наступных элементаў: ніжняя кашуля, верхняя сукенка па візантыйскім узоры, галаўны ўбор, накідка-плашч — спадчына балтаў, а таксама аксэсуары.
Гнёздаўская лунніца і шкляныя пацеркі — копіі тых археалагічных скарбаў, якія былі знойдзеныя на тэрыторыі рассялення крывічоў. У іх гэтыя аксэсуары — простыя круглыя замкнутыя кольцы, падвешаныя альбо паасобку, альбо ў некалькі шэрагаў на залотную стужку.
Залотная стужка тут — мой гонар: я саткала яе на дошчачках з шаўковых нітак, фарбаваных уручную індыга. Такія стужачкі везліся з Візантыі і былі вельмі папулярным таварам. Вырабляць іх у нас пачалі, хутчэй за ўсё, ужо ў часы Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея, якая, як сведчаць крыніцы, не толькі адкрыла скрыпторый і вучыла людзей, але таксама мела ткацкую школу. Менавіта тады на Беларусі сталі рабіць залотныя стужкі.
Сукенка, накідка і ніжні ўбрус (хустка) таксама фарбаваліся мной уручную. Замаўляла тут толькі шкляныя пацеркі, бо не ўмею дуць шкло сама (пасміхаецца).
Строй шляхцянкі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага
— Гэта чорны, жалобны строй, рэканструкцыя вобразу шляхцянкі XIX стагоддзя. Я пачала з самай паднаготнай, з бялізны, так што ў мяне тут маецца і ніжняя кашуля, і панталоны, і гарсэт, і крыналін. Зверху на апошні — спадніца з васьмі метраў бавоўны, якая апраналася, каб было яшчэ больш пышна.
Самы верхні слой — чорная сукенка. З аздобы тут толькі каўнер, плецены на каклюшках, і белы каптур з вуаллю. Тады было не прынята насіць ні срэбра, ні золата. Часцей — жалеза, дрэва, буйныя ўпрыгожванні, якія паўтаралі форму кайданоў — рэальны жалезны ланцуг, які жанчыны насілі на руках у знак салідарнасці з тымі, хто быў закатаваны, арыштаваны ці ў высылцы. Яшчэ былі магчымыя брошкі і кулоны з сімвалам паўстання — з арханёлам Міхаілам, Пагоняй і Арлом. Альбо крыжы і пацеркі з чорнага, пафарбаванага дрэва, шкла і жалеза. Якар, сэрца і крыж — сімвал веры, надзеі і кахання.
Усё рабілася з некаштоўных матэрыялаў, бо ўсе дарагія ўпрыгожванні мусілі здацца ў касу ўзаемадапамогі на паўстанне. Толькі сціпласць, толькі салідарнасць і жалоба.
Агулам распаўсюд чорных сукенак пачаўся з таго, што ў Варшаве была расстраляная група студэнтаў, і тады грамадскасць анансавала жалобу. Людзі сталі хадзіць у чорным, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў за свабоду. З цягам часу гэтая мода распаўсюдзілася па тэрыторыі ўсёй былой Рэчы Паспалітай і былога Вялікага Княства Літоўскага. І трывала даволі доўга, падчас паўстання ў тым ліку. Але была задушаная пасля таго, як задушылі само паўстанне.
Жанчын, якія хадзілі ў жалобе, маглі спыніць на вуліцах царскія жандары і запатрабаваць даведку, што ў іх сапраўды хтосьці памёр. Калі ў тых яе не было, жанчын везлі ў пастарунак, афармлялі штраф. Усё магло скончыцца канфіскацыяй маёмасці і нават высылкай. Я ўжо не кажу пра тое, што мы цяпер называем «суткамі».
Вельмі дзіўным чынам гісторыя моды перагукаецца з тым, што мы, напрыклад, назіралі ў 2020 годзе, калі стала небяспечна хадзіць у белых і чырвоных колерах. Тады небяспечным быў чорны. Але ўсе насілі яго, нават маленькія дзяўчынкі. Нават лялькі выпускаліся ў сукенках чорнага колеру.
Дарэчы, крыналін тут таксама не толькі пра даніну модзе. Жанчыны былі паўнавартаснымі ўдзельніцамі паўстання: яны маглі быць сувязісткамі, пастаўшчыцамі зброі, прадуктаў і гэтак далей. І ўсё гэта зручна было хаваць пад спадніцай.
Традыцыйны маладзечанскі строй
— Маладзечанскі — гэта мой улюбёны традыцыйны строй на сённяшні момант. Я нарадзілася ў Мінску і большую частку жыцця пражыла там, але мая бабуля паходзіць з-пад Маладзечна. Яна нарадзілася яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.
Ад бабулі мне застаўся толькі кавалак яе кашулі — пярэдняя частка. Захаваўшы памеры і форму вышыўкі, я зрабіла яе рэканструкцыю.
І потым дапасавала ўсе іншыя элементы: каптур (такі галаўны ўбор з вушкамі), багата аздоблены гарсэт, пашыты па тагачаснай модзе, спадніцу і фартух.
Звычайна, калі людзі кажуць пра беларускі традыцыйны строй, то ўяўляюць нешта ў бела-чырвона-чорных колерах. Нешта, як пашыты мной калінкавіцкі строй — там усё багатае, у мяне на яго пайшоў год працы. Такое адзенне робіць з жанчыны нешта статуарнае, маштабнае.
Тут жа — Панямонне. Больш стрыманыя, шляхетныя колеры: белы, сіні, пясчаны, тэракотавы, блакітны.
«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць
Топ небанальных падарункаў на любую нагоду ад беларускіх майстроў
Як камбінаваць рэчы з нацыянальнымі матывамі з сучаснымі? Ідэі ад модных беларусак і беларусаў
Прылады з беларускага Паазер'я — найстаражытнейшыя ва Усходняй Еўропе сведчанні апрацоўкі воўны
Каментары
Нічога дзіўнага .
Хутка за гук " гэ " будзем атрымоўваць
" суткі " за суткамі .