Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне
«У Еўропе шмат кажуць пра падтрымку Беларусі, але ўсё ў асноўным на словах. Калі стаіць пытанне ці дапамагчы Беларусі і пасварыцца з Расіяй, дык, канешне, ніхто не хоча сварыцца з Расіяй», — разважае пісьменнік Саша Філіпенка. Падчас фестывалю «Прадмова» ў Вільні ён расказаў таксама, як на яго хацелі падаць у суд за кнігу «Крэмулятар», і патлумачыў, чаму не плануе пакуль пісаць на беларускай (але ўсе яго кнігі будуць выдадзены і па-беларуску).
Як праходзіць працоўны дзень
«У мяне няма працоўнага дня, бо, мне падаецца, пісьменнік піша 24 на 7. Ты ўвесь час пішаш, — дзеліцца Філіпенка. — Не бывае такога, што ты сядаеш і пачынаеш пісаць кніжку — гэта ўжо нейкі апошні этап. А так ты ўвесь час ходзіш, разважаеш, нешта запісваеш. Я пішу ад рукі, на камп'ютары, запісваю аўдыя.
Людзі, якія жывуць з пісьменнікамі, — героі. Бо ты жывеш у нейкай сваёй рэальнасці, а людзям, якія побач, цяжка. Я зразумеў гэта на прыкладзе свайго сына. Калі ты пішаш пра 30-я гады, пра ўсе жахі, якія адбываліся, — ты знаходзішся ў гэтым фізічна. То-бок ты нібыта жывеш у гэтым часе, а насамрэч жывеш вось там».
Чаму пасля «Крэмулятара» не збіраўся больш пісаць
Саша Філіпенка расказаў, што калі скончыў «Крэмулятар» (гэта 2022 год), то быў упэўнены, што больш ніколі не будзе пісаць.
«Бо ты адчуваеш, што ты вельмі пусты, што больш нічога не можаш. Калі пачаліся пратэсты ў Беларусі, потым вайна ва Украіне, ты пачынаеш разважаць, навошта ўвогуле патрэбна літаратура, што яна можа змяніць. Псіхааналітыка дапамагае».
Галоўны герой «Крэмулятара» — чалавек, які рэальна існаваў, Пётр Ільіч Несцярэнка, былы ваенны лётчык, белы афіцэр. Ён збег за мяжу пасля рэвалюцыі ў Расіі, але ў выніку ўсё ж вырашыў вярнуцца ў СССР, дзе стаў дырэктарам маскоўскага крэматорыя. Каб напісаць кнігу, Саша Філіпенка шмат працаваў з архіўнымі дакументамі — у прыватнасці з матэрыяламі допытаў Несцярэнкі. Лёс мужчыны скончыўся прадказальна трагічна: яго арыштавалі за здраду радзіме, а потым расстралялі.
У Пятра Несцярэнкі былі жонка і дзеці.
Як унучка галоўнага героя кнігі збіралася падаць у суд на Філіпенку
Унучка галоўнага героя «Крэмулятара», якая цяпер жыве ў Германіі, пагражала пісьменніку судом.
«Гісторыя пачалася, калі я ўзяўся пісаць гэту кніжку. Я напісаў унучцы галоўнага героя ліст: «Вось, я буду пісаць пра вашага дзядулю. Можа, у вас засталіся нейкія сямейныя здымкі, ці хаця б нейкія сямейныя ўспаміны? Можа, вы б маглі дапамагчы?» Яна адмовілася дапамагаць. Сказала, што ў яе няма ніякай зацікаўленасці ў тым, каб выйшла кніжка пра дзядулю. Я падумаў: «Ну акей, прачытаеш тады».
У адзін вечар яна пачала дасылаць мне шмат лістоў. Спачатку напісала: «Я не буду ніколі чытаць гэтую кніжку». Потым праз тры гадзіны: «Я пачала чытаць, але гэта ражно і я не буду дачытваць». Яшчэ праз тры гадзіны яна піша: «Я прачытала, гэта найгоршая кніжка ў свеце. Адзінае, што добра — ты не знакаміты пісьменнік і ніхто яе не прачытае». Яшчэ праз тры гадзіны: «Я пачала пісаць усім выдаўцам, што трэба забараніць кніжку. Я пайду ў суд».
Кніжка не будзе выдадзена ў Нямеччыне, дзе яна павінна была выйсці. Гэтая ўнучка жыве ў Нямеччыне. Я ўвесь час, калі ў мяне выступы ў той краіне, чакаю, што ўстане жанчына з пісталетам».
У суд унучка Несцярэнкі так і не пайшла.
Ці плануе пісаць кнігі на беларускай мове?
Саша Філіпенка адказаў, што пісаць па-беларуску пакуль не плануе.
«Таму што я не адчуваю ў сабе моцы, каб добра пісаць на ёй (першапачаткова цытата была пачута няправільна і перададзена некарэктна, прыносім выбачэнні пісьменніку і чытачам. — НН). Мне вельмі не падабаецца, як некаторыя беларускія аўтары пішуць на рускай мове, потым адносяць кніжкі на пераклад — і робяць выгляд, што іх не перакладалі, што яны адразу пісалі на беларускай. Мне падаецца, што какецтва і літаратура не могуць існаваць побач.
Я разумею, што калі я пішу нават нейкія эсэ на беларускай ці калі размаўляю, ёсць нейкі стоп, калі я пачынаю думаць пра слова, якое мне патрэбна адшукаць цяпер. Гэта не тая мова, якой я дасканала валодаю і адчуваю моц. Ёсць перакладчыкі, якія добра робяць сваю працу. Я не ведаю, што будзе праз некалькі гадоў, але зараз — не».
Пры гэтым пісьменнік паабяцаў, што ўсе яго кніжкі будуць перакладзены на беларускую. «Былы сын» і «Крэмулятар» ужо ёсць на беларускай мове, прыкладна праз месяц з'явіцца «Чырвоны крыж». Каб дапамагчы выдаўцам, наступную кніжку Філіпенка спачатку выдасць на беларускай мове і толькі потым на рускай.
Як запрашаў «Чырвоны крыж» у беларускія турмы
Кніжку Сашы Філіпенкі «Чырвоны крыж» некалі прачытала прэзідэнтка Швейцарыі і пасля падарыла яе Пэтэру Маўрару, прэзідэнту Міжнароднага Чырвонага Крыжа.
«Гэта быў 2020 год, мне падаецца, кастрычнік, і ён запрасіў мяне на размову — прапанаваў пагутарыць пра літаратуру. Я сказаў, што мне не цікава з ім гутарыць пра літаратуру: «Давайце вы будзеце ўваходзіць у беларускія турмы і пабачыце, што адбываецца ў нас за кратамі». Ён адказаў: «Мы не можам гэтага зрабіць, бо ў нас няма мандатаў, каб увайсці ў беларускія турмы». Я кажу: «Так, у вас няма мандатаў, але вы заходзілі ў фавэлы, вы рабілі гэта ў Бразіліі. І вы можаце гэта зрабіць у Беларусі, калі ў вас будзе такая воля». І ён адразу страціў усю цікавасць да мяне, яму стала нецікава са мной размаўляць».
На адной з сустрэч у Жэневе Філіпенка быў разам са Святланай Ціханоўскай.
«Яна была нібыта добрым паліцэйскім, а я — гарадскім вар'ятам. Мы размаўлялі з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, і было бачна, што ім увогуле не цікава, што робіць Беларускі Чырвоны Крыж. І толькі калі БЧК пачаў нелегальна вывозіць украінскіх дзяцей, нешта пачалі рабіць».
«Пры перамозе Украіны Беларусь можа стаць падарункам для Расіі»
Філіпенка не можа назваць сябе аптымістам, калі размова заходзіць пра палітычную сітуацыю.
«Мне падаецца, што мы ў вельмі цяжкім становішчы — як і ўсю сваю гісторыю. Цяпер цяжка чакаць выратавання.
Мне падаецца, што пры перамозе Украіны Беларусь можа стаць гэтакім падарункам для Расіі: «Вось, паколькі вы прайгралі вайну, забірайце хаця б Беларусь — і памаўчыце». Калі Расія пераможа ў гэтай вайне, Беларусь таксама ёй аддадуць. Таму, як бы ні скончылася вайна ва Украіне, нам будзе дрэнна.
Пытанне «Адкуль можа прыйсці дапамога?» я не вельмі разумею, бо ў Еўропе шмат кажуць пра падтрымку Беларусі, але ўсё ў асноўным на словах.
Калі стаіць пытанне ці дапамагчы Беларусі і пасварыцца з Расіяй, дык, канешне, ніхто не хоча сварыцца з Расіяй.
У гэтым сэнсе дапамагчы сабе мы можам толькі самі. І гэта не самае простае пытанне — як мы можам самі сабе дапамагчы».
Пісьменнік Саша Філіпенка расказаў, у чым роля беларускай культуры ў эміграцыі
Саша Філіпенка расказаў, як выставіў свае ўзнагароды на аўкцыён для дапамогі расейцам, якія супраць вайны, і што з імі стала
«Паверыў прапагандзе і палічыў, што я здраднік». Саша Філіпенка расказаў, што на яго напісаў данос ягоны ж дзед
Каментары
Судзіцца пра абразу пачуццяў можна, але аўтар можа абараніць сябе, калі ён прытрымліваецца фактаў, а свае версіі і меркаванні падае менавіта як версіі і меркаванні, не як факты.